НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Партызанскія дзеянні, у адпаведнасці з загадам савецкага камандавання, таксама заключаліся ў разбуранню ўсяго, што магло служыць узмацненню ваеннага патэнцыялу Нямеччыны. Найбольшыя страты гаспадарка Беларусі пацярпела ў час эвакуацыі прамысловых аб’ектаў на ўсход летам 1941 г. Астатнія вартасныя аб’екты забралі немцы адступаючы з Беларусі ў 1944 г. Менавіта таму ў 1945 г. велічыня прамысловай вытворчасці Беларусі склала толькі 20 % даваеннай магутнасці.
У выпадку Беларусі ІІ сусветная вайна мела таксама далейшыя адмоўныя паслядоўнасці. Краіна засталася без нацыянальнай эліты, частка якой загінула ў час акупацыі, частка эвакуіравалася з нямецкай арміяй, а астатнія неўзабаве апынуліся ў савецкіх канцэнтрацыйных лагерах. У Беларусі не стала сіл, якія маглі б хаця прыпамінаць аб ідэі незалежнасці, аб сваіх нацыянальных сімвалах. Усё гэта было акампраметаванае ў час нямецкай акупацыі, што старанна выкарыстала савецкая прапаганда, прадстаўляючы кожную думку аб Беларусі, якая не была б часткай савецкага свету, як нацыянальную здраду і праяву нацыяналістычна-фашысцкай тэндэнцыі. Змаганне паміж савецкім і нацыянальным інтарэсамі не закончылася ў 1944 г. Пераможны савецкі бок пачаў знішчаць усё, што ў будучым магло б паспрыяць адраджэнню беларускіх нацыянальных імкненняў.
РАЗДЗЕЛ 7
УНІФІКАЦЫЯ ПАЛІТЫЧНАЙ І ГАСПАДАРЧАЙ СІСТЭМЫ БССР
(1944–1956)
Карэктура межаў і перасяленні
Ад пачатку вайны з Нямеччынай савецкі ўрад прытрымоўваўся погляду аб неабходнасці вяртання да межаў СССР з чэрвеня 1941 г. Нічога, аднак, не згадвалася пра межы савецкіх рэспублік. Непасрэдна пасля вызвалення Беларусі Сталін прад’явіў прапанову змяніць межы рэспублікі з Расіяй. У жніўні гатовы быў праект перадачы Расійскай Федэрацыі Полацкай вобласці. Дзякуючы настойлівым старанням І сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі, падмацаваным аргументамі аб ахвярнасці насельніцтва Беларусі ў барацьбе з нямецкім акупантам, беларускім камуністам удалося абараніць усходнія граніцы рэспублікі.
Хаця Беларусь апынулася ў ліку дзяржаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, аднак не мела яна ніякіх прыкмет дзяржаўнага суверэнітэту. Не мог многа сказаць Панамарэнка ў справе мяжы з Польшчай. Фарміравалася яна без удзелу беларускага боку. Няма доказаў на тое, што Сталін, ствараючы польскую Краёву Раду Нарадову ў канцы 1943 г. даручыў ёй пад апеку таксама Беласточчыну. Толькі ў сакавіку 1944 г. у ходзе пасяджэння Вярхоўнага Савета БССР яе старшыня Нічыпар Наталевіч прыгадаў аб магчымасці перадачы Беластоцкай вобласці Польшчы. Аднак ніякія канкрэтныя рашэнні ў гэтай справе не прымаліся. Панамарэнка патрабаваў пакінуць у межах Беларусі Бельскі павет. Прыналежнасць гэтых зямель не была яшчэ вырашана ў ліпені 1944 г., бо на працягу больш чым двух тыдняў пасля вызвалення Беласточчыны на тэрыторыі Бельскага павета стваралася савецкая адміністрацыя. Толькі 10 жніўня 1944 г. Брэсцкі абласны камітэт КП(б)Б выдаў інструкцыю аб вывадзе работнікаў савецкай адміністрацыі і партыйнага апарату з Кляшчэлеўскага і Сямятыцкага раёнаў. Іх месца занялі людзі, дэлегаваныя ўпаўнаважаным Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) на Беластоцкае ваяводства Леанардам Барковічам. Аднак Вярхоўны Савет БССР пастанову аб перадачы Польшчы большасці зямель Беластоцкай вобласці фармальна прыняў толькі 20 жніўня. З астаткаў Беластоцкай вобласці, да якіх былі далучаны тры раёны Баранавіцкай і адзін Брэсцкай абласцей, была створана Гродзенская вобласць.
У 1946–1955 гадах мяжа паміж БССР і Польшчай карэкціравалася неаднойчы. Па загаду цэнтральных савецкіх улад дзяржаўная мяжа перасоўвалася на ўсход чатыры разы, перадаючы Польшчы некалькі дзесяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў, якіх жыхары ў пераважнай большасці былі католікамі. Савецкія ўлады прытрымоўваліся погляду, што самым карысным вырашэннем для СССР, якое забяспечыць стабільнасць заходніх граніц, будзе перасяленне палякаў з Літвы, Беларусі і Украіны. 14 верасня 1944 г. паміж урадам БССР і ПКНВ было заключана пагадненне аб рэпатрыяцыі беларускага насельніцтва з Польшчы і польскага з Беларусі. У выніку ў 1945–1947 гадах з Беларусі выехала 274 163 чалавек. Большасць выехаўшых з Беларусі складалі палякі, хаця выязджалі таксама і беларусы, і яўрэі. Рух у другі бок быў намнога меншы. З Польшчы ў гэты час выехала 36 388 чалавек беларускай нацыянальнасці, аднак не ўсе пасяліліся ў Беларусі. Некалькі тысяч рэпатрыянтаў, насуперак іхняй волі, было вывезеных у глыб Расіі. У Польшчы засталося каля 135 тыс. беларусаў праваслаўнага веравызнання і каля 200 тыс. католікаў, якія карысталіся беларускімі гаворкамі і якіх нацыянальная свядомасць паступова развівалася ў напрамку польскасці.