Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
У прыцемку нешта бялела. Я зразумела, што дабрыла да калонаў, якія засталіся ад зруйнаванай часткі палаца. Спатыкаючыся аб камяні і карэнне, я пайшла да гэтых сведкаў былой славы маёнтка... За калонамі святлела нешта, падобнае да маленькага храма. Альтанка! Таксама з калонамі, толькі меншымі, а галоўнае — з дахам! Самотны ліхтар асвятляў яе прывідным, сляпым святлом. Круглая, нібыта куфэрак, і нават рэшткі сценаў ёсць — між калонамі калісьці былі вітражы... Я паднялася па разваленых прыступках, ледзь не ўпаўшы. Сховішча ад ветру і дажджу ненадзейнае, але ўсё-ткі — абарона... Цікава, хто сядзеў у гэтай альтанцы пару стагоддзяў таму? Мне не было на што прысесці, я проста прыхінулася да адной з калонаў і паспрабавала ўслухацца ў сябе...
— Бомммм!..
Што гэта? Гук даносіўся з боку дома. Нібыта сотні маленькіх званоў гралі п’есу звар’яцелага музыкі. Гэта ж гадзіннікі! Юрась амаль усе адладзіў... А гадзіннікі ўсё білі і білі, і нават тут, у альтанцы, за сцяной ветру і дажджу, ад гэтага звону рабілася невымоўна тужліва, нібыта дзесьці ты пакінуў дарагое, апошняе, і калі неадкладна не памчышся туды, яно знікне, ужо знікае, і ўсё астатняе жыццё станецца пустым, як мёртвы вулей...
Гадзіннікі змоўклі... Але з дома пачуўся жудасны крык — ці чалавека, ці звера... Я яшчэ шчыльней прыціснулася да халоднай калоны. Крыкі паўтараліся праз роўны прамежак... Ды што ж гэта такое? Здавалася, прайшла вечнасць, пакуль яны сціхлі... Я асцярожна рушыла ў бок дома... І якраз паспела ўбачыць, як ахоўнікі і Макс садзяць у джып прафесара Зміцера Патапавіча. Прафесар рухаўся, як лялька, я толькі заўважыла, як у святле ліхтара бліснулі яго акуляры... Джып з’ехаў, і вакол запанавала жудасная цішыня... Толькі дождж барабаніў па блясе перад пад’ездам, ды калацілася маё сэрца, як маятнік сапсаванага гадзінніка...
З дзвярэй майго пакоя выходзіла тонкая постаць, захутаная ў чорны шаўковы халацік з чырвонымі драконамі. Стэла шукала мяне? Што здарылася?
— Проста мне стала страшна... — ціха патлумачыла мастачка, прытрымліваючы на грудзях крысо халата.— Гэты жахлівы звон... Юрась некуды пабег...
Стэла выглядала напружанай. Зрэнкі яе вачэй былі так павялічаныя, што вочы здаваліся чорнымі. Старажытныя рымлянкі спецыяльна для гэтага капалі сабе ў вочы аканіт, сок шалею, або красаўкі. Напэўна, лічылі, што гэта дадае ім таямнічасці. У мяне ж — пакідала адчуванне хворасці.
— Ну дык заходзьце да мяне,— запрасіла я. Але ў канцы калідора пачуўся голас Юрася.
— Стэла! Ну чаму ты выйшла з пакоя?
Мастачка раздражнёна скрывілася, але пакорліва пайшла да мужа.
Што яго зараз чакае — істэрыка або... чарговы сеанс бодзі-арту? Каб трохі перавесці думкі на іншы лад, я збегала ў вестыбюль, да шкляных шафаў, набітых ілюстраванымі часопісамі. Хапанула стос з самага верху... Самы час пачаць знаёміцца з бульварнай, чыста жаночай, прэсай. Ляжала ў ложку, гартала стракатыя, бліскучыя старонкі... Мяне настолькі не тычыўся свет, які з іх паўставаў — касметыка, панчохі, практыкаванні для фігуры — што нават вярталася іронія... Раптам я замёрла: дзесьці я бачыла гэтую мадэльку з нагамі даўжэй за восеньскі вечар, абцягнутымі панчохамі ў чорную сетачку, у гарэзнай спадніцы не больш за ліст гарлачыка, у капялюшыку і паласатым мужчынскім гальштуку на голае цела... Ды гэта ж Ліля! Баркунова ўдава! Вось табе маеш... Баркун жаніўся на мадэльцы... Ну, прынамсі, падобна, што ён не памыліўся так, як Юрась.
Хаця хто сказаў, што каханне, няхай з прымешкам горычы і безнадзейнасці, гэта памылка?
* * *
Мілавіца ззяла над цёмным вострым абрысам храма, нібыта ап’янелы бойкаю вой пусціў стралу ў неба, і яна прарвала чорны аксаміт смугі, за якой палае вечны блакітны агонь. Зусім не падобны на згубны агонь, падораны смяротным... У водблісках паходні, якую трымаў Богуш, твары людзей здаваліся злавесна змрочнымі, нібыта гэта была чарга да Харонавай пераправы, калі гнеў, слёзы, як і колішняя весялосць, ужо нават не ўспамінаюцца. Але Богуш не верыў, што душы апошніх старавежцаў сталіся збуцвелай лістотай, што спяшаецца схавацца пад халодным снегам часу.
— Панове рада, мы павінны ісці на вежу! Гэта наш горад, нашая вольнасць. Няўжо шляхта дапусціць, каб прышлыя гвалтавалі яе нявестаў і дачок! Мы нападзем знянацку і раскідаем гэтых бенкартаў, як шалупінне, і вернем наш маястат!
— І ўсе загінем,— падаў голас руды маладзён з перавязанай хусткай шчакой.— І дзеля чаго? Ведама, ты за нявесту хочаш адпомсціць. Але ж войт сказаў — яе там няма! І я яму веру.