Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Вот мундир для генерала.
Продаю ка хлеб и сало.
Эти дамские обновки
Продаются по дешевке!
Аляксандр хітра ўсміхнуўся, торкнуў Анупрэя локцем.
— Можа купім? Га?
— Хіба Цярэшку? — зарагатаў Драпеза.
Яны хадзілі паміж вазоў, столікаў і кабет, што прадавалі сахарыну, соль і цыкорый, прыцэньваліся і таргаваліся, але ўсё паглядалі на дзверы вялікага двухпавярховага дома з шыльдай: «Чай и домашние обеды».
Нарэшце завярнулі туды. У невялічкім зальчыку сядзела чалавек дзесяць вясковых дзядзькоў. Хто наразаў сала, хто сёрбаў рэдзенькую поліўку, хто піў каламутную цыкорыю. Усе маўчалі. Аляксандр з Анупрэем селі за свабодны столік, дасталі з торбачкі хлеб і кавалак вэнджанага кумпяка. Азірнуліся. З баковачкі, дзе бразгаў посуд і чутны былі жаночыя галасы, выйшла тоненькая дзяўчынка ў фартушку, карычневай сукеначцы з беленькім каўнерыкам, як у гімназісткі.
— Што загадаеце, панове?
— Тузіну ракаў,— спакойна адказаў Салавей.
На яго зіркнулі прыгонныя чорныя вочы.
— Ракаў няма,— адказала дзяўчына.
— Тады тры шклянкі чаю без сахарыны.
Праз некалькі хвілін прыгажуня паставіла на столік тры шклянкі чаю. Пад адной з іх Аляксандр заўважыў маленечкую пісульку. Спрытна выхапіў яе і схаваў у кішэню.
Калі выйшлі з чайной, Салавей прачытаў: «Мінскі фарштат, 78. Спытаць, ці не трэба канюшына. Запіску знішчыць».
Ішлі доўга пустымі вуліцамі і завулкамі. Тут амаль не відно было немцаў. Драўляныя хаты, сады і гароды хутчэй нагадвалі мястэчка або вёску: мыкалі каровы, на прызбах грэбліся куры, каля платоў рыліся парсюкі.
Вось і доўгая хата без аканіц. На сцяне — заіржавелая бляшаная дошчачка: «Страховое общество «Россия», а пад ёю ад рукі выведзены нумар — 78. Без стуку ўвайшлі ў хату, прывіталіся і сталі ў парозе. На ўслоне сядзела старая яўрэйка і скубла пер'е.
— Ці не трэба вам канюшына? — спытаў Салавей.
Жанчына, не адрываючыся ад работы, паглядзела на іх і гукнула:
— Бэрул, кум а гер![2]
З дзвярэй выйшаў малады хлапец з рудаватым чубам. На ім была чорная касаваротка з белымі, як на гармоніку, гузікамі, на босых нагах — атопкі ад старых валёнак.
— Ці не трэба вам канюшына? — спытаў і ў яго Салавей.
Хлапец адчыніў дзверы ў другую палавіну і жэстам запрасіў незнаёмых праходзіць. Калі зачыніліся дзверы, Аляксандр ціха сказаў:
— Мы з Рудабелка хочам пагаварыць з кім-небудзь з укомаўцаў.
— Сядайце, сядайце, таварышы. Кладзіце свае світкі от сюды, на канапу. А мы вас даўно чакаем. Малайцы, рудабельцы. Як там таварыш Салавей маецца?
Драпеза ўсміхнуўся, хацеў нешта сказаць, але Аляксандр апярэдзіў яго:
— Нішто жыве. Пакуль што ні легіянеры, ні немцы яшчэ не падстрэлілі. Бяда толькі — адбівацца няма чым. От і прыслаў нас сюды.
Гаспадар папрасіў хвілінку пачакаць і выскачыў на кухню, а калі вярнуўся, хлопцы ўбачылі праз акно, што жанчына, якая толькі што скубла пер'е, некуды пайшла з вялікім рэшатам у руцэ.
Праз паўгадзіны на старэнькім веласіпедзе пад'ехаў мужчына ў тужурцы і форменнай шапцы паштовага чыноўніка.
— Не бойцеся,— папярэдзіў гаспадар кватэры,— гэта таварыш Раеўскі.
У пакой увайшоў малады чарнявы хлапец. Яго прыгожы твар і шырока пастаўленыя вочы асвяціліся ўсмешкаю.
— Рад цябе бачыць, Аляксандр Раманавіч,— трос ён руку Салаўю.— Чулі пра вашы справы і даўно хацелі сустрэцца.— Ён павітаўся з Драпезам, потым з гаспадаром і сеў у куточку на канапе.
Аляксандр адразу пазнаў старшыню укома Платона Равінскага. «Ага, зразумела, цяпер яго называюць Раеўскім,— падумаў ён,— няхай будзе так. Раеўскі дык Раеўскі».
— Што ў вас новага, таварышы?
— Неяк яшчэ ліпім. А ці надоўга хопіць пораху, не ведаем,— адказаў Анупрэй.
— Пораху і вінтовак нам толькі і не хапае, таварыш Ра-ра...еўскі,— удакладніў Салавей.— І ведаць трэба, што робіцца ў свеце, на фронце і ў Маскве, А то сядзім, як тыя краты ў нары. Шляхта плявузгае, што бальшавікам прыйшоў канец, што ўся Расія будзе пад немцам. Газеты, лістоўкі патрэбны, арганізацыя і кіраўніцтва ваеннаю і партыйнаю работай. За тым і прыйшлі.
— І добра, што прыйшлі, таварыш Салавей.
Рудаваты хлапец голасна засмяяўся.
2
Бэрэ, хадзі сюды! (яўр.)