Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Нам і не трэба яго ласкі. Можа з воласці дадуць які загончык, а там і хатку агораем, абы толькі разам.
— Хіба ж я вораг вам? Жывіце на здароўечка, каб толькі спакойна ўсё ды па-людску было, па закону, з бацюшкам ды з благаслаўлёным. Гэта ж цяпер пакруціліся маладыя, кажуць: «Бога няма і папа не трэба», а без бога ні да парога.— І, памаўчаўшы, дадала: — Баранчыка молена будзе зарэзаць, гарэлкі трохі выгнесці, каб усё па-людску было.
У Гэлі пасвятлела на душы. Яна адчула цяпло і ўтульнасць у гэтай пустой і цёмнай хаце. Доўга ці мала, але ёй прыйдзецца пажыць тут, упраўляцца каля гэтае печы, дагаджаць Іванавай маці.
— От пасля вялікадня і павянчаецеся. А цяпер не можна, дзеткі. І бацюшка ў вялікі пост на сябе граху не возьме. А там можа і бацька твой злітуецца, не вораг жа ён свайму дзіцяці. Можа ўсё перакруціцца і ператрэцца; глядзіш, як той казаў, і мука будзе.
— Мука ці будзе, а мукі хопіць,— уздыхнула Гэля.— Тата кажа, лепш у дамавіне мяне бачыць, чым пад вянцом з Іванам.
— Люты ён, ой люты! — уздыхнула Кандраціха.— Не глядзіць ні вока ні бока. Ззамаладу ведаю яго: за грош бацьку роднага на крыжы разапне. А над дачкою можа і злітуецца, ты ж у яго адна.
Старая не бачыла ўпоцемках, як беглі па Гэльчыных шчоках гарачыя слёзы, як яна сілілася праглынуць даўкі камяк. Таму і маўчала. Ёй было шкода сябе, горка і сорамна перад людзьмі.
На двары пачуліся тупат і прыцішаныя галасы. Рыпнулі ў сенцах дзверы, зашоргалі ногі аб дзяркач у парозе. Увагнуўшыся, у хату ўвайшло двое мужчын.
— Добры вечар, калі е хто жывы,— прывітаўся незнаёмец.
— Чаго гэта вы, мама, сядзіце ўпоцемках,— пазнала Гэля Іванаў голас. Яна прыціснулася да сцяны і не парушылася, толькі моцна затахкала сэрца, запалалі шчокі, а ў роце зрабілася суха-суха.
— Дзе ж ты газы набярэшся? — азвалася Кандраціха.
Яна затупала па хаце. Зашамацелі ў пячурцы сухія трэсачкі, мужчына чыркнуў запалку. У жоўтым святле Гэля ўбачыла абветраны сухарлявы твар, глыбока запалыя вочы і пад вострым носам невялічкія вусікі. Кандраціха паднесла да запалкі лучынку, яна зырка ўспыхнула. Толькі цяпер Іван убачыў на лаве Гэлю, убачыў і разгубіўся, не ведаў, што гаварыць, што рабіць. Каб нікога не было, падхапіў бы яе на рукі, прыгарнуў да сябе, а цяпер...
— О, дык у вас госця! — загаварыў незнаёмец.
Толькі цяпер Кандраціха пазнала Раманавага сына, узрадавалася і крышку збянтэжылася.
— Праходзьце, старшыня, сядайце.— Яна запаліла лямпу, што вісела пад столлю, падкруціла кнот і кінулася выціраць фартухом лаўку.
— Гэлька, няўжо ты? Адкуль бог нясе? — падышоў да яе Іван.
— Хіба не бачыш, здарожылася, бедная,— адказала маці.— Няхай аддыхне ў нас, а там відаць будзе.
Салаўю стала ўсё ясна. Дык вунь яна якая Ермалічанка: бывае ж, што і ў змяіным гняздзе краска вырасце. Прыгонная! А на шляхцянку мала падобная.
Іван сеў побач з Гэляю. Звесіўшы кудлатую галаву, прагна курыў смярдзючы самасад. Кандраціха паставіла пасярод стала вялікую гліняную місу з кіслым малаком, на кужэльны абрус паклала паўбуханкі хлеба.
— На скаромненькае выбачайце ўжо. Перакусіце, што бог паслаў,— запрашала Кандраціха.
Іван узяў Гэлю за рукаў і пацягнуў да стала. Яна трохі ўпіналася і аднеквалася для прыклепу. А потым усе сёрбалі кіслае малако з аднае місы, елі крутую, з прыгаркамі прасяную кашу. Салавей пазіраў на Гэлю і Івана, думаў, як яны будуць добра жыць праз пяць, ад сілы праз дзесяць гадоў, і загаварыў:
— Ажэнім вас па-новаму, па-бальшавіцку. Нарэжам самай лепшай зямлі, лесу дамо на хату. От і будзе першая савецкая сям'я ў воласці.
— Бацька не прызнае, калі па-новаму. Трэба, каб конча бацюшка павянчаў,— ціха азвалася Гэля,— а іначай усё роўна дадому павалачэ.
— Да вялікадня прыйдзецца пачакаць, а там відно будзе,— сказала Кандраціха.
— Няхай будзе і з папом, абы жылі добра. От разгонім легіянераў, хутарскіх бандзюкоў пераловім і тады — зямля наша, лес наш, рэкі і лугі нашы. Толькі не лянуйся, усё будзе: школы пабудуем, зрэбнікі скінем, зажывём, як людзі. А пакуль што яшчэ не раз крывёю ўмыемся. Легіянераў трохі адагналі, а там немцы пруць. Паспявай толькі адбівацца ад погані.