Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Дзень, калі ў цёці Гані сапсаваўся замок на хляве, дзе яна хавала граблі і матыкі, стаў для Рыгора сьвятам. Ён падахвоціўся паправіць замок, а калі ўрэшце адчыніў дзьверы, ягоныя вочы загарэліся творчым агнём: у прыцемку, на саломе, стаялі, ляжалі і цьмяна блішчалі старыя ровары. Сьмеючыся ад прадчуваньня, ён спытаў:
– Навошта вам замок, цёця Ганя? Каб матыкі не пакралі?
– Дык гэта ў бацькі парадак такі, каб усё зачынена было, – зьбянтэжана сьмяялася ў адказ цёця Ганя, – Ён тут інструмэнт захоўвае, запцацкі ўсякія. А зараз усё з сабою забраў, да бабулі Марысі. Дах перабіраюць там зь Міколкай.
Жаданьне Рыгора «пакалупацца ў старым жалезе» парадавала цётку Ганю – на ейную думку, сапраўдны мужык павінен мець рукі і адчуваць пал да працы наогул і да тэхнікі менавіта. З тога дню яна больш не зачыняла хлява, і Рыгор важдаўся там з ранку да ночы. Працягнуўшы ад бліжэйшага слупа кабэль, ён павесіў у хляве лямпачку, рассартаваў па кутох хлам’ё і ламачча, начыста падмёў падлогу жорсткім венікам і падняў на ногі стары скалечаны стол. Цяпер хлеў нагадваў яму родны гараж, па якім ён ужо засумаваў.
Праца над роварам для Лявона заняла колькі дзён, у якія Рыгор жыў такім паўнавартасным, насычаным жыцьцём, што нават спазьняўся да вячэры. Калі ровар быў сабраны, ён па інэрцыі правёў у захапленьні і эйфарыі яшчэ некаторы час, але неўзабаве нуда згусьцілася зноў. Сабраць другі ровар было немажліва празь нястачу спраўных дэталяў: рамы і понажы – пагнутыя, колы – розных памераў, рулі наскрозь праржавелі.
– Цёця Ганя, ці мае хто ў Кляновіцы машыну? – спытаў ён аднойчы.
– Ня ўсе, вядома, не сталіца ўсёткі, але многа хто мае, – рукою ў тоўстай гумовай пальчатцы яна разьмешвала ў тазіку ўгнаеньне на памідоры, – Падлей яшчэ вадзіцы, Рыгорку, бо загуста. Бацька таксама марыў машыну купіць, але вось бачыш, не атрымалася. Дый куды нам езьдзіць на ёй?
Цёця Ганя расказала, што вось прыкладам Алесін бацька мае машыну, «Жыгулі». Ня новая ўжо, але ён яе так даглядае, што тая ніколі не ламаецца. Рыгор акуратным струменцам падліваў ваду, сіняватыя крышталікі рашчыняліся.
У той жа дзень Алеся вячэрала ў іх, і Рыгор завёў размову пра машыну. Алеся пацьвердзіла словы цёці Гані пра «Жыгулі», пра любоў да іх свайго бацькі, і згадала пра вялікі цагляны гараж, поўны разнастайных інструмэнтаў і прыстасаваньняў. Рыгор з узбуджэньня нават прыўстаў з крэсла, але заўважыўшы погляд Лявона, поўны халоднай лютасьці, не адважыўся напрасіцца ў госьці да Алесі.
Занядбаўшы хлеў, Рыгор стаў праводзіць шмат часу ля брамы, на нізкай лавачцы з двух укапаных у зямлю чурбакоў і цёмнай дошкай на іх. Ён піў піва з бляшанкі, лускаў семкі ў скрутак ды чакаў, ці не праедзе міма машына. Але дні цягнуліся ціха. Гулі мухі, сьпявалі непрыкметныя птушкі, зьвінела далёкая бэнзапіла, ляскала вядром, паліваючы клубніцы, цёця Ганя. Рыгор разьмінаў цыгарэту і курыў, пускаючы дым уніз, паміж каленяў, каб цёця Ганя ня бачыла і лішні раз не дакарала яго за дапамогу свайму кашлю. Часам ён браў з сабою ножык і габляваў сухія яблыневыя галінкі, спрабуючы зрабіць драўлянага чалавечка.
Паціху Рыгор затужыў сур'езна, і ягоная туга пагаршалася шчасьцем Лявона. Убачыўшы, як яны з Алесяй стаяць, абняўшыся, ля суседзкага тыну ці ўсутыч мілуюцца на ягонай лаўцы, Рыгор адварочваўся ды йшоў у хату, пахмурны і злосны. «Час мне сыходзіць», – думаў ён, але ўсё ніяк ня мог наважыцца. Боршч быў казачна смачны, дранікі, сьпечаныя на сале, раставалі ў роце, і не было ў жыцьці нічога выдатней за клёцкі з грыбамі і макам. Але дзень, другі, тыдзень – і ў яго мала-памалу склаўся плян: вярнуцца ў Менск, расстарацца бэнзінам, мапай краіны і рушыць у далёкае аўтамабільнае падарожжа – у які буйны горад, накшталт Брэсту ці Гародні. А можа нават у Маскву ці ў Кіеў. Дакладную мэту падарожжа ён не фармуляваў, яго гнала нейкая невыразная трывога, якая часам мяжавала з роспаччу. Трэба было неяк зьмяніць сваё жыцьцё, і ён адчуваў, што на гэта яму абавязкова патрэбная жанчына. «Сапраўды, Менск – нейкі зачараваны горад. У іншых гарадох усё мусіць быць слушна. І бабы будуць, і машыны, і рублі. Хоць Кляновіца таксама дзіўная, але гэта з прычыны блізкасьці да Менску».
