Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Сяйво месяца і водар зёлак, зоры ў траве ці раса... Сплятаюцца рукі, зліваюцца цені... І сплятаецца побач у траве кубло залатых змей... Ці не стаў шалёны карагод смерці расплатай за той, у травеньскім лесе? Як пасля лаялі іх, блазнюкоў, бацькі — не ўдалося схаваць свой учынак. Анэта два тыдні прасядзела дома, пад замком, у малітвах... «Акрапі мя ісопам, і ачышчуся...» Як расплаціўся за свае легкадумныя паводзіны Богуш — Анэта ніколі не распытвала. Але, мусіць, яму давялося горай, чым ёй. Сама яна шчыра пакаялася, і з жахам уяўляла, як незваротна для яе магло скончыцца баляванне на паганскім свяце, і каму служаць насамрэч падчас гэткіх ігрышчаў... Яна старалася не ўспамінаць пра тую чмуту... Толькі часам, начамі, водар далёкай травеньскай начы ўзгадваўся салодкай грахоўнай трывогай...
Цяпер у Анэты хаця б ёсць на памяць адбітак твару прыўкраснага юнака на Месяцы...
Дзверы пакоя расчыніліся. Лекар захінаўся ў зялёны плашч, падбіты сабаліным футрам, нібыта яму было холадна. Анэце раптам зрабілася страшна — бо госць глядзеў кудысьці праз яе, нібыта яна была празрыстым кавалкам лёду.
— У гэтым горадзе больш нельга заставацца.— Бернацоні падціснуў вусны, і Анэта раптам зразумела, што ён устрывожаны і ўсхваляваны, як ніколі.— Зоркі паўсталі так, што прарочаць няшчасце, агонь, боль...
— Дык адпусці мяне! — дзяўчына не пракрычала гэтыя словы, а прашаптала, і яны нібыта адразу бяссільна ўпалі на падлогу, як мокры снег.
— Вакол мяне скача смерць...— горка прамовіў Бернацоні, зноў звяртаючыся нібыта да самога сябе.— Я ператварыў яе ў сваю служку, пасадзіў на ланцуг, як злога сабаку, і яна здабывала мне патрэбнае... А можа, гэта яна трымала мяне на ланцугу? Колькі можна беспакарана слугаваць смерці? Пераступі праз тысячы тысячаў наўцоў — і аб нейкага, тысяча першага, спатыкнешся. Я загадаю спакоўваць мае гадзіннікі, донна. Дзякуючы табе, яны больш ніколі не схібяць. Ты паедзеш са мной.
— Куды? Навошта? — Анэта адчувала, што пачынае дробна дрыжэць, быццам шклянка на стале ад бою гадзінніка, і, шукаючы дапамогі вышэйшых сілаў, паклала руку на раскрытае Евангелле.
— У вялікі свет, маленькая дзікунка... Да вялікіх ведаў.
— Я не паеду,— Анэта намагалася, каб у голасе не прагучала і ценю боязі.— Ты страшны, акрутны чалавек, лекар... Ты знішчыў волю майго горада. Ты знішчыў маю волю...
Бернацоні сумна ўсміхнуўся.
— Воля, воля... Ты зноў гаворыш пра тое, чаго не ведаеш. Успомні абарончыя валы вакол твайго горада... Магутныя, высокія... А ты ведаеш, хто іх насыпаў? Каго магістрат гвалтам пасылаў на «валовую работу»? Бедакоў, што не маглі выплаціць «падымнае», непачцівых жанчын, што пайшлі ў самадайкі, калі іх дзеці з голаду пухлі, лёзных людзей, свавольных рамеснікаў... Прыйдзе жабрак у вашае слаўнае места — а яго «на вал», капай зямлю пад дажджом ды бізуном цівуна... Запярэчыць шавец або рымар супроць цэхавога майстра — на вал... Як ты думаеш, для гэтых людзей твой Старавежск таксама — вольны горад?
Анэта разгублена маўчала. Бернацоні лёгка прайшоўся па пакоі, нібыта лемпард.
— Воля... Скуль ты можаш ведаць пра волю, жывучы ў гэтым забытым Госпадам куце... Тут цябе адно што заб’юць, як апантаную. А ты можаш мне яшчэ дапамагчы.
— Я не хачу дапамагаць табе ў тваіх чарах! — запярэчыла Анэта.
— Зноў ты пра чараўніцтва, маленькая дзікунка...— раздражнёна сказаў Бернацоні.— Мне патрэбны адвар, які я яшчэ не склаў да канца. Мая праца не скончаная, і твая таксама. Я выведу цябе адсюль незаўважна. Рыхтуйся...
— Я застануся!
Але дзверы ўжо зачыніліся.
* * *
Я сядзела, бяссіла апусціўшы галаву на стол, завалены паперамі. Тахканне адрэстаўраваных Юрасём гадзіннікаў у суседнім пакоі малявала ў маёй беднай галаве выразную карціну: хвілі падаюць жалезнымі кроплямі на каменную падлогу, падскокваюць, коцяцца, сутыкаюцца, як більярдныя шары, і вось ужо ўся падлога засыпаная імі, бліскучая звонкая гара вырастае да столі, вось-вось засыпле мяне халодным важкім цяжарам... Так і ў беднага прафесара мазгі «паехалі»... Як патлумачыў за сняданкам Макс, чарговае абвастрэнне шызафрэніі. А цяпер са мной нядобрае...