Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том уваходзяць лепшыя празаічныя творы пісьменніка. Апавяданні «Зялёны агеньчык», «Ганна», «Так і было» прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цыкл навел «Сувеніры» расказвае пра цікавыя сустрэчы ў краінах Заходняй Еўропы. Значнае месца ў томе займае вядомая аповесць «Рудабельская рэспубліка».
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 139
Перейти на страницу:

— Дык што ж гэта будзе, Ляксандра, га? Няўжо пад ярманцам жыць прыйдзецца? Гэта ж нейкае боскае насланнё на нашу галаву. І што ім тут трэба? Чаго іх нясе нячыстая? — завойкала Кандраціха.

— Калі ўсе возьмемся дружна, і ад германца адаб'ёмся, цётка.

— Як жа ты адаб'ешся, калі ў яго сіла — арудзіі ды пілямёты, а ў нас што? Сахары ды дзедаўскія бярданкі. Ой, хлопчыкі, страшна мне за вас. Багародзіца, матка боская, заступіся і памілуй...— пачала хрысціцца старая.

— Ніхто не заступіцца, цётухна, і не памілуе, калі самі сябе не абаронім.

Салавей устаў, падзякаваў за вячэру і пачаў збірацца. Ён цяпер бачыў, што тут начаваць яму няма дзе і не хацеў замінаць маладым.

— Аставайцеся ў нас, таварыш старшыня, як-небудзь умесцімся,— не вельмі настойліва запрашаў

Іван. Але Салавей сказаў, што яму яшчэ трэба зайсці да Пракопа, развітаўся і выйшаў.

Гэля з Іванам доўга сядзелі на лаўцы, шапталіся ды мілаваліся, а калі змарыў сон, яна палезла на печ да старой, а Іван да раніцы круціўся на палацях: думкі сляпіцамі лезлі адна за адною і не давалі заснуць.

Яшчэ не вывіднела, а Гэля ўжо сабралася ў дарогу. На прыпеку старая ўсмажыла яечню, наліла кубачак сырадою, паклала акрайчык хлеба і ўсё ўпрошвала, каб хаця ела. А калі дзеўчына ўзялася за клямку, прытулілася да яе і заплакала.

— Куды ж ты, мая ясачка, пойдзеш? А дай жа вам, божачка, здароўя, шчасцейка і доўгага века. Шануй жа сябе, дачушка, каб не прастыла бронь божа.

Іван, у шапцы і паўкажушку, стаяў маркотны. Ён не хацеў адпускаць Гэлю, але і трымаць не было як: дачуецца і тут жа прыляціць Андрэй, тады бяды не абярэшся. Звязе на хутар і жывасілам выпра за якога-небудзь гугнявага шаршнюка. Хай лепей яшчэ пажыве ў Харомцах.

Яны разам выйшлі за дзверы і расталі ў перадсвітальным змроку.

5...

У Рудабелцы быў рэўком, была савецкая ўлада, а за Пцічою абдзіралі мужыкоў легіянеры і салдаты кайзера Вільгельма. У Ляскавічах і ў Загаллі пілі, рабавалі і здзекаваліся з людзей шляхецкія банды.

Жыць адрэзанымі ад свету болей не было як. Патрэбны былі парада, падтрымка, а галоўнае — зброя і патроны. Дзе іх шукаць? З кім параіцца, што рабіць далей? А ёсць жа павятовы камітэт бальшавікоў. Трэба дабрацца да Бабруйска, адшукаць Платона Фёдаравіча.

Салавей успомніў пра чайную, ракаў і пра тры шклянкі чаю без сахарыны. Параіўся з Пракопам Малаковічам і Максімам Ляўковым.

— Трэба ехаць,— сказаў Максім,— без дапамогі нам доўга не пратрымацца.

Ехаць выпала Салаўю з Анупрэем Драпезам.

Дарогі расквасіла ранняя вясна. У лагчыне стаялі лужыны каламутнае вады. Ночы шклілі іх тонкім лядком, пад нагамі пахруствала храпа і шамацела леташняе лісце. Да Ратміравіч Аляксандр з Анупрэем дабраліся пехатою. На Салаўю была доўгая, падпяразаная вераўчынаю світа, старая бацькава шапка, на нагах — маршчакі з суконкамі, а ў руках пуга: калі хто стрэнецца і спытае, адказ быў гатовы: «Ці не бачылі часам буланага каня з лысінаю?» Анупрэй жа павінен быў казаць, што едзе ў бальніцу да бацькі. У яго і торбачка была за плячыма, нібыта з харчамі для хворага.

На станцыю прыйшлі ноччу і адразу згубіліся сярод пасажыраў, што спалі на лаўках і на падлозе. Тут ужо не страшна: ніякіх дакументаў ні ў кога не было, а калі спытаюць, хто і адкуль, можна казаць усё, што захочаш. На станцыі хлопцы ўпершыню ўбачылі новых акупантаў. У няроўным, мітуслівым святле закуранага станцыйнага ліхтара па мокрых маснічынах перона тупаў стары цыбаты немец. Вусы закручаныя, як у кайзера Вільгельма, на галаве каска з двума казыркамі і вострым шышаком на макаўцы, наперадзе — вялікі распластаны арол. Кароткі мышасты шынель гарбаціцца на спіне, гулка тупаюць падбітыя тоўстымі цвікамі падэшвы. Немец здаваўся вялізным граком, што прыляцеў на чужое поле і дыбае ў адзіноце.

Заімжыў дробны веснавы дождж, папаўзлі па шыбах доўгія крывыя пісягі. Стары немец знік з перона, відаць, недзе схаваўся ад дажджу.

Салавей сядзеў з прыплюшчанымі вачамі, але не прапускаў ніводнага руху і ніводнага слова. Слых і зрок былі асабліва вострыя, а ў галаве, нібы туга заведзены гадзіннік, таропка стукалі і абганялі адна адну думкі. Ён думаў пра ўсё, аб чым не хапала часу падумаць дома: чаму падпісалі Брэсцкі мір і пусцілі немцаў, куды пераехала камандаванне Заходнім фронтам, што адбываецца ў свеце і як бараніцца ім, рудабельскім камуністам, і партызанам, ужо не толькі ад мяцежнага белапольскага корпуса, а і ад рэгулярнай, узброенай і добра вымуштраванай арміі кайзера, каго яны знойдуць у Бабруйску, што ім параяць і чым дапамогуць?

1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)