Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Хадземце ж сюды, міс Фэлоўз! — нецярпліва выгукнуў Хоскінс і павабіў яе пальцам.
Міс Фэлоўз кіўнула і нязграбна пераступіла парог. Усё яе цела скаланулі дрыжыкі, але, як толькі яна апынулася ў доме, адчуванне гэтае знікла. У доме пахла свежым дрэвам і вільготнаю глебай.
Цяпер тут было ціха, ва ўсякім выпадку, не чуваць было голасу дзіцяці, але затое аднекуль чуўся шоргат ног і шолах, нібы хтосьці мацаў дрэва. Потым пачуўся стогн.
— Дзе ж ён? — з адчаем усклікнула міс Фэлоўз. Няўжо гэтым дурням не рупіць, што там адбываецца?
Хлопчык быў у спальні, ці, дакладней, у пакоі, дзе стаяў ложак.
Ён быў зусім голы, і яго запэцканыя граззю грудзі хадзілі хадуном. Ахапак змяшанай з граззю шорсткай травы рассыпаўся па падлозе каля яго босых рудых ног. Ад гэтае травы ішоў пах зямлі, змешаны з нейкім смуродам.
Хоскінс убачыў відавочны жах у яе вачах і злосна сказаў:
— Не было ніякай мажлівасці, міс Фэлоўз, выцягнуць хлопчыка чыстым з такой глыбіні стагоддзяў. Мы вымушаны былі захапіць дзеля яго бяспекі сёе-тое з таго, што было каля яго. Можа, вы палічылі б за лепшае, каб ён з'явіўся сюды без нагі альбо часткі чэрапа?
— Прашу вас, не трэба! — усклікнула міс Фэлоўз у знямозе. — Чаму мы бяздзейнічаем? Беднае дзіця спужалася. І яно бруднае!
І сапраўды. На хлопчыкавым целе засох бруд і нейкі тлушч, а ўсё сцягно перасякала чырвоная драпіна.
Калі Хоскінс наблізіўся да хлопчыка, якому на выгляд было не больш чым тры гады, той нізка нагнуўся і хуценька адскочыў назад. Яго верхняя вусна адтапырылася, і з яго вырваўся нейкі дзіўны гук — нешта сярэдняе паміж бурчаннем і кашачым шыпеннем.
Хоскінс імклівым рухам схапіў за руку дзіця, якое адчайна крычала і выкручвалася, і адарваў яго ад падлогі.
— Трымайце яго так, — сказала міс Фэлоўз. — Перш за ўсё яму неабходна цёплая ванна. Яго трэба як след адмыць. У вас ёсць тут усё неабходнае? Калі ёсць, то папрасіце прынесці рэчы сюды і хоць бы напачатку дапамажыце мне з ім справіцца. Апрача таго, дзеля ўсяго святога, дайце загад, каб прыбралі ўвесь гэты бруд і смецце.
Цяпер прыйшла яе пара аддаваць загады, і адчувала яна сябе ў новай ролі цудоўна. А паколькі разгубленая назіральніца саступіла месца вопытнай медыцынскай сястры, яна зірнула на дзіця ўжо другімі вачыма, з пункту гледжання прафесіянала, і на нейкі міг замерла ад збянтэжанасці. Бруд, яго лямант, яго цела, якое выкручвалася ў марнай барацьбе, — усё гэта кудысьці адступіла. Яна разгледзела само дзіця.
Гэта быў сама выродлівы хлапчук з усіх, якіх ёй даводзілася калі-небудзь бачыць. Ён увесь быў неверагодна пачварны — ад страхалюднай галавы да выгнутых колам ног.
З дапамогаю трох мужчын ёй удалося выкупаць хлопчыка.
Астатнія ў гэты час спрабавалі прыбраць памяшканне. Яна працавала моўчкі, з пачуццём знявагі, раздражнёная крыкамі і супраціўленнем.
Доктар Хоскінс намякаў ёй, што дзіця будзе непрыгожае, але хто ж мог падумаць, што яно акажацца такое пачварнае. І ні мыла, ні вада не маглі да канца перабіць агідны пах, што ішоў ад яго і толькі паступова пачаў крыху слабець.
Ёй раптам невыносна захацелася шпурнуць намыленага хлопчыка Хоскінсу на рукі і пайсці, але яе ўтрымлівала прафесійная гордасць. У рэшце рэшт яна ж сама згадзілася на гэтую работу… Апрача таго, яна ўявіла, якімі вачыма гляне на яе доктар Хоскінс, уявіла яго халодны позірк, у якім яна прачытае непазбежнае пытанне: «Значыць, вы ўсё-такі любіце толькі прыгожых дзяцей, міс Фэлоўз?»
Доктар Хоскінс стаяў крыху воддаль і з халоднай усмешкаю назіраў за ёй. Калі яна сустрэлася з ім позіркам, ёй здалося, што пачуццё абражанай годнасці, якое гарэла ў яе душы, яго проста забаўляе.
Яна тут жа вырашыла, што крыху пачакае з адыходам. Цяпер гэта толькі зняважыла б яе.
Калі скура ў дзіцяці набыла нарэшце ніштаватае ружовае адценне і запахла духмяным мылам, яна, нягледзячы на ўсе перажыванні, адчула сябе лепш. Крычаць хлопчык ужо не мог, ён толькі стомлена скуголіў, а яго перапуджаны, насцярожаны позірк перабягаў з аднаго твару на другі, не выпускаючы з-пад увагі нікога ў пакоі. Тое, што ён быў цяпер чысты, толькі падкрэслівала худзізну яго голага цела, якое пасля ванны дрыжэла ад холадў.
— Дайце ж, нарэшце, начную сарочку дзіцяці! — рэзка сказала міс Фэлоўз.
У той жа міг аднекуль з'явілася начная сарочка. Здавалася, што ўсё было падрыхтавана загадзя, аднак ніхто не сыходзіў з месца да яе загаду, нібы знарок пакідаючы за ёй права распараджацца і тым самым выпрабоўваць яе.