Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Я апранаюся,— кінуў Стах і падняў з падлогі нагавіцы.— Я адмаўляюся. Пішыце пратакол.
Ясіраў, зусім не зьдзівіўшыся, узяў асадку ды ўзмахнуў ёй па-над новым лістом. У той жа момант рука Стаха накрыла асадку, як каршук, і на паперу вылезьлі нейкія крамзюкі.
— Згодны. Я... Я расьпісваюся. Не! Не, згодны.
— І майткі.
— Навошта вам гэта?— прастагнаў Стах. Рука яго, якая толькі што падпісала самую важную паперу ў жыцьці, легла на гумку майткоў, пацягнула яе ўніз. Ясіраў корпаўся ў сваім стале, нешта шукаючы — збоку выдавала на тое, што ён часаў схаваную ў паліраваных нетрах стала загадкавую істоту, і істота гэтая шчасьліва павісквала. Партрэт генэральнага назіраў са сьцяны, па-казацку пасміхаючыся, як Стах выдастаў сябе з вузкіх майткоў і замёр, згорбіўшыся. У трохкутніку цёмнага ваеннага шкла таксама стаяў Стах, толькі паменшаны, і трымаў паміж ног галаву зьмяі — той зьмяі, якая прыносіць удачу. Зьмяя напружылася, здранцвела, прасіла літасьці.
— Любіш музыку?— спытаў Ясіраў зусім новым, незвычайным голасам. Вочы ягоныя бліснулі й тут жа згасьлі, каб праз імгненьне засьпяваць, ціха й хрыпла,— засьпяваць першы куплет гімну бесстароннасці. Стах разгублена глядзеў, як Ясіраў, трымаючы галаву пад абсалютна нежывым, парадным простым кутам, марадзёрскім рухам выцягнуў з-пад стала патэфон, што імшыста зайграў сваімі нікелевымі аздобамі пад сьветлападам лямпы, потым з грукатам паставіў на паперу са Стахавым подпісам зьзяючую гулкую трубу.
— Артылерыйская падрыхтоўка скончаная,— прашаптаў начальнік аховы, прыладжваючы трубу да корпусу патэфону.— Грасмэйстар Караштаньнікаў па вашым загадзе зьявіўся. На пазыцыях танцы. Любоў Арлова. Прашу падмацавання. Горад-герой.
Два байцы. Плі. Музыка.
Ясіраў зноў палез пад стол. Стах як зачараваны стаяў на месцы, баючыся варухнуцца — было адчуванне, што любы ягоны рух парушыць да часу прыхаваную гармонію вечара, і ня дай божа паляціць прахадная, і цыстэрны фарбы, і кабінэт, і сам Лараў, і неба пад тоўстым слоем бэтону й шыфэру, і заваконная поўня зь лягатыпам прадпрыемства у малянкоўскую шклянку якой-небудзь Рэспублікі Тартарары, і ўсьлед за імі, натуральна, туды ўсмокча й Стаха, без майткоў, беланогага, з бруднай душой, раба па сацыяльнасці, мастака па прызванні. Ясіраў вярнуўся з запыленай кружэлкай, з салодкім банцікам на вуснах накруціў спружыну, быццам набраў нумар каханкі.
— Зараз, зараз,— прастагнаў ён і выйшаў з-за стала. У патэфоне пайшоў летні начны дожджык, зарыпела нябачная брамка далёка ў казачным садзе Тут жа патэфон усё сапсаваў — забляяла камісійнае далёкае танга. Стах нахіліўся, каб падняць майткі, але Ясіраў падыйшоў да яго ўшчыльную, зрабіў кароткі паўпаклон і абхапіў Стахаву тонкую талію. Левая рука Ясірава, пальцы на якой былі спрэс пасечаныя мініятурнымі шарыкамі, мякка, але рашуча ўзяла ўспацелую Стахаву далонь. Агаломшаны Стах не супраціўляўся, і яны зрабілі па кабінэце некалькі цалкам пэўных колаў. Ясіраў павярнуўся да вакна, запракінуў галаву, губы яго з жарсьцю гладзілі адна адну. Шурпатая тканіна форменнага мундзіру прымушала стаяць у фронт усе валаскі Стахавага цела. Стах выварочваў галаву, каб толькі не адчуваць подыху Ясірава, ад якога надта ўжо несла першасортнай цыбуляю. Загіпнатызаваны, Стах доўга ня мог уцяміць, што адбываецца зь дзьвярмі, пакуль да яго не дайшло: яны адчыняюцца, надзвычай павольна й шматабяцальна. Адчыніліся. На парозе, аберуч трымаючыся за касяк, стаяў генэральны дырэктар Марлокін. Кашуля яго была расшпіленая на грудзёх, з нагруднай кішэні тырчэў кончык гальштуку. Стах адчайна паспрабаваў схавацца за сьпінай Ясірава, што, натуральна, загадзя было наканаванае на няўдачу. Марлокін абвёў пакой каламутнымі, зацыганенымі вачыма, але позірк ні за што не чапляўся, перакатваўся па сьценах, прадметах, танцуючых фігурах, бы шарык у дзіцячай гульні. Стах паторгаў Ясірава за каўнер, начальнік аховы прамармытаў нешта незразумелае й прыціснуўся да Стахавага жывата яшчэ мацней. Марлокін пахіснуўся, яго скаланула, як быццам ззаду ўдарыў таямнічы кулак, потым адвярнуўся й зрабіў крок па калідоры, па-ранейшаму застаючыся ў межах бачнасьці. Ён упёрся галавой у аблупленую сьцяну, і з тоўстагубага роту Марлокіна выляцеў на падлогу доўгі пярэсты струмень. Папляваўшы на плінтус, Марлокін уздыхнуў, прастагнаў нешта й рушыў далей. Генэральны дырэктар быў п'яны, п'яны, як замочаная ў віне ялавічына.