НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У выніку паляпшэння польска-нямецкіх адносін на Навагрудчыне колькасць падпольшчыкаў у тамашніх падраздзяленнях узрасла да 8 тыс. салдат. Вярбоўка часта праводзілася па прынцыпе прызыву маладых мужчын вызначанага ўзросту. У Лідскай акрузе савецкае падполле на практыцы было выцеснена, а абвінавачаныя ў камунізме тамашнія беларускія дзеячы былі ў большасці забіты.
Становішча на фронце прымусіла немцаў пакарыстацца таксама беларускім людскім патэнцыялам. Восенню 1943 г. аб’яўлены быў прызыў мужчын 1922–1924 гадоў нараджэння ў беларускую дапаможную паліцыю. У казармах апынулася 20 тыс. чалавек, а паасобныя атрады ўзначалілі нямецкія афіцэры і падафіцэры. Самастойныя батальёны беларускай дапаможнай паліцыі пачалі стварацца таксама і ў Беластоцкай акрузе, якая была ў складзе Усходняй Прусіі. Прымусовыя рэкруты служылі выключна мілітарным мэтам Рэйха. З прычыны масавага дэзерцірства навабранцаў боегатоўнасць беларускіх паліцэйскіх падраздзяленняў была невялікая. Менавіта таму было вырашана стварыць беларускія ваенныя фарміраванні ў якасці ўзброеных сіл падлеглых нейкаму беларускаму палітычнаму цэнтру. Такі марыянетачны ўрад у сапраўднасці мог быць толькі шырмай для нямецкіх кіруючых цэнтраў. 21 снежня 1943 г. з удзелам нямецкіх акупацыйных улад была створана Беларуская цэнтральная рада (БЦР), названая афіцыйнай прапагандай «прадстаўніцтвам беларускага народа». Яе старшынёй быў прызначаны Радаслаў Астроўскі, які раней супрацоўнічаў з немцамі ў змаганні з савецкім падполлем на Смаленшчыне. БЦР, так як раней і ХБМ, была поўнасцю падпарадкавана генеральнаму камісару, які вызначаў старшыню Рады і яе чальцоў.
БЦР атрымала вялікія сродкі для аказвання грамадскай апекі, падтрымкі культуры і на прапаганду. Астроўскі часта звяртаўся да грамадства з адозвамі, заклікаў партызан здавацца і абяцаў ім амністыю. Нямецкая прапаганда прадстаўляла яго як правадыра беларускага народа, які змагаецца за вызваленне радзімы з-пад маскоўскага бальшавізму.
У студзені 1944 г. праведзена была рэарганізцыя Рады. Пры Радзе быў створаны вайсковы рэферат, якога шэфам Готберг прызначыў Францішка Кушаля. 6 сакавіка Астроўскі выдаў шырока распаўсюджанае ў друку і распрагандаванае з дапамогай плакатаў распараджэнне, якое прызывала ўсіх мужчын 1908–1924 гадоў нараджэння на службу ў падраздзяленнях Беларускай краёвай абароны (БКА). Распараджэнне забавязвала беларусаў, каб на працягу трох гадзін з моманту даручэння павесткі ставіцца ў прызыўны пункт. Непаслухмянасць лічылася дэзерцірствам і падвяргалася судоваму пакаранню. Стваранне БКА пачалося некалькі дзён пазней, пасля адабрэння праекта ўладамі Рэйха ў Берліне.
Вайсковыя камісіі БКА былі створаны ў Мінску, Баранавічах, Слуцку, Навагрудку, Вілейцы, Слоніме, Глыбокім. Пасля аб’яўлення прызыву ў «беларускае войска» частка прызыўнікоў уцякла да партызан, але ў прызыўныя камісіі з’явілася таксама 40 тыс. мужчын. Паколькі немцы не спадзяваліся так вялікага прытоку навабранцаў, загадалі яны вайсковым камісіям частку прызыўнікоў адаслаць дадому. Завербавана тады 28 тыс. салдат, з якіх створана было 45 батальёнаў, галоўным чынам пяхотных. У той час на бок партызан перайшла Нацыянальная руская брыгада СС Радыёнава. Баючыся дэзерцірства немцы даставілі атрадам БКА столькі зброі, колькі неабходна было для абучэння. Па гэтай прычыне салдаты выкарыстоўваліся галоўным чынам пры будове ваенных аб’ектаў. Немцы не мелі дастатковай колькасці афіцэраў і падафіцэраў, каб згуртаваны ў БКА людскі патэнцыял скарыстаць для барацьбы з партызанамі. У палове чэрвеня ў Мінску адчынілася афіцэрская школа для 280 слухачоў, але ўжо два тыдні пазней горад заняла Чырвоная Армія.
27 чэрвеня, на некалькі дзён да ўступлення савецкіх войскаў у Мінск, Астроўскаму ўдалося давесці да склікання Другога Усебеларускага кангрэса (першы адбыўся ў снежні 1917 г.), з удзелам прадстаўнікоў беларускіх асяроддзяў з усёй тэрыторыі акупаванай немцамі Еўропы. Удзельнічала ў ім 1039 дэлегатаў. Кангрэс аб’явіў сябе органам, які працягвае палітычныя традыцыі Беларускай Народнай Рэспублікі, БЦР палічыў адзінай легальнай уладай у Беларусі, а БССР назваў творам маскоўскага імперыялізму. Усе дэкларацыі, таксама як і парадак пасяджэння Кангрэса, былі раней узгоднены са службай бяспекі Рэйха. Прапагандысцкая акцыя вакол Кангрэса мела ўказаць беларускаму грамадству, што ў Беларусі ёсць свой уласны ўрад, адобраны нацыянальным прадстаўніцтвам, што нямецкае войска — гэта часова размешчаная хаўрусніцкая армія, а ўступаючая Чырвоная Армія з’яўляецца агрэсарам. Два дні пасля заканчэння Кангрэса з Мінска эвакуіраваліся БЦР ды частка афіцэраў і падафіцэраў БКА. На месцы засталіся радавыя салдаты, якія разышліся па дамах, калі распалася ўлада, што прызвала іх на вайсковую службу. Частка з іх неўзабаве трапіла ў Чырвоную Армію, частка ў экстранным парадку была асуджана савецкімі ваеннымі трыбуналамі.