Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 89
Перейти на страницу:

Яна ведала сотні афарызмаў, крылатых выразаў, цытатаў і з задавальненьнем абсявала імі гаворку. Лявон ніколі раней іх ня чуў, і заставаўся сур'ёзным, хоць разумеў па ейнаму тону, што яна чакае пазнаваньня і сьмеху. Крыху пакрыўджаная, яна пачынала тлумачыць, скуль паходзіла тая ці іншая фраза – у асноўным гэта былі кінакамэдыі – і дзівілася Лявонаву невуцтву. Зрэшты, тлумачыць ёй таксама падабалася. Ён у сваю чаргу зьдзіўляўся ейнае памяці і сумленна спрабаваў паглыбіцца ў гумар.

Слухаючы ейны звонкі, гнуткі голас, які адлюстроўваў дзеі ў ролях, Лявон з палёгкай разумеў, што ад яго патрабуецца толькі ўвага, апавяданьні ў адказ не абавязковыя. Ён скуб і скуб пустазельле, дзівячыся на іхнае багацьце пры Алесінае працавітасьці. Пустазельле бездапаможна і слаба чаплялася за зямлю бледнымі карэньчыкамі, і Лявону было шкада губіць гэтыя траўкі, такія прыгожыя пры ўсёй сваёй сьціпласьці. Дачакаўшыся паўзы ў ейным аповядзе, ён спытаў, што яна зьбіраецца рабіць з ураджаем бручкі. Алеся, зрабіўшы вялікія вочы, паглядзела на яго зь перабольшаным зьдзіўленьнем – які дрымучы! – і пачала пералічваць рэцэпты салатаў, супоў і соўсаў. Гумор цалкам вярнуўся да яе. Гэта было поўнае шчасьце – глядзець у дасканалы, знаёмы да драбнюткіх рысак твар. Былі імгненьні, калі Лявон адчуваў такую блізкасьць да яе, што, здавалася, мог увабраць усю яе ў сябе, зьліцца зь ёй, рашчыніцца.

Завялае пустазельле, галінкі і сухое лісьце зь яблынь яны згарналі ў гурбу і запальвалі вогнішча. Алеся лічыла, што попел вельмі карысны на гародніну. Яна давала Лявону разьвесьці агонь, але як ён не намагаўся, гэта атрымлівалася не заўсёды. Запалкі тухлі, газэты не гарэлі. Тады яна прыходзіла на дапамогу, схілялася побач, і праз хвіліну ад жмутка паперы ўжо падымаўся ўпэўнены агонь.

Яна ставілася да вогнішча прагматычна, звыкла. Калі гарэла добра, дык яна абыякава сыходзіла і займалася іншымі справамі. Лявон жа заставаўся сядзець побач, выгляд агню заварожваў і зацягваў яго. Вецер паварочваў у ягоны бок горкі дым, але Лявон не зьмяняў месца, а толькі выціраў сьлёзы і жмурыўся. Часам Алеся падыходзіла, апускалася побач, і праз блізкасьць да яе ён пачынаў губляць цялеснасьць, ператвараўся ў дым вогнішча, лёгкі, напаўпразрысты.

Але часьцей яна клікала яго дапамагчы па гаспадарцы: прыбіць дошку на плоце, каб не матлялася, адпілаваць засохлы яблыневы сук, перасунуць цяжкую бочку з дажджавой вадою. Малаток абавязкова біў па пальцу, тупая нажоўка бадай не пілавала і надзірала на далонях мазалі, але Лявону ўсё было да радасьці. Краем вока ён бачыў, як яна праходзіць побач, і праз гэта ў руках раптам зьяўляліся сілы і ўмеласьць. А калі ўсе справы былі зробленыя, яны пакідалі вогнішча мірна датляваць і йшлі ў хату.

У Алесінай хаце было ціха і прахалодна. Яна садзіла Лявона на канапу ў зале, а сама ішла па шыцьцё. Насупраць канапы, паміж вокнамі, стаяла цёмная кніжная шафа, а на сьцяне мерна цікаў драўляны гадзіньнік. На падлозе – тонкія тканыя палавікі з расьлінавымі ўзорамі, на вокнах – карункавыя фіранкі. Яна ўваходзіла і садзілася побач, а сьледам забягаў Фаўст, громка дыхаў, віляў тоўстым хвастом і ўладкоўваўся ля ног Лявона.

– Навошта табе фіранкі? Яны ж перашкаджаюць глядзець? І сьвятло зачыняюць.

– Як навошта? – гаварыла яна з дакорам, – Каб звонку не было відаць!

– А ўвечары? Калі гарыць сьвятло, праз фіранкі ўсё відаць.

– А ўвечары патрэбныя шторы. Ты быццам з дуба зваліўся! Табе што, падабаюцца голыя вокны? Ці мае фіранкі непрыгожыя?

Лявон спалохана запэўніваў яе, што фіранкі адшуканыя, а яна сьмяялася над ягонай гарачнасьцю і нахілялася над шыцьцём. Звычайна гэта была кашуля, у якой патрабавалася падкласьці старыя рукавы, або прадраныя зімовыя шкарпэткі. З сабой яна прыносіла вялікую пляскатую скрыню з рознакаляровымі ніткамі, наборамі іголак, гузікамі, гаплікамі і іншай драбязой. Яна схіляла галаву, і чорная пасма падала на твар. Хуткім і дакладным жэстам яна вяртала яе за вуха, але тая неўзабаве падала зноў. Тады яна закідвала галаву назад, зьбірала валасы дзьвюма рукамі ў пук і перацягвала іх чырвонай аксамітнай гумкай. Заміраючы, ён глядзеў на ейную далікатную шыю, на чароўна прыгожы профіль. Па ягонай сьпіне беглі хвалі мурашак, а па жылах цёк гарачы мёд.

