Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— І я веру! — адгукнуўся стары шляхціц у жупане, аздобленым палыселым лісіным футрам, з мячом, дзяржальна якога ўпрыгожвалі дыяменты, вялікія, як вока сарны, за кожны з якіх гаспадар мог набыць тузін сабаліных футраў.— Не стане Лаўрын спагадаць італійскаму нехрысцю. Мы з Рожай побач пад Грунвальдам біліся. Гэта — рыцар!
— Пан Рожа можа і не ведаць, што Бернацоні паланіў Анэту! — запярэчыў Богуш, і яго вочы — нават у цьмяным святле паходні было відаць — запалалі гневам.— Слова гонару — я бачыў Анэту ў акне вежы! Заўтра ж я прарвуся туды з мячом і здабуду праўду з іхніх паганых вуснаў! Рушым! Нас не так ужо мала — тут мо з паўсотні, а калі сабраць усіх, хто можа зброю трымаць — сотні дзве набярэм...
— Ты думаеш, усе, хто застаўся жывы, пойдуць за табой? — іранічна спытаў стары шляхціц.— Памыляешся. Паглядзі — у горад з’язджаюцца новыя насельнікі. Едуць майстры, едуць купцы... Пустыя дамы ачышчаюцца ад пошасці і сустракаюць новых гаспадароў. Калі мы ўсчнем новую бойку, што станецца? Зноў пустэча? Ты забыўся, што на Старавежск у любы дзень могуць напасці татары, што карачунскі князь ужо дасылаў сваіх выведнікаў... Кажуць, у пушчы бачылі іх атрад. Вычэкваюць, як каршукі. Хто абароніць горад, калі ўнутры яго пераб’юцца? Не займайся пашчаваннем, звадай, Радчыц... Радуйся, што Бог злітаваўся над табою і даў перажыць пошасць...
— А ці тая пошасць не з дапамогі паганага лекара пачалася? — гнеўна ўскрыкнуў Богуш.
Шляхта загула...
— Праўда, як прыехаў паганец — адразу шалёны карагод затанчыў... Без ведзьмака не абышлося...
— Ну дык што, панове рада,— адчайна спытаў Богуш,— мы пойдзем на вежу?
— Не...— прагучаў сумны голас, і ўсе ўражана змоўклі. Бурмістр — пан Варава Ляскевіч, падышоў да Радчыца, паклаў яму на плячо цяжкую, натружаную ў шматлікіх бойках, руку.— Прабач, сыне... Так, я быў бы рады назваць цябе сынам,— голас старога рыцара здрыгануўся.— Але, відаць, ужо не станецца... Ты так і не навучыўся думаць, што вынікае з тваіх дзеяў. Не заўсёды першае парыванне — лепшае! Я веру Лаўрыну Рожы. Я таксама быў на Грунвальдзе. І, калі Лаўрын прысягае... Маю дачку паклікаў да сябе Гасподзь. Таму не варта дабіваць горад, Богуш. Мы павінны застацца жывыя і ў свой час прыйсці на сойм, і каб нашыя зноў патрапілі ў раду і там змагаліся за вольнасць горада.
Паны ўхвальна зашумелі, не слухаючы больш адчайных заклікаў маладога рыцара.
— Панове рада... Вашая вольнасць... Ваш гонар... Слова маё... Анэта жывая! Анэта ў вежы!
Мілавіца абыякава ззяла над цёмнымі вострымі дахамі места, не зважаючы на рэдкія агні ўнізе, якімі людзі спрабавалі адваяваць у начы кавалачак свайго жыцця.
— Вядома, паненка ў вежы... Хе-хе-хе... Дзе ж ёй яшчэ быць?
Госць падышоў так ціха, нібыта не на чалавечых нагах. Старавежцы рассунуліся ўбок, прапускаючы ў кола, асветленае паходняй, скурчаную хударлявую постаць.
— Ты бачыў яе? — голас Радчыца гучаў амаль умольна.
— Бачыў. Лекар трымае яе ў малым пакоі па левую руку ад соймавай залы.
Таму, хто абрынуты ў цень, прыемна часам стацца каменьчыкам, ад якога ідуць вялікія кругі па вадзе. Карэйва, выскаліўшыся, слухаў крыкі вакол.
— Значыць, Рожа зманіў мне? — сурова спытаў Ляскевіч. Карэйва пакруціў галавой.
— Хе-хе-хе... Войт нічога не ведае. Бо дзяўчына — апантаная.
Пры апошніх словах блазна людзі ўстрывожана змоўклі.
— Ты маніш! — Радчыц сунуў камусьці сваю паходню і схапіўся за дзяржальна мяча.— Ты маніш, як сапсаваны варган!
— Хе-хе-хе! — у смеху Карэйвы гучала пагроза.— Не забывайся, вельмішаноўны, я — рыцар. І шляхецтва мяне аніхто не пазбаўляў. І хаця твая спіна прамейшая за маю, меч я выхопліваю хутчэй, чымся ты, смаркач.
— Пан Радчыц, ахалонь! — стары шляхцюк адсунуў Богуша ад прыхадня.— Кажы, як ёсць, блазан!
Карэйва агледзеў цёмныя твары старавежцаў, на якіх скакалі чырвоныя адбіткі полымя.
— Бачыў я дзяўчыну, якая танчыла ў шалёным карагодзе і выжыла. Яна ўжо не такая, якой вы памятаеце яе. Лекар вылечыў ейнае цела, каб зрабіць дапаможніцай у сваіх вядзьмарствах. І войта не прасіце... Хто ведае, магчыма, лекар ператварае дзяўчыну ў котку ці ў птушку... Загадае пан Лаўрын абшукаць пакоі — а дзяўчыны няма... Хе-хе-хе... Супраць лекара войт без дазволу Вялікага князя не пойдзе. Вырашайце самі, што будзеце рабіць, панове... Я сказаў...
Цёмная постаць знікла ў начы.
— Хто пойдзе са мной раніцою на вежу? — закрычаў Богуш.
— Я, вядома...— пан Варава стаў побач з маладым рыцарам.— Хто з намі?
Азвалася з дзясятак шляхціцаў. Але большасць не хацела біцца за апантаную. У кожнага меліся свае памерлыя, свае дарагія, што не маглі ачомацца ад хваробы... А змагацца з чарамі — справа святароў. Зорка Мілавіца сыпала халоднае блакітнае сяйво на невялікую купку людзей, што не хацелі разлучацца са смерцю. Пан Варава сумна абвёў іх вачыма. Самыя лепшыя і сумленныя... Гэта значыць, што хутка на іхняй зямлі такіх застанецца яшчэ менш.