Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 228
Перейти на страницу:

Уладзік не чакаў і думаць не думаў, што рэчка, ноч гэтая зробяць яму такі падарунак. Ды дзеля аднаго толькі гэтага варта паміраць, выбухаць, губляць памяць, варта жыць. I дзе, у якім краі ёсць яшчэ такое? Ці можа зямля сатварыць яшчэ большы цуд? Не і не. Хай жа будзе навекі бласлаўлёная зямля, якая так радуе. Навекі стаяць табе, навекі цешыць чалавека, і хай не зводзяцца род звярыны і род людскі. Гэтага жадаў, аб гэтым думаў Уладзік, калі амаль ужо на світанні вяртаўся з Нівак дамоў. Думаў, што недарэмна адкрылася яму бабрыная радасць, не толькі яму, але і Трубецкаму, пэўна. Памёр, загінуў чалавек, але і мёртвы прыйшоў паглядзець на бабрыныя гульні. I кожную, мусіць, месячную ноч прыходзіць сюды. Ведае, што там жа ходзіць яго смерць, ходзіць і знаходзіць яго. I кожны прыход гэта нанава, кожны раз смерць, але ёсць за што паміраць. Недарэмна і бабры абралі сабе пад жытло такое, здавалася б, няўдалае месца. Горшага месца і прыдумаць цяжка. Лазовых ці якіх іншых кустоў няма, асіна там таксама не расце, амаль што гола ўсё кругом. I на гэтым голым, на бугры, дзе стаіць стары пагранічны слуп, дзе колісь пралілася чалавечая кроў, яны пабудавалі сваю хату, пад зямлёй да слупа пракапалі нару, а сюды ж кожны дзень прыходзяць яшчэ і людзі. Даспадобы гэтая мясціна вяскоўцам. Вясною праводзяць тут маёўкі, збіраецца моладзь, танцуюць, спяваюць, іграюць на гармоніках. Летам любяць пасядзець, адпачыць на бугарку і старыя. З яго, з бугарка гэтага, відно ўжо іх сяло, хаты, і рэчка далёка відаць. Ціха тут, спакойна, ні камара, ні мошкі, месцейка высокае, ветрык добра павявае. I вось на такім бойкім, непаглядным, здавалася б, зверу месцы пасяліліся бабры. З розумам звяры, з вялікім розумам. Дапетрылі, што тут яны не толькі навідавоку ў кожнага, але і пад аховай, ноччу іх сцеражэ таварыш граніца, Трубецкі, удзень уся вёска. Не дадуць у крыўду, таму што ў вёсцы хоць і браканьер на браканьеры, але баброў ніхто не кранае. Нейкі даўні запавет ад дзядоў яшчэ пераданы вяскоўцам: не крыўдзіць баброў, быццам яны ў сваяцтве з тутэйшымі мужыкамі. Самі мужыкі былі колісь бабрамі. Былі. Уладзік пераканаўся ў гэтым.