Аднойчы, калі яна стаяла перад люстэркам, Лявон падыйшоў да яе ззаду, вельмі блізка, і дрыготкім голасам сказаў, гледзячы ў вочы ейнаму адлюстраваньню: я кахаю цябе. Алеся не зьдзівілася, нібы чакала гэтых слоў.

– Лепш ня трэба. Я дрэнная, – сказала яна, апусьціўшы рукі.

– Чаму ты дрэнная? – спытаў ён з палёгкай, бо гэтыя словы адзначалі не адмову, а прыняцьце.

Яна пачала тлумачыць, і ён уважліва слухаў, але не лавіў сутнасьці. Усё, што ён здолеў зразумець зь ейнае эмацыянальнае прамовы – гэта частая зьмена настрояў і бязужыўны характар. І тое, і другое здалося яму сьмешным, дробязным. Ён ня ведаў, што адказаць, і шчасьліва ўсьміхаўся. Яна паглядзела на яго і змоўкла.

Потым яны, быццам нічога і не было, пілі гарбату з сочывам. Лявон чхаў, і Алеся, па-асабліваму бліснуўшы вачыма, вынесла са свайго пакоя дзьве вялікія насавыя хусткі, на кожнай зь якіх была вышытая маленькая сіняя літара Л. Яму стала шкада смаркацца ў іх, але яна прымусіла яго, сказаўшы, што інакш зрэжа літары.

– Вы з Рыгорам нейкія дзіўныя! Заўсёды застуджаныя. Так нельга! Вам абодвум трэба як сьлед акрыяць, інакш могуць быць ускладненьні.

Ён паспрабаваў аджартавацца, але Алеся перапыніла яго і заўважыла, што мае мэдычную адукацыю, і ведае лепш. Яна выправіла яго дадому і строга сказала, каб ён вяртаўся толькі здаровым. Лявон выйшаў у прыцемак вітальні, надзеў туфлі, завязаў матузкі, выпрастаўся – і тут яна абняла яго за шыю і пацалавала. У вусны: коратка, але моцна. Ён не зьдзівіўся, быццам чакаў гэтага пацалунку.

Лявон баяўся акрыяць. Думка пра тое, што ў цяперашнім ягоным жыцьці можа нешта зьмяніцца, палохала яго. Ён прасіў Рыгора мацней змочваць начныя прасьціны, а дзеля ўзмацненьня эфэкту прыдумаў стаяць басанож на прахалоднай падлозе ў час абкручваньняў. У адну з начэй, прастаяўшы басанож паўгадзіны і скалынаючыся з холаду, Лявон спытаў Рыгора:

– Ты зусім ня памятаеш сваю жонку?

– Зусім. Што за дурное пытаньне? Як можна памятаць тое, чаго не было? – груба адказаў Рыгор. У час працэдураў ягоны настрой заўсёды псаваўся.

Адчуваючы цьмяную непрыязнасьць да Лявона, Рыгор закруціўся ў прасьціну як мага шчыльна і пачаў складаць зьедлівы анэкдот пра першае каханьне. Празь пяць хвілін ён ужо астыў і хацеў загаварыць зь сябрам, але той ужо лёг і нават прымудрыўся заснуць.

3. Як Рыгор абараніў гонар аўтасьлесара

Алеся ня надта падабалася Рыгору. На ягоны густ ёй бракавала цэласьці: то халодная сур'ёзнасьць, то агонь у вачох і гарачы сьмех; то імкненьне да самоты, то хваравітая прага да зносінаў і кампаніі. Яму ня надта падабаўся і ейны твар, з выпуклым ілбом і тонкімі вуснамі, а ейныя вузкія клубы нават сьмяшылі – як на ёй трымалася спадніца, было незразумела. Іншая справа – цёця Ганя. Ён часта заглядваўся на яе ззаду, асабліва калі тая адзявалася «па-каўбойску»: кашуля ў клетку з закасанымі рукавамі і старэнькія выцьвілыя джынсы, якія ўдала хавалі хібы і вызначалі вартасьці. Але калі цёця Ганя абарочвалася, нясьмелыя ілюзіі адразу разьвейваліся – твар быў непапраўна пажылы, а ў поглядзе, заўсёды лагодным, ласкавым і мудрым, зусім не было ні жаноцкасьці, ні вабы да новага жыцьця. І нарэшце яна ўсё-ткі была маткай ягонага сябра, і гэты фармальны факт перашкаджаў канчальна.

Рыгор стараўся адцягнуць сябе, і ў гэтым яму больш за ўсё дапамагалі сьпевы. Але шмат сьпяваць не выходзіла – пачынала суха казытаць у горле, і калі ён упару не спыняўся, дык пачынаўся кашаль і падоўгу кавэнчыў яго. Заўважыўшы гэта, цёця Ганя абмежавала іхныя хатнія канцэрты: цяпер дазвалялася сьпяваць толькі пасьля абеду дый трошкі перад сном. Таму адразу па сняданку Рыгор пачынаў чакаць абеду, а пасьля абедавых песень мучыўся, думаючы пра вячэру. Ён нудзіўся, піў шмат піва і курыў «Балканскую зорку», адзіныя цыгарэты ў тутэйшай краме.

1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)