Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Калі вы лічыце, што гэта дапаможа, то чаму б вам і не выкарыстаць аналогію? — спытаўся Дэвенэй.
— Ну, добра. Значыць, так: вы, безумоўна, ведаеце, што вы не зможаце чытаць кнігу з шрыфтам звычайнага кегля, калі кніга гэтая ад вас на адлегласці ў шэсць футаў, але гэта адразу робіцца мажлівым, як толькі адлегласць паміж вашымі вачыма і кнігаю скароціцца да фута. Як вы бачыце, у дадзеным выпадку пакуль што дзейнічае правіла — чым бліжэй, тым лепш. Але калі вы наблізіце кнігу настолькі, што паміж ёю і вашымі вачыма застанецца ўсяго адзін толькі дзюйм, вы зноў страціце здольнасць чытаць яе. Адсюль вам павінна быць зразумела, што існуе такая перашкода, як вельмі вялікая блізкасць.
— Хм, — хмыкнуў Дэвенэй.
— А вось вам другі прыклад. Адлегласць ад вашага правага пляча да кончыка ўказальнага пальца правай рукі складае прыкладна трыццаць дзюймаў, і вы можаце свабодна дакрануцца гэтым пальцам да правага пляча. Адлегласць жа ад вашага правага локця да кончыка ўказальнага пальца той жа рукі напалову меншая, і калі кіравацца сама простай логікай, то выходзіць, што дакрануцца правым указальным пальцам да правага локця лягчэй, чым да правага пляча, аднак жа зрабіць вы гэтага не можаце. І зноў перашкаджае тая ж занадта вялікая блізкасць.
— Вы дазволіце скарыстаць гэтыя аналогіі ў маім паведамленні? — спытаў Дэвенэй.
— Калі ласка. Я буду толькі рады, я ж даволі доўга чакаў каго-небудзь накшталт вас, хто напісаў бы пра нашу работу. Я дам вам усе неабходныя звесткі. Нарэшце-такі прыйшоў час, калі мы можам дазволіць усяму свету зазірнуць цераз наша плячо. І свет сёе-тое ўбачыць.
Міс Фэлоўз злавіла сябе на тым, што насуперак свайму жаданню захапляецца яго спакоем і ўпэўненасцю. У ім адчувалася вялізная сіла.
— Якая мяжа вашых мажлівасцей? — спытаўся Дэвенэй.
— Сорак тысяч гадоў.
У міс Фэлоўз заняло дыханне.
— Гадоў?!
Здавалася, само паветра застыла ў напружанні. Людзі каля пультаў кіравання амаль не рухаліся. Хтосьці аднастайна кідаў у мікрафон кароткія фразы, сэнсу якіх міс Фэлоўз не магла ўлавіць.
Перагнуўшыся цераз парэнчы балкона, Дэвенэй уважліва ўзіраўся ў тое, што адбывалася ўнізе.
— Мы ўбачым што-небудзь, доктар Хоскінс? — спытаўся ён.
— Што вы сказалі? Не, мы нічога не ўбачым, пакуль усё не здзейсніцца. Мы выяўляем прадмет толькі ўскосна, як бы па прынцыпе радарнай устаноўкі з той розніцай, што замест электрамагнітных хваль мы аддаём перавагу мезонам. Пры адпаведных умовах мезоны вяртаюцца, прычым пэўная частка з іх адбіваецца ад якіх-небудзь аб'ектаў, і наша задача заключаецца ў даследаванні характару гэтых адбіткаў.
— Мусіць, гэта даволі цяжкая задача.
На твары ў Хоскінса прамілынула яго звычайная ўсмешка.
— Перад вамі вынік пяцідзесяці гадоў настойлівых пошукаў. Асабіста я заняўся гэтай праблемай дзесяць гадоў таму назад. Так, усё гэта сапраўды вельмі нялёгкае.
Чалавек каля мікрафона падняў руку.
— Ужо некалькі тыдняў мы фіксуем адзін пэўны момант, аддалены ад нас у часе. Папярэдне разлічыўшы свае перамяшчэнні ў часе, мы то спыняем дослед, то ўзнаўляем яго, яшчэ і яшчэ раз правяраючы нашу здольнасць з дастатковай дакладнасцю арыентавацца ў часе. Цяпер гэта павінна спрацаваць бездакорна.
Але лоб у містэра Хоскінса блішчаў ад поту. Міс Фэлоўз раптам заўважыла, што яна машынальна пакінула сваё крэсла і таксама стаіць каля парэнчаў, але глядзець пакуль што не было на што.
— Зараз, — спакойна вымавіў чалавек каля мікрафона.
Наступіла цішыня, якая цягнулася роўна столькі, колькі патрабуецца часу на адзін уздых, і з лялечнага доміка пачуўся прарэзлівы лямант насмерць перапужанага дзіцяці.
— Жах! Невыказны жах!..
Міс Фэлоўз павярнула галаву на крык. Яна забылася, што ва ўсё гэта ўблытана дзіця.
А Хоскінс, стукнуўшы кулаком па парэнчах, голасам, які зусім змяніўся і дрыжаў ад трыумфу, прамовіў:
— Атрымалася.
Міс Фэлоўз, якую цвёрдаю рукою штурхнуў у спіну, нават не загаварыўшы з ёю, Хоскінс, спусцілася па кароткай вінтавой лесвіцы ў шахту.
Тыя, хто да гэтага моманту быў каля прыбораў, сабраліся цяпер тут. Яны палілі і, усміхаючыся, назіралі за тройцай, што паявілася ў галоўным памяшканні. Ад доміка чулася слабае гудзенне.
— Уваходжанне ў Стасіс не ўяўляе ніякай небяспекі, — звярнуўся Хоскінс да Дэвенэя. — Я сам рабіў гэта многа разоў. На нейкае імгненне ў вас з'явіцца дзіўнае адчуванне, якое абсалютна не ўплывае на арганізм.
Нібы хочучы прадэманстраваць слушнасць сваіх слоў, ён увайшоў у адчыненыя дзверы. Напружана ўсміхаючыся і чамусьці зрабіўшы глыбокі ўдых, за ім услед рушыў Дэвенэй.