I з тае ночы ён палюбіў баброў, прызнаў іх за родзічаў. Толькі надаралася вольная хвілінка, спяшаўся на рэчку, абышоў яе амаль усю, абышоў таксама і Беліч, глухое занядбанае возера за вёскай, якое толькі па вялікай вясновай вадзе злучалася з ракой. На возеры і на рэчцы ён налічыў шэсцьдзесят бабрыных дамкоў, жыло ў іх каля ста пяцідзесяці баброў. Жыло да гэтай зімы. Зімой прыйшла бяда. Без снегу, пад самы Новы год, прыціснулі моцныя маразы. Рэчка стала. I тут пачала прыбываць вада, як увесну ўсё роўна. Але вясной вада сыходзіла ў балоты, у тарфянікі і паглыналася імі. Цяпер жа ўсё было скавана лёдам. Рэчка выйшла з берагоў, затапіла ўсе даліны і лагчыны, але колькі тых далін і лагчын, яны не маглі прыняць і спыніць зімнюю паводку. Заліло, затапіла па самыя стрэхі і бабровыя хаткі. Бабры, што людзі ў вайну, у чым толькі былі, выхапіліся са сваіх хат, старыя і маладыя абляпілі стрэхі, друзлыя «сумёты» амаль нябачнага з вады лазняку і плакалі, плакалі горкімі бабрынымі слязьмі. Гледзячы на іх, адварочваліся, хавалі вочы і вяскоўцы. Чым яны маглі дапамагчы сваім меншым братам. Калі была б на тое бабрыная ахвота і згода, паразбіралі б іх па сваіх хатах, але звер жа, звер не разумее, што гэта на карысць яму. Плача над сваёю хаткаю наўзрыд, ножкі, ручкі складзе і заліваецца ў тры ручаі, а ў рукі не даецца, не верыць чалавечай спагадзе і дабрыні. I мо недарэмна, што не верыць. Былі ў вёскі бабры, былі ва Уладзіка бабры, ды за адну ноч звяліся. Амаль што ўсіх іх вынішчылі. У каго толькі рукі падняліся, хто пакарыстаўся, нажыўся з бабрынага гора. Не, не будзе яму ўсё роўна шчасця. Не прынясуць яму багацця бабрыныя гаручыя слёзы. Адальюцца яны таму, хто падняў на іх руку. Каб забіць бабра, не трэба было мець і стрэльбу, хапала друка. Ад хатак сваіх яны нікуды не адыходзілі, ды і куды было адысці. Лес чужы ім, на дрэва не залезці і пад дрэвам не схавацца, у кустах, гола ўсё вакол. Не ратавалі і воды, не рыбіны ж яны і не ракі — бабры ўсё ж, ад вады яшчэ не адарваліся і да зямлі не паспелі прыйсці. Вось і стаялі яны слупкамі і крыжыкамі каля свайго захопленага вадою селішча. Бяры друк, падыходзь і бі, забівай, як дзяцей малых. Так яно, мусіць, і было. Друкам цюк па галоўцы — і ў рэчмяшок. Ні табе шуму-гаму, ні беганіны. Ціхае забойства, якое не вымагае вялікай сілы, трэба толькі добры друк, сэрца, каб не ведала літасці, і крыху цярпення, таму што бабры імкнуліся хавацца, ныралі праз стрэхі ў хаткі свае, прытойваліся там на нейкі час, як хапала ў іх паветра, каб развітацца з гэтай сваёй хаткай і жыццём, на раку ж, на вольную ваду не выйдзеш, там лёд, і паверх лёду вады не надта, каб схавацца ў ёй. I яны выходзілі з хатак, ішлі на верную смерць, моўчкі раняючы апошнія слёзы. Прымалі смерць. Так доўжылася тры ночы. Тры ночы доўгіх палак, ціхага забойства. Вёска амаль і не прыкмеціла, як асірацела. Згубіла братоў сваіх меншых. Па вялікай вадзе з сяла асабліва ніхто нікуды і не выходзіў. Першымі кроў каля бабровых хатак прымецілі вясковыя хлапчукі, а да гэтага па вёсцы папаўзлі чуткі: аб'явіўся каля ракі нейкі блакітны трохколавы матацыкл. А чаго яму было аб'яўляцца ў тую пару: рыбіну ні на вуду, ні сеткай па такой вадзе не возьмеш, за зверам — зайцам ці лісам — таксама не ўгонішся. Навошта, чаму тут гэты блакітны матацыкл? Вёска прыкметлівая на ўсякую бязглуздзіцу і недарэчнасць. Але нікому і ў галаву не цюкнула, што баброў б'юць, неяк само па сабе лічылася: мы іх не чапаем, і ніхто іншы не павінен чапаць. Хіба ж гэта можна: грэх, вялікі грэх.

1 ... 65 66 67 68 69 70 71 72 73 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)