Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
На гэты раз яна несла з сабою і чамадан. «Гэта гульні хлопчыкам», — усміхнуўшыся, растлумачыла яна вартаўніку, які даўным-даўно ўжо не задаваў ёй ніякіх пытанняў і толькі махнуў рукою, прапускаючы яе.
Як звычайна, выродлівы хлапчук адразу пачуў яе прыход і, плачучы, кінуўся ёй насустрач.
— Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз, — мармытаў ён, вымаўляючы словы глуха, не зусім выразна, ва ўласцівай аднаму яму манеры.
— Што здарылася, Цімі? — спыталася яна, правёўшы рукою па яго страхалюднай галоўцы, зарослай густымі рудымі кудламі.
— Джэры вернецца, каб зноў гуляць са мной? Мне вельмі сорамна за тое, што адбылося.
— Не думай больш пра гэта, Цімі. З-за гэтага ты і плачаш?
Ён адвярнуўся.
— Не зусім, міс Фэлоўз. Проста я зноў бачыў сон.
— Зноў той самы сон? — Міс Фэлоўз сцяла зубы.
Вядома ж, гісторыя гэтая з Джэры павінна была выклікаць у Цімі стары сон.
Ён кіўнуў, спрабуючы ўсміхнуцца, і яго шырока расцягнутыя, выкручаныя вусны агалілі занадта вялікія зубы.
— Калі ж я, нарэшце, вырасту настолькі, каб выйсці адсюль, міс Фэлоўз?
— Хутка, — пяшчотна адказала яна, адчуваючы, як сціскаецца яе сэрца, — хутка.
Міс Фэлоўз дазволіла Цімі ўзяць яе за руку і з задавальненнем адчула цёплы дотык грубай сухой скуры ягонай далоні. Ён павёў яе праз пакоі, з якіх складалася Першая Секцыя Стасіса, пакоі, несумненна, даволі камфартабельныя, але якія тым не менш былі для сямігадовага (а ці сямігадовага?) вырадка месцам вечнага зняволення.
Ён падвёў яе да акна, якое выходзіла на зарослую нізкім хмызняком лясістую мясцовасць, схаваную цяпер начной імглою. Не відаць было адсюль і прымацаваных да агароджы аб'яў, якія забаранялі кожнаму, хто б той ні быў, набліжацца сюды без спецыяльнага дазволу.
Прыціснуўшыся носам да шыбы, ён сказаў:
— Я змагу туды выйсці, міс Фэлоўз?
— Ты ўбачыш мясціны намнога лепшыя, прыгажэйшыя, чым гэтыя, — журботна адказала яна, гледзячы на няшчасны твар маленькага нявольніка.
На яго нізкі скасабочаны лоб пучкамі звісалі зблытаныя пасмы валасоў. На патыліцы быў вялікі выступ, галава дзіцяці здавалася празмерна цяжкай, хілячыся наперад, яна прымушала яго горбіцца. Ужо пачалі разрастацца, расцягваючы скуру, надброўныя дугі. Яго масіўны рот намнога больш выдаваўся наперад, чым шырокі прыплюснуты нос, а падбародка не было і ў зародзе — толькі сківічная костка, апушчаная ўніз. Як на свой узрост быў ён занадта малы, крываногі і няўклюдны.
Гэта быў неверагодна выродлівы хлопчык, і Эдзіт Фэлоўз яго вельмі любіла.
Вусны яе задрыжалі — яна магла дазволіць сабе цяпер такое, бо яе твар быў па-за полем зроку дзіцяці.
Не, яны не заб'юць яго. Яна пойдзе на ўсё, каб перашкодзіць гэтаму. На ўсё. Яна адчыніла чамадан і пачала вымаць адтуль адзенне хлопчыку…
Эдзіт Фэлоўз упершыню пераступіла парог акцыянернай кампаніі «Стасіс Інкарпарэйтэд» крыху больш трох гадоў таму назад. Тады ў яе не было ніякусенькага ўяўлення пра тое, што хавалася за гэтаю назваю. Зрэшты, гэтага ў той час не ведаў ніхто, за выключэннем тых, хто там працаваў. І сапраўды, ашаламляльнае паведамленне ўзрушыла свет толькі на другі дзень пасля яе прыходу. А незадоўга да гэтага яны далі ўсяго толькі лаканічную аб'яву, у якой запрашалі на работу жанчыну, што валодае ведамі ў галіне фізіялогіі, вопытам у медыцынскай хіміі і якая любіць дзяцей. Эдзіт Фэлоўз працавала медсястрой у радзільным аддзяленні і таму прыйшла да вываду, што яна адпавядае ўсім гэтым патрабаванням.
Джэральд Хоскінс, доктар фізічных навук, пра што сведчыла замацаваная на яго пісьмовым стале пласцінка з адпаведным запісам, пацёр шчаку вялікім пальцам і пачаў уважліва яе разглядаць.
Інстынктыўна сцяўшыся, міс Фэлоўз адчула, што ў яе пачынае торгацца твар.
Сам жа ён зусім не прыгажун, з крыўдаю падумала яна, лысее, паўнее, ды і вусны ў яго нейкія панурыя, замкнутыя… Але паколькі сума, прапанаваная за работу, аказалася намнога вышэйшая за тую, на якую яна разлічвала, міс Фэлоўз вырашыла не спяшацца з вывадамі…
— Значыць, вы сапраўды любіце дзяцей? — спытаўся Хоскінс.
— Інакш я не стала б прытварацца.
— А можа быць, вы любіце толькі харошанькіх дзяцей? Гэтакіх прывабных херувімчыкаў з малюсенькімі носікамі?