Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Мэдінстытут? – Лявон успомніў, як ён правёў ноч на аўтобусным прыпынку каля мэдінстытута, дзе па-за дрэвамі была відаць ягоная будыніна, і адчуў глыбокую павагу да тога месца і часу. Яму заманілася вярнуцца туды, зноў сядзець на прыпынку і чакаць, чакаць доўга, хоць цэлую вечнасьць, каб аднойчы ўбачыць, як яна, сьпяшаючыся, праходзіць міма.
А яна ўсё гаварыла, гаварыла, і ён нешта адказваў. Замест коўшыка вады яна прапанавала гарбаты. Лявон радасна пагадзіўся і глядзеў, як падол сарафана закруціўся вакол ейных ног, калі яна ўстала. Якія лёгкія і дакладныя рухі! Яны перайшлі за хату, да старога драўлянага століка, і ўладкаваліся на ўгрэтых сонцам плястыкавых крэслах. Алеся прынесла на бляшаным, размаляваным кветкамі падносе два кубкі з чорным чаем і сподачак з сочывам. Ён ува ўсе вочы глядзеў на яе і думаў, што яна, пэўна, адчувае ягоны погляд, дужа пільны. «Няўжо мы будзем есьці сочыва з аднаго сподку?» – халадок захапленьня пабег па ягонай сьпіне.
Лявон блага памятаў сваё вяртаньне дадому ў той вечар, дый навошта было памятаць? Вярнулася толькі ягоная абалонка, а сам ён застаўся лунаць вакол хутара. Ён больш не задумляўся, што такое жанчына і чым яна адрозьніваецца ад мужчыны – гэта зрабілася бессэнсоўна, як задумляцца аб тым, што такое неба ці аблокі. Цяпер ён ня думаў – ён ведаў усе адказы, без дапамогі акадэмікаў і анатамічных атлясаў. Ён успамінаў абрыс ейнага твару і праз гэта быццам напаўняўся эфірам: цела страчвала вагу і ўзьлятала над зямлёю, прывязанае толькі тонкай нітачкай.
Раніцай, калі ён прачнуўся і сядзеў на ложку, задуменна боўтаючы голымі нагамі, маці і Рыгор падступіліся да яго з пытаньнямі – дзе ён быў, што зь ім здарылася? Лявон без утояў расказаў, што пазнаёміўся зь дзяўчынай, што жыве непадалёк. Маці і Рыгор пераглянуліся і пачалі асьцярожна выпытваць падрабязнасьці: хто ды дзе, як ды чаму. Але тут са двара пачуўся брозгат клямкі на весьнічках, басавіты брэх, і звонкі голас паклікаў гаспадароў. Алеся прыехала сама.
Яна сталася адкрытай, таварыскай, простай – і не адчуваць да яе прыязнасьці было немажліва. Першага жа дню яна падмяніла маці на кухні і, заслаўшы Лявона ў краму за селядцом, прыгатавала неверагодна смачны фаршмак, у выглядзе рыбкі з цытрынавай каронай на галаве. Маці, робячы выгляд, што выпадкова праходзіць міма, рупліва сачыла кожнае дзеяньне Алесі, але не магла не ацаніць ейнага стаўленьня да сябе, сьмелага, але поўнага павагі, пачцівасьці і ласкі.
Не прайшло і двух дзён, як мама ўжо клікала яе Лесенькай, Лесечкай, дачухнай, а часам брала ў рукі ейныя вузкія далоні і глядзела ў вочы, з замілаваньнем і ледзь не са сьлязьмі. Лявон не разумеў гэтых сцэнаў і бянтэжыўся. Ён сыходзіў у пакоі і няўважліва гартаў друзьлюткі тамок Пэтраркі, з паніклай чорна-белай галінкай на вокладцы. Яму не абавязкова было глядзець на Алесю ці гутарыць зь ёю – ён пачуваўся нібы ўнутры ейнае аўры, нібы ў пяшчотных хвалях ейнага спакойнага, радаснага сьвятла. «Ці гэта яно – каханьне?» – спытаў ён сябе аднойчы і не знайшоў, што адказаць. Параўнаць было не з чым.
Рыгор, спачатку ўзрушаны фактам існаваньня ў прыродзе дзяўчын, неўзабаве акрыяў ад зьдзіўленьня і пачаў вывяргаць на Алесю свае бясконцыя запасы анэкдотаў, баек і дурных казак. Лявон, асьцерагаючыся грубасьцяў і пошласьцяў, уважліва прыслухоўваўся да Рыгоравых слоў, нават калі ня ўдзельнічаў у іхнай размове наўпрост, але той паводзіў далікатна і ані разу не дазволіў сабе нічога дрэннага. Сталы, вясёлы, дужы, зь беззапіннаю мовай – ён мог лёгка выперадзіць сябра, калі б не нябачная, але амаль датыкальная сувязь, якая адразу ўзьнікла паміж Лявонам і Алесяй. Сувязь стваралася мноствам дробязей-нітак: іхнымі тварамі, зьвернутымі адзін да аднаго нават па-за відомасьцю, як сонечнікі да сонца; іхнымі поглядамі, нячастымі, але яркімі, як промні; іхнымі дыялёгамі, кароткімі, але напоўненымі асаблівым, значным сэнсам, і яшчэ нейкім няўлоўным хваляваньнем, што вісіць у паветры, як пах далёкае чыгункі ці звон конікаў.
Алеся ахвотна прыняла ўдзел у іхніх хатніх сьпевах, а аднойчы прынесла двайную кружэлку Шубэрта «Прыгожая млынарыха». «Гэта татава кружэлка», – сказала яна з гонарам. Лявон і Рыгор адразу ж завялі яе на прайгральніку і з захапленьнем развучвалі словы аж да вечара. Голас Алесін быў тонкі, старанны, але няўмелы, а твар у час сьпеваў рабіўся сур'ёзны і па-дзіцячаму безабаронны.
