Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Анупрэй падклаў пад галаву мяшэчак і драмаў на падлозе каля сцяны. Яны былі нібыта незнаёмыя. Дагаварыліся садзіцца ў розныя канцы вагона, а ў Бабруйску сустрэцца ў чайной на базары.
Цягнік прыйшоў далёка за поўнач. Толькі назва, што цягнік: некалькі цяплушак з павыломванымі дошкамі, пабітымі вокнамі, даўно не паленымі «буржуйкамі». Наперадзе, адразу за маленькім паравозам, ішлі тры пасажырскія вагоны. У іх мільгалі агаркі свечак і, здавалася, што там утульна і цёпла. Каля пасажырскіх вагонаў стаялі нямецкія салдаты і нікога ў іх не пускалі. А ў цяплушкі рвануўся натоўп мяшэчнікаў — штурхаліся і крычалі, хтосьці некага падсаджваў, нехта некага спіхваў, сцягваў за каўнер. Усе лаяліся, крычалі і заміналі адзін аднаму. Перад кожным вагонам тузаўся, лаяўся і лямантаваў натоўп. А па пероне спакойна хадзіў, пасмейваўся і пацяшаўся стары немец з вільгельмаўскімі вусамі.
Салавей з Анупрэем убіліся ў апошні вагон. У ім было цёмна, холадна і людна. Мужчыны і кабеты сядзелі і ляжалі на нарах і пад нарамі, умошчваліся на падлозе і проста стаялі, прыпершыся да сцяны. Вагон гаманіў і сварыўся: спіхвалі клункі і адзін аднаго, гукалі знаёмых і аднавяскоўцаў. А калі пайшоў цягнік, усе патроху пачалі ўлагоджвацца і сціхаць.
Ехалі марудна і доўга, спыняліся на паўстанках і ў полі. Часам чуваць было нямецкае гергетанне, выкрыкі і нейкія каманды, потым зноў калываўся і стукаў разгойданы «цялятнік». Людзі чухаліся, стагналі і мармыталі спрасонку.
Калі добра вывіднела, праз шчыліну ў сцяне Салавей бачыў рудую леташнюю траву, голы ракітнік, пасінелыя елачкі ўздоўж чыгункі і калюжыны, залітыя вясноваю вадой. Ён пазнаваў, дзе яны едуць, бо гэтую дарогу не раз перамераў па шпалах. Вось прагрукаталі каля Бярэзіны, відаць, як яна шырока разлілася і затапіла прыбярэжныя алешнікі і сцежары на лугах. Значыць, цягнік падыходзіць да станцыі. Зрабілася трохі трывожна: а што, калі немцы ці легіянеры надумаюцца трэсці кожнага, хто прыехаў, пачнуць выварочваць клункі, шукаць і вынюхваць. Непадалёк Салавей убачыў сівенькую, зморшчаную, як печаны яблык, бабульку. Яна цяжка дыхала і стагнала. Ён падсеў да яе і пачаў распытваць, куды яна і чаго едзе.
— Паміраць, мабыць, дзеткі. Як завалаю заклала.— Яна пастукала худымі парэпанымі пальцамі па грудзях.— От нараілі людзі паехаць да таго дохтура Марзона, а дзе яго шукаць, і не ведаю.
— Я, цётухна, якраз да яго і еду. Бацька мой там ляжыць, так што не бядуйце, давяду да самае бальніцы.
— А дай жа табе бог здароўя. Толькі ж я ледзьве клыпаю, можа не захочаш валаводзіцца.
— Мне спяшацца няма куды. Дойдзем памаленьку.
Калі цягнік спыніўся і ўсе рынуліся да дзвярэй,
Салавей падхапіў бабульчын клуначак, саскочыў з прыступак і памог злезці старой. Узяў яе пад пашку і асцярожна павёў.
Пры ўваходзе ў вакзал стаяла чалавек з дзесяць нямецкіх салдат. Яны абмацвалі кожнага позіркамі і валасатымі рукамі, пра нешта пыталіся. Большасць прапускалі, некаторых, з самымі вялікімі клункамі, адводзілі ўбок. Салавей спакойна ішоў, прытрымліваючы хворую бабульку, і зорка сачыў за Анупрэем: прапусцяць ці затрымаюць? Вось канапаткі немец з шырокім бабскім тварам абмацаў ягоны мяшэчак, палопаў рукамі з-пад пахаў да кален, нешта буркнуў і падштурхнуў рукой да дзвярэй.
Аляксандру зрабілася весялей: а ў яго ёсць надзейны «пропуск». І ён яшчэ асцярожней павёў бабульку да дзвярэй.
Той самы немец, з жоўтымі, як у ката, вачамі, палопаў і яго па баках, зірнуў на бабку, грэбліва зморшчыўся і безнадзейна махнуў рукою. Праз людны закураны вакзал Аляксандр з хвораю кабетай выйшлі па брукаваную плошчу. Каля слупа іх чакаў Анупрэй. У бальніцу яны пайшлі разам. Хоць і мала было часу, але шкода пакідаць нямоглую старую, ды і небяспечна адразу ісці ў чайную: ліха яго ведае, можа хто ідзе назіркам. А яшчэ і прымеркавацца трэба да новых парадкаў.
Раніцаю вуліцы пустыя, толькі па мокрым, закіданым гноем бруку ехала вялізная фура з гаршкамі ды штурхаў перад сабою каламажку стары дзядок у доўгім лапсердаку і круглай ярмолцы. Па тратуары, цокаючы падкоўкамі, ішоў хлёеткі, як бізун, нямецкі афіцэр, паблісквалі падобныя на пляшкі, жоўтыя батфорты і мядзяны шышак на чорнай касцы. Горад быў той і не той. Стаялі знаёмыя Аляксандру дамы, платы і прысады, і дзіўна было бачыць на гэтых вуліцах салдат і афіцэраў, з якімі ён тры гады ваяваў. Цяпер яны хадзілі тут, як гаспадары. Ці надоўга? Як яно ўсё навернецца? Адно ведаў цвёрда: трэба трымацца да апошняга...
Даставіўшы бабульку ў бальніцу, Салавей з Драпезам мінулі спічасты чырвоны касцёл, перасеклі Мураўёўскую вуліцу, выйшлі на Альхоўскую і падаліся да рынку. Тут стаяла некалькі настрамачкаў сена, на прыцярушаным саломаю бруку сівенькі дзядок разаслаў цырату і расклаў на ёй свой тавар — выцерты блакітны мундзір, капялюшыкі з пёрамі, сукенкі, мядзяныя падсвечнікі і яшчэ нейкую старызну. Ён прытупваў і тоненькім галаском заклікаў пакупнікоў: