Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том уваходзяць лепшыя празаічныя творы пісьменніка. Апавяданні «Зялёны агеньчык», «Ганна», «Так і было» прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цыкл навел «Сувеніры» расказвае пра цікавыя сустрэчы ў краінах Заходняй Еўропы. Значнае месца ў томе займае вядомая аповесць «Рудабельская рэспубліка».
1 ... 61 62 63 64 65 66 67 68 69 ... 139
Перейти на страницу:

Паперадзе ехалі коннікі. На брылях канфедэратак блішчалі акантоўкі, дзынкалі доўгія зіхатлівыя палашы, рыпелі сёдлы, саплі сытыя коні. На мосце коннікі знялі карабіны. Пехацінцы зрабілі тое ж самае. Абапал дарогі, адразу за ракою, пачынаўся густы ельнік, а трошкі далей — векавы бор. Рассыпацца ланцугом па лесе было боязна, палохала і лясная дарога. Таму, мабыць, неяк самі па сабе пацягваліся павады, запавольваўся крок, вочы пазіралі то ўлева, то ўправа. Камандзір з біноклем на шыі ад'ехаў убок, прапускаючы сваіх салдат і прыспешваючы іх кароткай камандай: «Прэндзэй, панове, прэндзэй!»

Калі прайшла паўз яго апошняя шарэнга пехацінцаў, ён прышпорыў сівага, у яблыкі, каня, але не вельмі спяшаўся на сваё месца наперадзе. Ехаў збоку калоны, узіраючыся ў гушчар. У лесе было ціха, толькі марудна і лена пагойдваліся і ледзь чутна шумелі цёмныя верхавіны хвой. Прыціхлы, і легіянеры. Чмякалі капыты і падкаваныя боты, ламаючы храпу і ледзяныя шкельцы лужын на дарозе. Недзе зусім блізка нешта застукала, мабыць, дзяцел. Закугукаў крумкач на сухой яліне. Павесялелі маладыя чырванатварыя ўланы і легіянеры: лес як лес і дарэмна палохалі іх паручнікі і капралы, што быццам за кожным кустом сядзіць «бандыт».

Пры самай дарозе стаяла некалькі шурак дроў. І раптам з-за іх проста ў лоб калоне ўдарыў залп. Пярэднія коні ўзвіліся на дыбкі і аселі, зляцеў долу адзін, другі, трэці ўлан, заднія наскочылі на іх, заляскалі затворы карабінаў. Але куды страляць, ніхто не бачыў, лупілі ў дровы і проста ў белы свет.

А параненыя ўланы і коні падалі адзін за адным. Легіянеры кінуліся з дарогі ў лес, і тут з абодвух бакоў, з ямак і акопчыкаў, прыкрытых ялінкамі і кустамі, пракаціліся залпы. Валіліся на зямлю забітыя, пазляталі са спуджаных коней жывыя. Адпаўзалі за тоўстыя камлі і несуладна адстрэльваліся.

Ламаючы сучча, па лесе ляцелі ашалелыя коні без седакоў. Здавалася, страляе кожнае дрэва і куст, кулі дзынкаюць аднекуль з зямлі. Конныя і пешыя апынуліся ў вогненнай пастцы. Адзіны паратунак — назад, на мост. Без разбору страляючы ў лясны гушчар, топчучы сваіх, імчаліся ашалелыя і разгубленыя ўланы к Пцічы. Да моста рынуўся бязладны натоўп пехацінцаў, іх да парэнчаў прыціскалі коннікі. З правага боку засакатаў кулямёт. Легіянеры перапаўзалі ад куста да куста, бліжэй к рацэ. Як толькі коннікі даехалі да сярэдзіны моста, з таго, іхняга боку, паляцелі гранаты. Узвіліся коні, потырч пасталі перабітыя маснічыны, а ззаду перлі і перлі параненыя і смяртэльна перапуджаныя салдаты.

Затрашчалі падгнілыя парэнчы. На парэпаны, набраклы лёд сарваўся конь, чмякнуўся і не ўстаў. Сіліўся, матаў галавою і не мог скрануцца з месца. Пад ім правальваўся сточаны лёд, клекатала чорная вада. Без канфедэраткі і карабіна ўлан, што зваліўся з сядла, папоўз па лёдзе. З-за кустоў на мост упала яшчэ некалькі гранат. Яны рваліся з грукатам і свістам, засцілаючы дарогу дымам. Пастка зачынілася.

Насціл на мосце быў разбіты гранатамі, тлелі парэнчы і прасмоленыя тарцы паляў. Камандзір нешта крычаў на пехацінцаў і махаў бізуном. Салдаты пераламанымі плахамі замошчвалі дзіркі, каб хоць па адным можна было перабрацца на той бок.

Страляніна сціхала. Партызаны шкадавалі патронаў. Варта было з кулямёта касануць па натоўпе на мосце, каб пакласці ўсіх. Але гэта ўжо была б не бойка, а расстрэл.

Салавей са свайго акопчыка сачыў, як гайдаюцца кусты на тым беразе ракі, і радаваўся, што ўжо ніхто не знойдзе тых касарыцкіх хлопцаў, што памагалі ім гранатамі з Гайлісавай кузні.

К паўдню сціхла ўсё. Легіянеры перабраліся на той бок, паставілі каля абгарэлага моста варту.

Партызаны па дарозе і ў лесе назбіралі штук трыццаць карабінаў, шабляў, паздымалі з забітых поўныя патранташы патронаў, палавілі спуджаных коней, што разбегліся па хвойніку.

Калі змеркла, перанеслі трупы да моста. На кардоне, прымацаваным да слупа, напісалі: «Забірайце сваіх няшчасных ваякаў і не ганіце іншых на пагібель. Дарогу на Рудабелку забудзьце назаўсёды». І падпісаліся: «Рэўком і падраённы камітэт РКП».

У акопчыках і ў густых кустах каля ракі паставілі дазорцаў. Астатнія зняліся і рушылі дадому. На ўланскіх конях ехалі параненыя партызаны Майсей Раговіч, Рыгор Падута і Макевіч Дзяніс. Іх тугімі кужэльнымі спавівачамі паперавязвала Параска. Калі і як яна апынулася ў лесе, ніхто не бачыў. Параска ладна сядзела ў сядле і прытрымлівала Дзяніса з прабітым навылёт плечуком.

— І трэба ж было табе вытыркацца? А каб у голаў?.. Пацярпі, Дзяніска, фершал зробіць, каб не балелa,— суцяшала яна Макевіча.— Але ж затое от дык далі ягамосцям, што і дзесятаму закажуць.

1 ... 61 62 63 64 65 66 67 68 69 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)