І вось, у адзін з такіх самотных вечароў, калі цёця Ганя, як заўсёды, пажадаўшы яму добрай ночы, пайшла да сябе, і настала доўгая цішыня, Рыгор хадзіў з кутка ў куток, а потым раптам пачаў зьбірацца. Ён ужо даўно нагледзеў на верандзе палатняную заплечную торбу, ёмістую і трывалую, і цяпер складаў туды патрэбнае: хлеб, піва, кансэрвы, запалкі, нож, вяроўку, пачкі грошай. Павінны ж некалі нарэшце спатрэбіцца грошы? Рыгор пакаваўся, з надзеяй чакаючы крокаў Лявона – калі б той прышоў зараз, пагаварыў зь ім, прасьпяваў песьню, проста пасядзеў побач, туга б сунялася. Рыгор лёг і чакаў, нібы нейкая нітачка трывала яго тут.
Але Лявон пракраўся ў пакой ужо пад раніцу, на дыбачках, асьцярожна прычыніўшы за сабою дзьверы і на імгненьне замёршы, узіраючыся ў бок Рыгора – ці заўважыў? Рыгор змрочна маўчаў: «Значыцца, ён да гэтага часу не заўважыў, што я наогул ніколі ня сплю. Сябар, называецца». Лявон, стараючыся не рыпець спружынамі ложку, лёг, і ягоны подых адразу зрабіўся глыбокі і роўны. За вакном віднела. Неўзабаве і цёця Ганя прачнецца. Рыгор ціха, але спрытна ўстаў, паправіў ложак, ускінуў на плячо торбу і прайшоў на кухню. Асьвяжыўшы твар халоднай вадой з рукамыйніку, ён сунуў у кішэню пару яблык, абуўся і выправіўся.
Ён ужо добра вывучыў маленькую Кляновіцу і прыкладна ўяўляў, як патрапіць на тую прасеку, што вядзе да Менскае трасы. Шлях, якім яны прыйшлі сюды ў сама пачатку, быў абыходны, і Рыгор, каб скасіць вуглы, павярнуў на пустэчу, спрэс зарослую палынам. Між пустэчай і нахіленым плотам, цёмным са старасьці, вілася сьцежка, кірункам рыхтык да прасекі. Рыгоравы джынсы неўзабаве змакрэлі з расы, пацяжэлі, і ён шкадаваў, што не падвярнуў іх, але было ўжо позна. Ён крочыў шпарка, сьпяшаючыся сысьці далей, ці то з боязі раздумацца, ці то з асьцярогі, што яго хопіцца цёця Ганя. Ён ня здолеў бы вытрываць ейныя ўгаворы застацца. «Але як яна мяне дагоніць? Бягом пабяжыць ці што? Дурное».
Платы скончыліся, і сьцежка пабегла хмызьняком, паўз бярозак і ялінак, што расьлі з густое высокае травы. Хутка сьвятлела. Неба зьлева паружовела, і неўзабаве над верхавінамі дрэў зьявіўся краёчак сонца. Рыгор хмурыўся – ён меркаваў ужо даўно выйсьці на прасеку і збочыць да трасы, але ня было ні прасекі, ні высокавольтавае лініі. «Я ня мог пайсьці не туды! – думаў ён са злосьцю, – І хто пратаптаў гэтую пятлюку?» Драбналесьсе ўжо скончылася, і цяпер ён ішоў між высокіх хвояў, нягучна ступаючы па моху і сухіх іголках. Рыгор заўсёды ганарыўся сваёй здольнасьцю дакладна арыентавацца ў прасторы, і думка пра вяртаньне назад яго абражала.
Надумаўшы трохі перадыхацца, ён сьцягнуў з пляча торбу і кінуў яе на зямлю. Гучна дзынькнула шкло аб шкло, і ён, раззлаваўшыся на сябе за глупства, кінуўся правяраць, ці не разьбіліся бутэлькі. Не, цэлыя. Рыгор уладкаваўся на пагорку побач са сьцяжынкай, зьеў акраец хлеба з салам і напіўся піва. З задавальненьнем закурыў. Справы паўсталі ўжо іншым бокам. «Мусіць жа гэтая сьцяжынка куды весьці, калі людзі яе пратапталі. Куды прыйду, туды прыйду. Хіба ня ўсё роўна? Патрапілі ж мы ў Кляновіцу выпадкова? Сама лепшае заўсёды здараецца выпадкова», – і, задаволены гэтым абагульненьнем, ён устаў і пацягнуўся, падняўшы рукі над галавою.
Адпачыўшы, Рыгор рушыў далей. Выпітае піва быццам паўплывала на лес: ён пачаў сьвятлець, ператварацца гаем, і раптам сьцяжынка выбегла на грунтавую дарогу з густым траўем абапал. Рыгор узрадаваўся і пасьля нядоўгіх ваганьняў збочыў направа, напяваючы «Ungeduld» і дырыжыруючы рукой. Ён памеркаваў, што трэба дайсьці да якога паказальніка, а потым ужо з’арыентавацца і абраць дакладны кірунак. Сонца стаяла высока над дарогай, біла ў вочы, пякло. Зьвінелі конікі. Ён ішоў бакавінай, трымаючыся ценю, але неўзабаве наскрозь змакрэў, нават да плямаў на грудзёх і пад пахамі. Вельмі смажыла, і ён адкаркаваў яшчэ адну бутэльку.