Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
Пра Сьняжану Стах успомніў толькі напрыканцы працоўнага дня. Яе не было на працы ўвесь дзень, і Стах, як яму гэтага не хацелася, пацікавіўся, хаваючы вочы, у Танюхі, дзе ж падзелася Сьняжынка. „Адгул узяла,”— ашчэрыла гнілушкі Танюха. „Што, сумуеш? Ты ёй пазвані. А то зьезьдзі, праведай. Яна якраз да дзевяці сёньня адна.”— „Пазваню абавязкова,”— адказаў Стах голасам п'янага трактарыста, не наважыўшыся прызнацца, што ні тэлефонам, ні адрэсай Сьняжаны яму ніколі і ў галаву не прыходзіла пацікавіцца.
Шруб жыцьця, так груба вырваны са сваёй адтуліны вар'яцкімі падзеямі серады, на дзіва лёгка стаў на месца. Стах вырашыў жыць як жыў, ні пра што не даносіць, пастарацца навогул забыцца на існаванне гэтай зьніадкуль узьніклай паперчыны, якая ляжала зараз у стале Ясірава. Шчасьце, вядома, што яму дазволілі застацца на прадпрыемстве. Пад сажаю штодзённай працы, пустых размоваў і дзіўных звычаяў, у якіх, праўда, Стах знаходзіў з кожным днём усё менш дзікунскага і нават пачынаў лічыць іх надзвычай павучальнымі для гэтых інфантыльных людзішак адтуль, гэтых самаўпэўненых адтулінцаў (яму надта карцела ўбачыць у брыгадзе якога-небудзь навічка ды паназіраць за ягонымі пакутамі), пад усёй гэтаю сярэднявечнай таямнічасцю хаваліся бліскучыя пэрспэктывы. Мала таго, што прадпрыемства давала яму рэгулярны заробак, адзін з самых высокіх сярод дзяржаўных прадпрыемстваў гораду, так што Стах мог дазволіць сабе завесьці некалькі пародзістых, пухнатых, нявыхаваных і мілых звычак; мала таго, што ён кахаў фарбу мацней за ўсіх жанчын усіх сьветаў і цешыўся сваёй прыбліжанасцю да Яе Вялікасьці; мала таго, што на ягоным жыцьцёвым шляху сустрэліся нарэшце людзі, якія здольныя былі ацаніць ягоны талент, якія бачылі ў ім асобу, вартую ўвагі, якім ён, Стах, быў цікавы й сімпатычны. Мала таго, што ён пачуваўся тут натуральна і ўтульна, так добра, як нідзе па той бок, мала таго, што ён адкрыў для сябе вельмі прыемнае пачуцьцё, недасяжнае яму ў ягонай мінулай ролі — пачуцьцё радаснай стомы пасьля грунтоўна выкананай Работы. Было і яшчэ нешта. Па-першае, начальнік цэху паабяцаў Стаху пасьля Новага году выдзеліць памяшканьне пад майстэрню дзе-небудзь у падсобны, з умовай, што Стах будзе займацца афармленьнем цэху, рабіць матэрыялы па нагляднай агітацыі, патрэбныя надпісы на прадукцыі ды абсталяванні. Па-другое, ён дамовіўся, што друкарня прадпрыемства выдасьць увесну ягоную кнігу. За казённыя грошы. Значэньне гэтага цяжка было пераацаніць! Кніга. Ягоная першая кніга. Ягоны паэтычны зборнік. Назва ўжо была. „Рукі сноў, або сны рукі”— гучала годна.
Ужо каля самай прахадной, слухаючы разважлівы аповед Кірылы Антоныча пра апошнюю хваробу ягонай жонкі, якая ўжо тыдзень ляжала ў больніцы з падазрэннем на рак, Стах заўважыў у небяспечнай блізкасьці ад сябе карэспандэнта Ждановіча, апранутага ў нязьменнае сваё паліто, па якім струменіў каціны волас. Ждановіч таксама заўважыў Стахаву галаву, якая мерна пагойдвалася на паверхні натоўпу, але адразу ж удаў, што не пазнае, і дэманстратыўна ўзьняў вочы да балянсуючага на мяжы двух безагаворачных колераў прыземістага неба. У Стаха не было асаблівага жадання размаўляць, ён якраз задумаўся над рыфмаю да слова „Марлокін”, аднак па прыхамаці чалавечай масы іх урэшце падсунула адзін да аднаго. Сарокі, далёкі, папрокі...
Ждановіч, намагаючыся не прыціскацца надта блізка, фамільярна павітаўся і, з прыкрасцю паглядваючы паверх галоваў, пасьпешліва загаварыў:
— Ну, як, вясной кніжка, а я прачытаў вашыя, выйдуць, выйдуць на наступным тыдні. Але ж хацеў вам параіць, вы бы на час кінулі паэзію, а напісалі б нам карэспандэнцыю якую, пра рэканструкцыю ЦТО, прыкладам. У нас за вершы ня плоцяць — а яны выйдуць, так, добрыя вершы — а за рабкораўскія матэрыялы пару рублёў атрымаеце. Я вось з друкарні йду і...