Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Ты ў мяне зямлю есьці будзеш!— закрычаў чалавек. Кабура на ягоным рамні здавалася ненатуральна вялізнай.— Ты ў мяне крывёю ўласнай захлынешся, сука! І дружкоў тваіх на чыстую ваду выведзем, будзь спакойны. Ты...
— Я...
— Маўчаць! Не размаўляць! Забі свой славесны фантан, гаўнюк!
Пасьля гэтага вывяржэння чалавечак раптам сьціх. Ён вярнуўся да свайго месца за сталом, прамармытаў: „Артылерыйская падрыхтоўка скончаная” і ўтаропіўся зноў перад сабою. Пэнсыянэры замерлі каля дзьвярэй.
— Дакладвайце,— махнуў рукой чалавек і чыхнуў.
— Будзьце здаровыя,— сказаў Стах асьцярожна, ён вырашыў не губляць годнасьці ні пры якіх абставінах. Трэба заставацца ветлівым і стаяць на сваім. Тады напэўна яму ўдасца давесьці, што яго, Стаха, нехта падставіў, элемэнтарна падставіў, і хутчэй за ўсё, з банальнай чалавечай зайздрасці. Але не пасьпеў ён прамовіць свае словы, як чалавечак ужо стаяў каля Стаха, патрасаючы недзе на ўзроўні Стахавых грудзей „настаяшчым” пісталетам. Кабура ягоная ў захапленьні закусіла губу.
— Заб'ю, падла!— чалавек упёрся галавой Стаху трохі вышэй за жывот, б'ючы пісталетам чамусьці па адным і тым жа гузіку, так што ў пакоі чулася раўнамернае ціхае пагрукванне.— Ён мне здароўя яшчэ жадае! Гэта табе яно зараз спатрэбіцца! Маўчаць, сука, маўчы, а то цябе ў катавальню на насілках панясуць!
І зноў гістэрыка скончылася раптоўна. Чалавечак ахайна схаваў зброю ў кабуру й сеў за стол.
— Сямёнаўна затрымала,— ступіў наперад адзін з ахоўнікаў.— Хацеў пранесьці з прадпрыемства праз прахадную пакет са шрубкамі. Штук пад сто. У кішэню паклаў і думаў, што не заўважаць. Я проста не разумею. Калісь несуны хітрэйшыя былі, у майткі, памятаю, хавалі, у задніць! засоўвалі, а як машынка нашая зьявілася, дык цяперака толькі на транспарце. А гэты нахабнік такі — проста ў кішэні хацеў.
— Нясун, значыць,— чалавечак крыва пасьміхнуўся. — Справа ясная. Імя? Прозьвішча? Па бацьку?
Стах назваўся, намагаючыся адказваць упэўнена й цьвёрда. Але голас атрымліваўся ўсё адно нейкі аблуплены, з-пад верхняга слою праглядвала апраўданне.
— Дзе працуеш?
— Маляр.
— Брыгадзір?
— Кірыла Антоныч.
— Э-э,— горка працягнуў чалавечак.— Шкада Антоныча. Такое ты яму западло падкінуў... Ну што, пішам пратакол. Дзейнічаў адзін або з групай?
— Разумееце,— Стах заплюшчыў вочы й жалаблівай скарагаворкай прамовіў: — Я нічога не хацеў выносіць, у мяне і ў думках ніколі нічога такога не было, гэта нейкая памылка, я шрубкоў гэтых ня бачыў, ня ведаю, як яны маглі да мяне трапіць, мне іх падкінулі, зайздросьнікі нейкія, паверце мне, калі ласка.
За сваімі таропкімі тлумачэньнямі ён не пачуў, як пэнсыянэры і іхны начальнік зарагаталі. Стах адплюшчыў вочы.
— Ды ты дэбіл нейкі,— сказаў чалавечак, аддыхаўшыся.— У цябе й праўда мазгоў нямашака. Акцябронак хераў. То ён спрабуе ў кішэні шрубкі пранесці праз электронны дэтэктар, то цяпер казкі распавядае пра белага бычка. Прыдумаў бы чаго больш цікавага.
— Усё што я сказаў — чыстая праўда,— сказаў Стах і міжволі нават пакланіўся. Але яго зноў ніхто не пачуў, бо на стале хрыпла зазваніў чорны тэлефон.
— Ясіраў,— гаўкнуў у слухаўку чалавек.— Маю, маю... Давай.
Слухаўка легла на месца.
— Справа ясная — пратакол. Па стацьці звольнім. Можаш лічыць, што ўжо не працуеш, гадзюка.
— Я не хачу сыходзіць,— Стах зрабіў крок наперад.— Я не...
Гэта было ўжо занадта. Як гэта — звольніць? Маляры, заробак, праца, фарба, Фарба, Праца, Маляры, Прадпрыемства, Сьняжана, прахадная — усё гэта, набытае з такой цяжкасьцю, так проста страціць? Што ён будзе рабіць без прадпрыемства? Хто будзе маляваць газэту на наступны год? Вяртацца да свайго колішняга бязмэтнага жыцьця, дзе Стах ня ведаў ні славы, ні сэнсу? Прадухіліць, тэрмінова прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў, бо зараз будзе позна. А заробак, што мусіў быць у пятніцу. Фантастычная сума, потам і фарбаю, пэндзлем і крывёю... Не.
— Але паслухайце,— ледзь не завыў ён, кінуўшыся да стала.— Ну гэта ж проста трыццатыя гады. Тады за каласок у Сібір адпраўлялі, а тут вы за пакецік шрубкоў...
— Э-э,— пахітаў галавой Ясіраў і зноў чыхнуў, падазрона зірнуўшы на Стаха — ці не наважыцца той зноў што-небудзь ляпнуць пра здароўе.— Тваё шчасьце, што не трыццатыя. У трыццатыя я б цябе, сабаку, уласнымі рукамі... А добрыя гады былі. Парадак у краіне. Моцная рука нас усіх трымала, цёпла было ў такой руцэ, утульна, і не рабіў ніхто лішніх рухаў. Скажы, Косьцік?