Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
Адзін з пэнсыянэраў летуценна закаціў вочы й правуркатаў нешта.
— Мы вось стараемся, каб трыццатыя... Э-э, ды што казаць, што ты разумееш у трыццатых, гаўнюк.
Дзьверы адчыніліся, пэнсыянэры адступілі ў бакі, не раўнуючы вартавыя ля маўзалею. Стах са зьдзіўленьнем убачыў, як у пакой, па-жаночаму віхляючы тазам, прайшоў знаёмы яму Мурло, ня той, маляр, класны хлопец, хаця й грубаваты, а намесьнік загадчыка адзьдзелу кадраў.— Добры,— павітаўся Стах, нечакана зразумеўшы, што Мурло можа яго абараніць.— Добры дзень, таварыш Мурло...
Мурло ціхенька падыйшоў да стала, прыняў з рукі Ясірава пачак цыгарэтаў, спытаў ціха: „Працуеце?” і пайшоў да выйсьця. Стах кінуўся да яго, схапіў за бездакорны рукаў.
— Таварыш Мурло... Вы зможаце мне дапамагчы...
Мурло нечакана спрытна вызваліўся, незадаволена паглядзеў на пакамечаную тканіну, прамовіў „Вы памыліліся, маё прозьвішча Цыпранаў. Ня буду вам замінаць” і так жа ціха выйшаў. А Ясіраў ужо лез на Стаха зь пісталетам.
— Ты што сабе дазваляеш, мразь ты сучая! Ты ж нават запомніць ня можаш, як начальства завуць, гаўнюк!
Стах цярпліва дачакаўся, пакуль прыпадак скончыцца, і, трасучыся, заплюшчваючы запаленыя вочы, адказаў:
— Рабіце што хочаце, але я нічога ня краў. Гэта падстава. Я не зьбіраюся сыходзіць, я да генэральнага дайду. Пішыце свой пратакол, і я пайду.
Ясіраў уключыў сьвятло, бо за вакном нарэшце сьцямнела. Пэнсыянэры ля дзьвярэй засумавалі, асабліва Косьцік — ён нюхаў беламорыну, камечыў яе, трымаючы ля валасатага носу, і з папяросы на форменны мундзір падалі маленькія завітушкі. Рот Стаха таксама перапаўняла сьліна, ён зглатваў яе, відаць, надта шумна, і Ясіраву гэта чамусьці было даспадобы. Гэстам ён адпусьціў ахоўнікаў, і яны са Стахам засталіся ў кабінэце сам-насам.
— Пратакол... —сказаў Ясіраў задуменна.— Ты разумееш, што ў працоўнай кніжцы тваёй будзе запіс: звольнены за спробу крадзяжу. З такой характарыстыкай у касманаўты ня возьмуць. Та-а-ак...
Ён дастаў з шуфляды стала паперу і асадку.
— Пратакол... Добра. Ты, я гляджу, зусім сапляк яшчэ. Шкадаваньне — пачуцьцё прыніжальнае, як сказаў адзін разумны чалавек. Думаю, такога прыніжэньня зь цябе на гэты раз хопіць. А там паглядзім. Можна абысціся без пратаколу.
Ясіраў паглядзеў Стаху ў самыя вочы, спадзеючыся знайсьці там неймаверную радасьць. Знайшоў, пасьміхнуўся, узяў паперу ў рукі.
— Тут гатовы тэкст, табе трэба толькі падпісаць. І пратакол не спатрэбіцца. Пойдзеш да жонкі, пад крылца, боршч есьці, тэлевізар глядзець. Ты ж добры хлапец. Д'ябал спакусіў, разумею. Захацелася грошыкаў на халяву. Вось, паглядзі.
— Я, дарэчы, конкурс сьценгазэтаў выйграў, чулі?— Стах дрыжэў ад радасьці. Як ён ня стрымліваўся, на скулу выехала ўдзячная сьляза на белым мэрсэдэсе. У той жа час знутры Стаха душыла незразумелая млосьць. Чагосьці не ставала арганізму, але чаго? Пра цыгарэты думалася ўжо з агідаю, іншая хваля накатвалася на пустэльны Стахау бераг праводзіла па ім языком, не знаходзіла патрэбнага й расчаравана адступала, прыносячы тупы боль і галавакружэньне.
— Тым болей,— адказаў Ясіраў стомлена.— Памыліўся, з кім не бывае. Але пачакай. Мне як следчаму трэба пераканацца... Пераканацца, што ты больш не схаваў нічога. Я ж так гляджу, яны шрубкі знайшлі, а далей не капаліся, ахламоны. Так што выбачай, мой доўг — праверыць да канца. Распранайся.
Стах абражана замахаў рукамі. „Пратакол! — гідка агаліў зубы Ясіраў. „Хрэн зь ім,”— падумаў Стах, якому не цярпелася вырвацца на волю, і зьняу куртку.
— Далей, далей,— прадырыжаваў Ясіраў, разваліўшыся на крэсьле.
Стах зьняў швэдар і кашулю.
— Нагавіцы,— прамовіў Ясіраў па складох. Стах азірнуўся на дзьверы.
— Пратакол? Звальненьне?
Стах падпарадкаваўся. Ён стаяў у майтках пасярод кабінэту, і Ясіраў па-бацькоўску ўсміхаўся, пастукваючы пальцамі па стале. Дзіўна, але Стах зусім ня мерз, наадварот, цела, якое ўпершыню за такі цяжкі дзень змагло ўздыхнуць вольна, смакавала салодкі сюрпрыз паслабленьня, і пад пахі, пах якіх адразу ж пасяліўся ў пакоі, сьпешна атабарыўшыся ў ва ўсіх кутох, забіраўся прыемны халадок.
Добрае ацяпленьне.
— Калі вы... ну, мужчын любіце, я не дазволю,— сказаў Стах сарамліва.— Я на вас паскарджуся, чуеце?
— Як у цябе какетліва атрымалася,— праспяваў Ясіраў.— Ня бойся, ня буду я да цябе лезьці. Худы які, скура ды косьці... Ну, падпісвай.
Стах, натуральна, спачатку вырашыў прачытаць. Ён падыйшоў да стала, узяў паперу, але тут жа з жахам адчуў, што ў такі адказны момант яго ўсё ж падпільнавала эрэкцыя. Прычым якая... Сьняжана бы страціла прытомнасць. Стах адвярнуўся ад Ясірава, які зарагатаў, і прабег вачыма тэкст. Словаў там было мала. Абавязуюся адпрацаваць на прадпрыемстве дзесяць гадоў са дня падачы заявы. Абавязуюся ўладкаваць сюды на працу ўсіх сваіх дзяцей абодвух палоў. Абавязуюся прадастаўляць у адзьдзел аховы ўсе неабходныя яму зьвесткі пра настроі й пра ўсе размовы, якія пачую ад сваіх калегаў. Абавязуюся захоўваць наяўнасьць дакумэнту ў тайне. У выпадку парушэньня дамовы буду сплочваць прадпрыемству... Колькі? Ко-оль-кі-і?