Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Замежная фантастыка
Замежная фантастыка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Замежная фантастыка

Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:

У зборніку публікуюцца творы сучасных пісьменнікаў-фантастаў розных краін у жанры мастацкага апавядання і раман П'ера Буля «Планета малпаў».
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 150
Перейти на страницу:

— Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі, доктар Хоскінс, — адказала міс Фэлоўз, — і здараецца, што менавіта непрыгожыя дзеці больш за іншых маюць патрэбу ў падтрымцы.

— Дапусцім, што мы возьмем вас…

— Вы хочаце сказаць, што згодны наняць мяне?

На яго шырокім твары мільганула ўсмешка, надаўшы яму на нейкае імгненне дзіўную прывабнасць.

— Я хутка прымаю рашэнні, — сказаў ён. — Пакуль што я нічога не прапаноўваю вам, і можа стацца, што адпушчу вас ні з чым. А самі вы гатовы прыняць маю прапанову?

Сціснуўшы рукамі сумачку, міс Фэлоўз з усёй хуткасцю, на якую яна была здольная, стала падлічваць моўчкі тыя выгоды, якія абяцала ёй новая работа, але, падпарадкоўваючыся раптоўнаму імпульсу, адкінула раптам усе разлікі.

— Так.

— Цудоўна. Сёння вечарам мы збіраемся пусціць Стасіс у ход, і я думаю, што вам неабходна прысутнічаць пры гэтым, каб адразу ж прыступіць да сваіх абавязкаў. Гэта адбудзецца ў восем гадзін вечара, і я спадзяюся, што ўбачу вас тут у сем трыццаць.

— Але, што…

— Добра, добра. Пакуль усё…

Па сігналу ўвайшла сакратарка і, усміхаючыся, правяла яе з кабінета.

Выйшаўшы, міс Фэлоўз нейкі час моўчкі глядзела на зачыненыя дзверы, за якімі застаўся містэр Хоскінс. Што такое Стасіс? Якія адносіны да дзяцей мае гэты вялізны, падобны на адрыну, будынак, служачыя з незразумелымі значкамі на адзенні, доўгія калідоры і тая характэрная атмасфера менавіта тэхнічнага прадпрыемства, якую ні з чым нельга зблытаць?

Яна пыталася ў сябе, ці варта вяртацца сюды вечарам, ці не лепш не прыходзіць зусім і тым самым правучыць гэтага чалавека за яго пагардлівую паблажлівасць. Але ў той самы час яна не сумнявалася, што вернецца, хоць бы толькі з незадаволенай цікаўнасці. Яна павінна высветліць, пры чым жа тут усё-такі дзеці.

Калі роўна а палове восьмай яна зноў прыйшла, то адразу звярнула ўвагу на тое, што ёй не спатрэбілася нічога пра сябе паведамляць. Усе, хто трапляўся ёй на дарозе, як мужчыны, так і жанчыны, здавалася, вельмі добра ведалі не толькі тое, хто яна, але і характар яе будучай работы. Яе адразу правялі ў будынак.

Яна ўбачыла доктара Хоскінса, але той, мелькам зірнуўшы на яе і невыразна назваўшы яе імя, нават не запрасіў яе сесці. Яна сама спакойна падсунула да парэнчаў крэсла і села.

Яны былі на балконе, з якога адкрываўся від на вялізную шахту, запоўненую нейкімі прыборамі, падобнымі на штосьці сярэдняе паміж пультам кіравання касмічнага карабля і кантрольнай панеллю электроннай лічыльнай машыны.

У другой частцы шахты ўзвышаліся перагародкі, якія служылі сценамі для кватэры без столі. Гэта быў як бы гіганцкі лялечны домік, унутранае абсталяванне якога праглядвалася як на далоні з таго месца, дзе сядзела міс Фэлоўз.

Яна выразна бачыла ў адным з пакояў электронную пліту і халадзільную ўстаноўку, а ў другім — абсталяванне ваннай. А прадмет, які ёй удалося разгледзець у трэцім пакоі, мог быць толькі часткаю ложка, маленькага ложка…

Хоскінс размаўляў з нейкім мужчынам. Хоскінс іх не пазнаёміў, і міс Фэлоўз нічога не заставалася, як спадцішка назіраць за ім. Гэта быў худы мужчына сярэдніх гадоў, даволі прыемнай знешнасці, у яго былі маленькія вусікі і жывыя вочы, якія, здавалася, усё бачаць.

— Я зусім не збіраюся, доктар Хоскінс, рабіць выгляд, што мне ўсё гэта зразумела, — гаварыў ён. — Я хачу сказаць, што разумею сёе-тое ў тых межах, якія даступны дастаткова інтэлігентнаму неспецыялісту. Але, нават улічваючы межы маёй кампетэнцыі, я хачу заўважыць, што адзін бок праблемы мне менш зразумелы, чым другі. Я маю на ўвазе выбарачнасць. Вы здольны прайсці вельмі далёка, дапусцім, гэта можна, зразумець. Чым далей вы рухаецеся, тым больш туманныя, расплывістыя робяцца аб'екты, а гэта патрабуе вялікай затраты энергіі. Добра. Але ў той жа час вы не можаце дасягнуць больш блізкага аб'екта. Вось гэта і ёсць загадка для мяне.

— Калі вы дазволіце мне скарыстаць аналогію, Дэвенэй, я паспрабую паказаць вам праблему ў такім святле, каб яна здавалася менш парадаксальнай.

Імя незнаёмага, якое прамільгнула ў размове, міжволі зрабіла на міс Фэлоўз уражанне, яна адразу здагадалася, хто ён. Гэта, відаць, быў сам Кандзід Дэвенэй, які пісаў для тэлевізійных навін нарысы на навуковыя тэмы, той Кандзід Дэвенэй, асабістай прысутнасцю якога былі адзначаны ўсе сама буйныя падзеі ў навуковым свеце. Цяпер ягоны твар здаўся ёй знаёмым. Вядома ж, гэта менавіта яго яна бачыла на экране, калі аб'явілі пра пасадку касмічнага карабля на Марс. А калі гэта сапраўды той самы Дэвенэй, то гэта магло азначаць толькі тое, што доктар Хоскінс збіраецца зараз прадэманстраваць нешта вельмі важнае.

1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)