Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Яна паспрабавала пераканаць сябе ў адваротным, унутрана смеючыся са свайго страху. Гэта ж было ўсяго толькі трох-чатырохгадовае дзіця. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні, ёй не ўдалося абрэзаць яму пазногці. А што, як ён, калі яна засне, надумаецца напасці на яе, пусціць у ход зубы і пазногці…
У яе перацяло дыханне. Як дзіўна… Яна пакутліва напружыла слых, і на гэты раз ёй удалося пачуць нейкі гук. Хлопчык плакаў.
Не крычаў ад страху ці злосці, не выў і не скавытаў, а менавіта ціха плакаў, як прыбітае горам, вельмі няшчаснае адзінокае дзіця.
«Нябога», — падумала міс Фэлоўз, і ўпершыню пасля сустрэчы з ім сэрца яе працяў востры жаль.
Гэта ж дзіця, дык якое ж, па сутнасці, значэнне мае форма яго галавы. І гэта не проста дзіця, а дзіця, якое асірацела як ніводнае дзіця за ўсю гісторыю чалавецтва. Тысячы гадоў таму назад не толькі памерлі яго бацькі, але незваротна знікла ўсё, што некалі было яго светам. Груба выхаплены з таго даўняга часу, ён быў цяпер адзінаю ва ўсім свеце істотаю такога роду. Апошняю і адзінаю.
Яна адчула, як яе ўсё больш напаўняе глыбокая спагада і сорам за сваю бессардэчнасць. Старанна паправіўшы начную сарочку так, каб яна па мажлівасці лепш прыкрыла ёй ногі (ловячы адначасна сябе на зусім недарэчнай думцы пра тое, што заўтра ж трэба прынесці сюды халат), яна ўстала з пасцелі і пайшла ў суседні пакой.
— Хлопчык мой, хлопчык! — шэптам паклікала яна.
Яна была ўжо наважылася сунуць руку пад ложак, але, сцяміўшы, што ён можа ўкусіць яе, вырашыла гэтага не рабіць. Яна запаліла начнік і адсунула ложак.
Няшчаснае дзіця, прытуліўшы калені да падбародка, скруцілася камячком у кутку, гледзячы на яе заплаканымі, поўнымі страху вачыма.
У змроку яго знешнасць здалася ёй менш агіднай.
— Ах ты, бядак, бядак, — сказала яна, асцярожна гладзячы яго па галаве, адчуваючы, як імгненна напружылася, а потым паступова расслабілася яго цела. — Бедны хлапчук. Можна мне пабыць з табою?
Яна села побач з ім на падлогу і пачала паволі і рытмічна гладзіць яго валасы, шчаку, руку, ціха спяваючы пяшчотную песеньку.
Пачуўшы яе спеў, дзіця падняло галаву, спрабуючы разгледзець пры слабым святле начніка яе вусны, як бы зацікавіўшыся гэтым зусім новым для яго гукам.
Скарыстаўшы гэта, яна падцягнула яго бліжэй, і пяшчотным, але рашучым рухам ёй удалося паступова наблізіць яго галаву да свайго пляча. Яна прасунула руку пад яго ногі і не спяшаючыся, плаўна падняла яго сабе на калені. Зноў і зноў паўтараючы ўсё той жа адзін нескладаны куплет і не выпускаючы дзіця з рук, яна паволі гайдалася ўзад і ўперад, люляючы яго. Яна паступова супакоілася, і неўзабаве па яго роўным дыханні яна зразумела, што дзіця заснула.
Вельмі асцярожна, стараючыся не нарабіць шуму, яна падсунула на месца ложак і палажыла на яго дзіця. Накрыўшы соннага, яна паглядзела на яго. У сне ягоны твар здаваўся такім мірным, такім дзіцячым, што і сапраўды яго пачварнасць неяк менш кідалася ў вочы.
Ужо ідучы на дыбачках да дзвярэй, яна раптам падумала: «А што, калі ён раптам прачнецца?» — і пайшла назад.
Пераадолеўшы ўнутранае супраціўленне і авалодаўшы сваімі супярэчлівымі пачуццямі, яна ўздыхнула і паволі апусцілася на ложак побач з дзіцем.
Ложак ёй быў надта малы, і ёй давялося скурчыцца, каб неяк улегчыся на ім. Апрача таго, яна не магла пазбавіцца ад пачуцця няёмкасці, прычынаю якое была адсутнасць над ложкам тэнта. Але рука дзіцяці нясмела каўзанулася ў яе далонь, і праз нейкі час ёй усё-такі ўдалося задрамаць.
Яна прачнулася як ад раптоўнага штуршка і з цяжкасцю стрымала крык жаху, які ледзь не сарваўся з яе вуснаў. Хлопчык глядзеў шырока расплюшчанымі вачымі ёй проста ў вочы, і ёй спатрэбілася даволі шмат часу, каб успомніць, як яна апынулася тут, на ягоным ложку. Паволі, не адводзячы ад яго позірку, яна спусціла на падлогу спачатку адну, потым другую нагу.
Кінуўшы імклівы спалоханы позірк угору, яна напружыла мускулы на апошні рашучы рывок, намагаючыся ўстаць з ложка.
Але ў той жа момант хлопчык выцягнуў руку, дакрануўся да яе вуснаў сваімі падобнымі на цурбалкі пальцамі і штосьці сказаў.
Гэты дотык прымусіў яе адхіснуцца. Пры дзённым святле ён быў невыносна агідны.
Хлопчык зноў паўтарыў нейкую фразу, а потым, раскрыўшы шырокі рот, рухам рукі спрабаваў паказаць, быццам штосьці выліваецца ў яго з рота.
Міс Фэлоўз задумалася, спрабуючы адгадаць значэнне гэтага жэста, і раптам усхвалявана ўсклікнула: