Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том уваходзяць лепшыя празаічныя творы пісьменніка. Апавяданні «Зялёны агеньчык», «Ганна», «Так і было» прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цыкл навел «Сувеніры» расказвае пра цікавыя сустрэчы ў краінах Заходняй Еўропы. Значнае месца ў томе займае вядомая аповесць «Рудабельская рэспубліка».
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 139
Перейти на страницу:

К чэрвеню на ўсіх заводах і заводзіках Бабруйска працавалі падпольныя бальшавіцкія ячэйкі, была створана партыйная група і ў друкарні на Мураўёўскай вуліцы, у ёй друкаваліся адозвы Бабруйскага укома. Іх выносілі ў кашах з абрэзкамі паперы, а к раніцы адозвы былі ў чайной і ў кнігарні Агала.

Выпіць шклянку чаю забягалі вучні з гімназіі і так званага палітэхнікума, заходзілі яны і ў кнігарню купіць сшыткаў або пёраў. А выносілі адтуль за пазухаю скрутачкі свежых лістовак. Яны траплялі ў сялянскія вазы на рынку, з'яўляліся на тратуарах і нават у саборы. Павятовы камітэт партыі заклікаў народ змагацца з рабаўнікамі-акупантамі, адбіраць у іх нарабаванае дабро, узбройвацца і ствараць партызанскія атрады.

Гэтыя лісткі шэрай і жоўтай паперы станавіліся выбуховымі і небяспечнымі. Кожны дзень то каля Качэрыч, то каля Глушы, то па дарозе з Надрэчча на абозы з жытам, парсюкамі і каровамі, забранымі ў вёсках, наляталі барадатыя, у світах і ў зрэбных кашулях мужыкі, стралялі над самымі конскімі вушамі, адбіралі ў перапалоханых салдат карабіны і заварочвалі фурманкі ў лес.

Аднаго разу каля Гарбацэвіч з васьмі нямецкіх салдат пасцягвалі боты, паздымалі штаны, мундзіры і каскі, а іх абулі ў свае лапці, аддалі прапацелыя зрэбнікі і ў такой «форме» адпусцілі. Камендант фон Тромэль лютаваў, аж вылузваўся ад злосці і тут жа выдаў загад: «Кожнага злоўленага бандыта расстрэльваць без суда і следства».

Па вуліцах горада шнуравалі патрулі і нарады палявой жандармерыі, хапалі падазроных, набівалі імі камеры турмы на Шасейнай вуліцы і казематы крэпасці. А ў чайной каля базару кожны дзень хто-небудзь пытаўся, ці няма ракаў, і прасіў тры шклянкі чаю без сахарыну, у магазінчыку «Книжная торговля и писчебумажные принадлежности» куплялі «Новы завет», на дзвярах гарадской управы і камендатуры з'яўляліся новыя лістоўкі, у казармах усё часцей знаходзілі «Rote Fahne», а інтэнданцкія атрады вярталіся з вёсак без нарабаванага дабра, без коней і карабінаў.

Маладым афіцэрам ветліва ўсміхалася прыгожая падавальшчыца фрэйлейн Роза, хадзіў па рынку з кошыкам у руцэ рабочы чыгуналіцейнага завода Павел Балашоў, заўсёды кудысьці спяшаўся на старым веласіпедзіку апрануты ў пацёртую тужурку паштовага чыноўніка Платон Раеўскі. А з Оршы вясёлы балагур Ванька Антонаў зноў вёз тры вялікія карзіны з «новым таварам».

7...

Вясна пахла нашатырным духам гною і гаркаватым пылам прырэчных вербаў. На платах і азяродах гарланілі і лапаталі крыламі пеўні. Падсыхала зямля і раніцамі ў нізінах дымілася сіняватаю парай. Жанкі на гародах пляскалі грады, саджалі цыбулю і адбіралі насенную бульбу. Прыйшла пара сеяць. А дзе чые палосы, яшчэ ніхто і не ведаў. У рэўком талакою ўвальваліся ўдовы і безнадзельныя карпілаўскія дзяды.

— Доўга ты нешта длубаешся, Мікодым. Зямля перасыхае, і гной петрае. Дзяліць трэба, а то няўпраўка выйдзе. Картоплю садзіць пара, проса якую жменю ды грэчкі хоць трохі ўкінуць,— прыспешвалі старшыню камбеда.

— Дзе там перасыхае? Жужаль на полі. Толькі ў разору ступіш, як спутаны конь грузнеш,— апраўдваўся Мікодым.

Але назаўтра ад самага світання з Максімам Усам пачалі зачэсваць калкі і рабіць на іх залысіны. Звязалі двое вераўчаных лейцаў, змералі іх аблузаным жоўтым аршынам. Гукнулі Параску і пайшлі на панскія папары наразаць надзелы.

Толькі паспелі разы са тры нацягнуць вяроўку ды забіць першыя калкі, як з сяла павалілі людзі. Ніхто ім не загадваў, ніхто нічога не казаў, неяк жа дачуліся, што камбедаўскія каморнікі ўзяліся за работу, і шуснулі ўсе, як на той першы сход.

— Давай, Мікодымка, я пацягаю, а ты пішы ў свае метрыкі,— адразу аб'явіўся Цярэшка. Ад яго новых лапцей на вільготнай зямлі аставаліся роўныя клеткі. Стары наском раскалупаў грудку, узяў яе ў жменю і пачаў нюхаць.

— Можа панскім дзікалонам пахне? — не стрымаўся Максім Ус.

— Потам, братачка, потам,— спакойна адказаў Цярэшка.— А нарэжаш мне да тае дзічкі, пытляванкаю запахне. Ці не праўду кажу?

— Унь чаго захацеў! — загаманілі бабы.— Яму да дзічкі! А няшчасным сіротам пясочак.

— Ты наразай, Мікодым, а потым жэрабя пацягнем. Каб без сваркі,— загаманілі карпілаўцы.

Кандрат Кавалевіч пад'ехаў на кані з плугам і стаў каля мужчын.

— Ці не першы думаеш адсеяцца? — спытаў Андрэй-Падута.

— А чаму б і не? —. І, памаўчаўшы, дадаў: — Пакуль яны цягацьмуць гэтую ляйчыну, дык можа абарэм увесь надзел, каб відно было, што заняты, адным словам,— наш. А тады і падзелім. А, мужчыны?

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)