У некаторыя дні Алеся не прыязджала. Лявон нудзіўся і чакаў да абеду, хоць і ведаў – калі яна не зьявілася а адзінаццатай, дык ужо ня зьявіцца зусім. Лявон са зьдзіўленьнем адзначаў, што на адлегласьці ягоныя пачуцьці ясьнелі, узмацняліся, і, замест сьляпога захапленьня блізкасьцю да яе, усярэдзіне загараўся яркі агонь, які шукаў выйсьця і штурхаў дзеіць. Да якіх менавіта дзеяў – гэта Лявон пакуль што ня здолеў зразумець.
Каб адцягнуцца на штосьці, ён блукаў садам, пагладжваў цяжкія яблыневыя галіны, падоўгу сядзеў на старой лаўцы пад вакном мамчынага пакою, слухаў мушынае гудзеньне на сонцапёку і мэханічныя гукі, што даносіліся з хлява. Там важдаўся са старымі роварамі Рыгор – ён зьбіраў з пары іржавых, крывых калымажын адзінае здольнае цэлае.
Колькі дзён раней Лявон узгадаў яму сваю даўнюю мару пра ровар, і Рыгор з нуды ўхапіўся за гэтую ідэю. Ён выказаў перакананьне, што дрэнная тая мара, якая не ўжыцьцявіцца, і што дрэнны той сябар, які не ўжыцьцявіць мару другога. Ён заручыўся мамчыным дазволам і ўзяўся за справу, але задача ўскладнялася тым, што з інструмэнтаў удалося знайсьці толькі малаток, нажоўку для дрэва і страшэннага выгляду абцугі. Астатняе, поводле слоў маці, бацька і Мікола ўзялі з сабой да бабулі. Праца ішла павольна: старыя ровары былі розных мадэляў і гадоў выпуску, з гнутымі коламі, перакрыўленымі понажамі, парванымі ланцугамі, але Рыгора гэта не бянтэжыла.
І вось, пасьля бадай тыдню штодзённае працы, Рыгор вывеў з хлява за рогі «машыну». Ён наперся, каб Лявон апрабаваў яе зараз жа. Лявон пагадзіўся. Крыху расчараваны празаічна аблупленым сядлом і патрэсканым хромам на шчыткох, ён адштурхнуўся ад зямлі, закінуў нагу і, віляючы, пакаціў дарожкай да ганку. І не пасьпеў Лявон выраўнаваць ход, як правая калашына патрапіла ў ланцуг, хісткая раўнавага парушылася, і ён нязграбна паваліўся ў кветнік, падмінаючы браткі. Рыгор дапамог яму ўстаць і адвёў ровар у хлеў на дапрацоўку: ланцуг быў зачынены адмысловай накрыўкай і стаў бясьпечны.
Цяпер, калі Алеся не зьяўлялася, Лявон ехаў да яе сам і заставаў яе ў садзе, за праполкай бручкі ці за цыраваньнем прадраных бульбяных мяшкоў. Яна была радая яму, але далёкая. Нягледзячы на пасьмешку куткамі і ветлівыя словы, яна відавочна думала пра сваё. «Пра што? Пра што?» – напружваў ён думку, каб сілай пратачыцца за ейны погляд, за лоб. Ён сядаў на кукішкі побач і пачынаў таксама палоць. Яна сур'ёзна паглядала ды казала, што ён зараз запэцкае рукавы, і што лепш пераадзецца. Лявон ішоў за ёй да сенцаў і чакаў, пакуль яна вынесе старую, але моцную яшчэ цяльняшку, з латкамі на локцях – гэта стала іхнай традыцыяй. Цяльняшка была бацькоўская, вялікая, яна пахла ейнай хатаю – складаным спалучэньнем розных пахаў, у якім Лявону ўдавалася адрозьніць толькі адценьні мыла і махоркі. Ён з амаль рэлігійным пачуцьцём браў цяльняшку ў рукі і апранаў паверх сваёй кашулі, здымаць якую саромеўся.
Выдзіраючы парасткі лебяды і багатак з духмянае гліністае зямлі, Лявон спрабаваў разгаварыць Алесю, распытваючы яе ці пра махорку, ці пра бацьку, ці пра мэдвучэльню. Гэта быў пэўны ход. Яна пачынала неахвотна, але скора захаплялася, адрывалася ад бручкі і апавядала, апавядала – нястомна, ў драбнюткіх падрабязнасьцях. Махорку яна сапраўды трымала ў шафе, каб сагнаць моль, а бацька ўжо бадай месяц знаходзіўся на курсах павышэньня кваліфікацыі, ён аграном. Пра бацьку яна магла гаварыць бясконца, і праз гэтую тэму ейны настрой рос асабліва хутка. Яна ўспамінала, як бацька вучыў яе плаваць і езьдзіць на ровары, як выжучыў за дзіцячую хлусьню, і яна з тых часоў ня хлусіла, як даглядаў яе ў час хваробы, як дапамагаў вырашаць матэматыку, як паставіў на месца вывіхнуты палец. Яна паказала Лявону той палец, і ён зь нечаканай адвагай прыцягнуў яго да сябе, разгледзеў. Роўны, каштоўны. Яна засьмяялася, адабрала палец і працягвала. Пакрысе, па цьмяным і ўскосным рыскам, у Лявона склалася адчуваньне, што бацька Алесі быў алькаголікам, але алькаголікам ня дробным і ганебным, а мужным, спакойным і высакародным.