Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том уваходзяць лепшыя празаічныя творы пісьменніка. Апавяданні «Зялёны агеньчык», «Ганна», «Так і было» прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цыкл навел «Сувеніры» расказвае пра цікавыя сустрэчы ў краінах Заходняй Еўропы. Значнае месца ў томе займае вядомая аповесць «Рудабельская рэспубліка».
1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 139
Перейти на страницу:

...Катловіч-Антонаў быў падобны на бойкага маладога купчыка: цэлулоідны каўнерык з загнутымі ражкамі, пікейная манішка, добры гарнітур у палоску і чаравікі з гетрамі выклікалі давер і павагу. І гаварыў ён так, што любы вушы развесіць.

— У нашым тарговым дзеле што глаўнае? Нюх. Цыкорыі няма, даставай цыкорыю, сахарын, трэба — вязі сахарын, мыла, тараны — усё падавай. З рукамі адарвуць. Кушаць кажны жалаець. Вот і прыйшлося кармільцам галоднага вобчаства стаць. Благароднае дзела. Праўду я кажу?

Серабракоў слухаў вясёлага балагура, які аціраўся сярод мяшэчнікаў, палінялых буржуйчыкаў, і часам не верыў, што гэта — бальшавік і вопытны канспіратар. Ён дзівіўся, бачачы, як вялікія кашы «бабруйскага камерсанта», крэкчучы, цягалі ў вагон насільшчыкі пад самым носам чыгуначнай жандармерыі.

Перад пасадкаю паджары немец з густа засеяным буйнымі вяснушкамі тварам і з белымі парасячымі брывамі праверыў даволі пацёртае пасведчанне Балашова, буркнуў кароткае «geh!»[4] і ўзяўся за чарговы дакумент. Каля цягніка ўжо ціснуліся і штурхаліся людзі. На пероне ў двух цьмяных ліхтарах гарэлі газнічкі. Ледзьве былі асветлены і вагоны — здавалася, у цемені ночы нехта прарэзаў мутна-аранжавыя вокны ў яшчэ далёкае світанне. Пахла паравозным дымам і мокрым бэзам, Балашоў спыніўся каля вагона і напружана глядзеў на адчыненыя дзверы вакзала: «бабруйскага камерсанта» не было. Балашоў занепакоіўся, пастаяў яшчэ некалькі хвілін і знік у натоўпе мяшэчнікаў, што з крыкам і лаянкай перліся ў вагон.

У самым канцы ён знайшоў незанятую верхнюю паліцу, ускінуў на яе маленькі фанерны чамаданчык і пачаў умошчвацца на начлег.

Тройчы блямкнуў станцыйны звон, раўнуў, зачухкаў паравоз, тузанула вагон, і ён пакаціўся ў цемень ночы. Цягнік грукаў, рыпеў і калываўся, як стары нямазаны воз, спыняўся на кожным паўстанку. Вагон гаманіў, спрачаўся, хроп, кашляў, задыхаўся ад густога цяжкага духу.

У Шклове, Магілёве і Жлобіне немцы правяралі дакументы, свяцілі ў твары ліхтарыкам, нібыта некага шукалі, выпорвалі з-пад лавак заспаных пасажыраў. Яны, ачмурэлыя ад цяжкага сну, доўга чухаліся і не разумелі, чаго ад іх хочуць, потым поркаліся ў запазухах, шукаючы свае білеты і мікалаеўскіх часоў пашпарты. Немцы чмыхалі насамі, бурчалі: «Es ist schweine Gestank»[5], лаяліся адборнымі рускімі мацюкамі, некага валаклі, штурхалі і ссаджвалі. Пасведчанне на імя Паўла Міхайлавіча Балашова, відаць, было беззаганнае, ды і выгляд яго ўладальніка не выклікаў ніякіх сумненняў;

Неўзабаве нехта яго пастукаў па назе. Павел Міхайлавіч падняўся і ўбачыў на праходзе Антонава.

— Пара ўставаць, землячок, скора будзем дома.— Сказаў і пайшоў у тамбур. Балашоў, счакаўшы трохі, выйшаў за ім. За акном пачынала світаць, прабягалі лясы і вёскі ў сіняй смузе, круціліся палі, мільгалі і знікалі рэчкі.

Антонаў стаяў каля акна і прагна курыў.

— Я трывожыўся, ці не адсталі вы ад цягніка. Як выйшаў з вакзала, так і згубіў вас.

— Са мной такога яшчэ не здаралася,— усміхнуўся Антонаў і шчыльней прычыніў дзверы.— Слухайце: у Бабруйску мы з вамі не знаёмы. Ідзіце проста ў чайную. Пароль ведаеце. Вас паставяць на кватэру і звядуць з патрэбнымі людзьмі. Дзяўчыне, якая прынясе вам есці, шапніце: «Антонаў кланяўся вашаму тату». Гэта абавязкова.— І, памаўчаўшы, растлумачыў: — Трэба, каб мой тавар адразу трапіў да «пакупніка».

Ён моцна паціснуў Балашову руку і выйшаў з тамбура.

Раніцаю Балашоў у чайной каля рынку еў селядца з бульбаю і піў густую горкую цыкорыю. Тут далі адрас яго будучай кватэры. Прыгожай дзяўчыне ён перадаў прывітанне ад Антонава, заплаціў за снеданне і пайшоў шукаць патрэбны яму дом на Сталыпінскай вуліцы.

Праз некалькі дзён тым жа цягніком у Бабруйск прыехаў нямецкі камуніст Густаў Шульц. І ён заходзіў у чайную да Розы Агал, а потым зрабіўся вялікім «кнігалюбам» і часта ў кнігарні купляў паштоўкі, старыя гравюры, паперу і кніжкі. Густаў служыў у гарадской камендатуры, насіў спічастую каску і ладна падагнаны мундзір, часам у яго воку пабліскваў манокль, на руцэ целяпаўся кароценькі стэк. Хоць і быў ён у гадах, але заўсёды выглядаў франтам. У кнігарні старому Ёселю Агалу Шульц пакідаў акуратна запоўненыя пашпарты, з якімі ездзілі падпольшчыкі ад Оршы да Брэста, папярэджваў, калі і каму трэба знікнуць, а ў салдацкіх казармах усё часцей з'яўляліся аддрукаваныя на тоненькай паперы нумары газет «Rotę Fahne» і «Roter Soldat», лістоўкі з заклікамі хутчэй вяртацца на радзіму, скінуць дынастыю Гогенцолернаў, стварыць новую сацыялістычную Германію.

Часам у магазіне «Книжная торговля и писчебумажные принадлежности» Павел Балашоў перадаваў Густаву Шульцу заданні і даручэнні падпольнага павятовага камітэта, забіраў пашпарты і бланкі прапускоў, выслухоўваў і запамінаў самыя свежыя навіны, планы нямецкага камандавання.

вернуться

4

Ідзі! (ням.)

вернуться

5

Свіны смурод (ням.)

1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)