Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Замежная фантастыка
Замежная фантастыка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Замежная фантастыка

Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:

У зборніку публікуюцца творы сучасных пісьменнікаў-фантастаў розных краін у жанры мастацкага апавядання і раман П'ера Буля «Планета малпаў».
1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 150
Перейти на страницу:

— Я падтрымаю яго, міс, — падышоўшы да яе, сказаў Дэвенэй. — Адна вы не справіцеся.

— Дзякую вам.

Пакуль ім удалося надзець на дзіця сарочку, яны вытрымалі сапраўдную бітву, а калі хлопчык паспрабаваў садраць яе, міс Фэлоўз моцна стукнула яго па руцэ.

Дзіця пачырванела, але не заплакала. Яно ўтаропілася на яе, мацаючы няўклюднымі пальцамі фланель сарочкі, нібы даследавала гэты невядомы яму прадмет.

«А цяпер што?» — з адчаем падумала міс Фэлоўз.

Усе яны, нават выродлівы хлопчык, замерлі, як бы чакаючы, што яна будзе рабіць далей.

— Вы паклапаціліся пра ежу, пра малако? — рашуча спыталася міс Фэлоўз.

Яны прадугледзелі і гэта. У пакой укацілі спецыяльны перасоўны агрэгат, які складаўся з халадзільнага аддзялення, у якім стаялі тры кварты малака, і награвальнага прыстасавання; у ім мелася таксама вялікая колькасць стымулюючых сродкаў: вітамінізаваныя кроплі, медна-кобальтава-жалезісты сіроп і шмат іншых прэпаратаў, разгледзець якія яна не паспела. Апрача таго, там быў набор дзіцячага харчу пастаяннай цеплыні.

Напачатак яна ўзяла адно толькі малако. Электронная ўстаноўка за нейкія дзесяць секунд сагрэла яго да неабходнай тэмпературы і аўтаматычна выключылася. Яна наліла крыху малака ў сподачак, не сумняваючыся ў тым, што ўзровень дзіцяці вельмі нізкі і яно не ўмее карыстацца кубкам.

Міс Фэлоўз кіўнула хлопчыку і сказала:

— Пі, ну пі. — Яна жэстам паказала яму, як паднесці сподачак да рота. Вочы дзіцяці сачылі за яе рухамі, але яно не зварухнулася.

Раптам яна наважылася. Схапіўшы хлопчыка за руку вышэй локця, яна апусціла сваю свабодную руку ў малако і правяла ёю хлопчыку па вуснах — кроплі малака пацяклі па яго шчоках і падбародку.

Ён адчайна залямантаваў, але раптам змоўк і пачаў аблізваць свае вільготныя вусны. Міс Фэлоўз адступіла назад.

Хлопчык наблізіўся да сподачка, нахіліўся да яго і, хутка азірнуўшыся па баках, нібы выглядаючы стоенага ворага, зноў нагнуўся да малака і пачаў яго прагна хлябтаць, як кошка. Ён нават і не спрабаваў прыпадняць сподак, а з грудзей яго вырываліся нейкія няпэўныя гукі.

Міс Фэлоўз, гледзячы на ўсё гэта, не магла да канца скрыць свае пачуцці, якія адбіліся, відаць, у яе на твары, таму што Дэвенэй, зірнуўшы на яе, сказаў:

— Доктар Хоскінс, а сястра ў курсе таго, што адбываецца?

— У курсе чаго? — пацікавілася міс Фэлоўз.

Дэвенэй завагаўся, але Хоскінс, па выразе твару якога можна было западозрыць, што ўсё гэта ў глыбіні душы яго забаўляла, сказаў:

— Ну што ж, можаце ёй сказаць.

— Вы, відаць, нават не здагадваецеся, — звярнуўся Дэвенэй да міс Фэлоўз, — што выпадкова менавіта вы — першая ў гісторыі цывілізаваная жанчына, якой давялося даглядаць дзіця-неандэртальца.

Стрымліваючы гнеў, міс Фэлоўз павярнулася да Хоскінса.

— Вы маглі мяне папярэдзіць загадзя, доктар?

— А навошта? Якая вам розніца?

— Гаворка ж ішла пра дзіця?

— А хіба гэта не дзіця? У вас калі-небудзь былі шчанюк ці кацяня, міс Фэлоўз? Хіба ў іх больш чалавечага? А калі б гэта было дзіцянё шымпанзэ, вы адчулі б агіду да яго? Вы медыцынская сястра, міс Фэлоўз. Мяркуючы па вашых дакументах, вы працавалі тры гады ў радзільным аддзяленні. Вы калі-небудзь адмаўляліся даглядаць дзіця-вырадка?

— Вы ўсё-такі маглі б сказаць мне гэта раней, — ужо менш рашуча сказала яна.

— Каб вы своечасова маглі адмовіцца ад гэтай работы? Ці не выходзіць, што вы хочаце зрабіць гэта цяпер?

Ён холадна паглядзеў ёй у вочы. З другога канца пакоя за імі назіраў Дэвенэй, а маленькі неандэрталец, выпіўшы малако і вылізаўшы начыста сподак, падняў да яе свой мокры твар з шырока расплюшчанымі вачыма, у якіх была нейкая просьба.

Хлопчык жэстам паказаў на малако, і раптам пакой напоўнілі бесперапынныя адны і тыя ж адрывістыя гартанныя гукі ўперамежку з адмысловым прыцмокваннем языком.

— А ён жа гаворыць! — здзіўленна ўсклікнула міс Фэлоўз.

— Вядома, — сказаў Хоскінс. — Homo neanderthalis сапраўды з'яўляецца не асобным відам, а хутчэй разнавіднасцю Homo sapiens. Дык чаму б яму не ўмець гаварыць? Зусім магчыма, што ён просіць яшчэ малака.

Міс Фэлоўз машынальна пацягнулася да бутэлькі, але Хоскінс схапіў яе за руку.

— А цяпер, міс Фэлоўз, перш чым вы зробіце яшчэ хоць адзін крок, вы павінны сказаць, застаяцеся вы ці не.

Міс Фэлоўз са злосцю вызваліла руку.

— А калі я пайду, вы што, не будзеце тады карміць яго? Я пабуду з ім… пэўны час.

Яна наліла дзіцяці малака.

— Мы маем намер пакінуць вас тут з хлопчыкам, міс Фэлоўз, — сказаў Хоскінс. — Гэта адзіны ўваход у Першую Секцыю Стасіса. Дзверы абавязкова замыкаюцца і ахоўваюцца звонку. Я хацеў бы, каб вы азнаёміліся з сістэмай замка, які будзе, вядома, адпаведна настроены на адбіткі вашых пальцаў, як ён настроены на адбіткі маіх. Тэрыторыя ўгары (ён узняў позірк туды, дзе павінна была быць столь у гэтым лялечным доміку) ахоўваецца таксама, і мы будзем папярэджаны ў любым выпадку, калі тут здарыцца нешта незвычайнае.

1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)