Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Ну і канспіратары! Мне Салавей расказвае пра Салаўя, а я, дурань, і вушы развесіў...
— І правільна робіць. Цябе ён не ведае, ды і ты ж яму сваю візітную картку не даваў,— сказаў Раеўскі.— Прывялі іх сюды, мабыць, Розіны «ракі». Так, хлопцы?
— Ракі і канюшына,— засмяяўся Анупрэй.
— А адкуль ім ведаць, куды іх прывялі тыя ракі, да сваіх ці можа ў пастку. Пазнаёмцеся хоць цяпер. Гэта Барыс Наймай, а цяпер яго прозвішча таварыш Новікаў... Заседжвацца нам няма калі. Барыс, схавай, калі ласка, мой веласіпед у сенцы.
Барыс на хвіліну выйшаў.
— Нямецкая акупацыя — справа часовая,— пачаў Платон Фёдаравіч.— Мы вымушаны былі падпісаць гэты кабальны дагавор у Брэст-Літоўску, каб выратаваць рэвалюцыю, каб мець хоць маленькую прадуху перад наступнымі баямі з імперыялістамі і контррэвалюцыяй. Так гаварыў таварыш Ленін на VII з'ездзе партыі. Штаб Заходняга фронту пераехаў у Смаленск, з ім у нас самая цесная сувязь. У Мінску і тут працуюць падпольныя камітэты. Савецкі ўрад нядаўна перабраўся ў Маскву. Партыя наша цяпер называецца «Расійская Камуністычная партыя бальшавікоў»,— інфармаваў Раеўскі.— Задача: мабілізаваць усіх рабочых і сялян на барацьбу з акупантамі, узброіць кожнага добраахвотніка, гатовага змагацца за савецкую ўладу. Тое-сёе ў нас ёсць, і мы вам паможам і зброяю, і прыпасамі, і літаратураю. Будуць газеты і лістоўкі і на нямецкай мове. Распаўсюджвайце іх сярод салдат. Ім таксама агоркла вайна, хочацца дадому, да дзяцей, да жонак, да спакойнага жыцця. Многія нам: спачуваюць, ёсць рэвалюцыйна настроеныя. На іх трэба і разлічваць.
— А ў нас яшчэ немцаў і духу не чутно,— азваўся Анупрэй.
— Няма, дык будуць. З легіянерамі вы лёгка справіліся. А тут армія, і не абы-якая армія. Дубальтоўкамі яе не спыніш. Пакласці лепшых людзей ні за панюх табакі — карысці мала. Так я кажу, Аляксандр?
— Дык што ж — рукі ўгору і здавацца? — усхапіўся Анупрэй.— З хлебам-соллю іх сустракаць? Падстаўляць пад бізуны спіны, жонак і дачок аддаваць на здзек? А трасцу ім! Біць гадаў будзем, пакуль патронаў хопіць.
— А не хопіць, што тады? Уцячэш у лес, а тых, што астануцца, няхай вешаюць і страляюць? — спакойна запытаў Раеўскі.
Увайшоў Новікаў.
— Дзе мала сілы, трэба браць розумам і хітрасцю, от і падумай, як і людзей зберагчы і немцаў хутчэй вытурыць. А шапкамі закідаць не спяшайся, раз'ятрыш ворага і сам будзеш не рад. У нас тут кулямёты былі і сілы трохі болей, як у вас, і то пакуль што ў падполле пайшлі.
— Ты, Анупрэй, не спяшайся,— супакоіў Драпезу Салавей,— паслухай, а тады мяркуй.
— Што параіць вам? — працягваў Платон Фёдаравіч.— Пакуль што ў бой не ўвязвайцеся. Няхай займаюць маёнтак, а ў вёску яны і самі не вельмі палезуць. Партызанскія атрады выведзіце ў лес, у сёлах пакіньце сваіх людзей, у воласці пастаўце надзейнага чалавека. Каб немцы верылі яму, а ён служыў нам. Сачыць трэба, каб не расцягвалі народнае дабро, а сваволіць пачнуць, можна і ўдарыць знянацку. А гнаць іх пачнём, тут ужо і вы будзеце не абараняцца, а наступаць, лупіць у хвост і ў грыву. Так я кажу? І не толькі я, так думае уком, такой тактыкі трымаецца губернскі партыйны камітэт.
— Правільная тактыка,— згадзіўся Салавей.— З пістаноўкамі супраць гарматаў не вельмі наваюеш. А сілы набярэцца болей, тады і ўдарым.
— Праз некалькі дзён буду ў вас. Там усё і вырашым. А што рабіць цяпер, скажа таварыш Новікаў. Толькі як надзейней дабрацца ў вашу лясную рэспубліку? — запытаў Платон Фёдаравіч.
— У вашай форме да Глуска вы свабодна даедзеце, як паштовы чыноўнік,— пачаў Салавей.
— Не толькі форма, а і пасведчанне ёсць, з усімі пячаткамі.
— Тым лепш. Прыйдзеце на пастаялы двор, спытаеце балагола Шолама Гіцьку. Ён вас даставіць да Басі Падбярознага, а той зробіць усё, што трэба.— Салавей падняўся.— Чакаем вас, таварыш... Раеўскі.— Ён усміхнуўся і моцна паціснуў руку Платону Фёдаравічу.
Праз хвіліну сіняя куртка і спіцы веласіпеда прамільгнулі за акном.
— Цяпер слухайце сюды,— пачаў Новікаў.— На Казначэйскай вуліцы ёсць маленькая крамка з вялікаю шыльдай: «Книжная торговля и писчебумажные принадлежности И. Агола». Зойдзеце туды і спытаеце: «Ці няма ў вас «Закона божага»?» Калі старэнькі падслепаваты гаспадар скажа: «Закона божага» няма, а ёсць «Новы завет», перадайце яму прывітанне ад Новікава і лічыце, што самай свежай літаратурай вы ўжо забяспечаны.
З Мінскага фарштата хлопцы пайшлі на другі канец горада, да Салаўёвай цёткі. Там паскідалі свае світы, ацерабіліся, пачысціліся, пасёрбалі панцаковага крупніку з таранамі і падаліся на Казначэйскую вуліцу. Па ёй шнуравалі сытыя нямецкія афіцэры з доўгімі люлькамі. Некуды спяшаліся, бразгаючы пляскатымі зялёнымі кацялкамі, нямецкія салдаты, у іх за кароткімі халявамі паблісквалі круглыя алюмініевыя лыжкі. Казыралі радавыя вышэйшым чынам неяк нехаця, нібы зганялі са скроні надакучлівую муху. Там-сям пракідаліся шынялі колеру высушанага тытуню, канфедэраткі з блішчастымі брылямі, зіхацелі наваксаваныя боты легіянераў з корпуса Доўбар-Мусніцкага.