Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Уладзік вырашыў не пакідаць Нівак, перапачаваць тут, але дасведчыцца, хто сваволіць тут, пракудзіць. Калі на самай справе Трубецкі, а такую думку ён дапускаў, хаця і не павінен быў дапускаць, усё ж дзесяць гадоў у школе адвучыўся і прайшоў адзін курс культасветвучылішча. Але ў школах тых адно, а ў жыцці другое, шмат чаго тая школа ў іхнім жыцці разумее. Трубецкі ж, калі ён да сённяшняга дня пагранічнік, даруе яму, Уладзіку. Ён жа кожны год на Дзень пагранічніка носіць на яго магілу жывыя кветкі, фарбуе агароджу. А калі яго няма, паглядзіць усё ж, хто ёсць тут. Ці ёсць на самай справе нячыстая сіла, мо здарыцца так, як некалі тут ужо было, недзе напярэдадні рэвалюцыі. Дзед Ахрэм выправіўся на рыбу, прадуха тут у возеры, каля Нівак, была. Паехаў ён на кані, а прыджгаў дамоў пехатою: нячыстая сіла, нячыстая сіла ў Ніўках, лесавікі, усе з бародамі кудлатымі. Пайшлі ўсім мірам праверыць: ніякіх лесавікоў, ніякай нячыстай сілы. Людзі як людзі, у зямлянках каля Нівак жывуць, толькі дэмакраты, супраць цара, значыцца. Ну, супраць дык супраць, мы таксама ўсё жыццё супраць і зрэдку толькі за.
Уладзік думаў, што чакаць яму прыйдзецца доўга, але толькі прымружыў, здавалася, на хвілінку вочы, пачуў, як нешта стрэліла, як з пушкі грымнула, ірванула так, што ўвушшу заклала. Ён зірнуў на рэчку і ўсё зразумеў. Рэчка ўся ў месячных сцежках, з чыстай медзі тыя сцежкі, з серабра і золата адкаваны, і на гэтых сцежках у золаце і серабры купаюцца гаспадары ракі, шасцёра, цэлае сямейства баброў. Вось нячысцікі дык нячысцікі, самі як адлітыя з падчарнёнага серабра і золата, то змейкай, цугам, адзін за адным праносяцца праз усю раку і вады не ўстрывожаць, толькі разрэжуць плынь, як хлеба скібу адрэжуць ці як зямлю плугам узаруць. I вада, як зямля, распластаная на дзве часткі, доўга не сыходзіцца за імі, захоўваючы іх след. А то возьмуцца гуляцца адно з адным, маладыя абкладуць старога бабра, як унукі сівога дзеда, учэпяцца ў яго, павіснуць хто на хвасце, хто на загрыўку, хто збоку. А ён свечкай устае з вады, адбіваецца. Старая бабрыха ўбаку пасмейваецца толькі. I тады бабёр не вытрымлівае, аднаму ў каршэнь, другому поўху, трэцяму выспятка. А сам праз галаву сальта-мартале: беражы, чалавеча, вушы — аглушыць. Як урэжа хвастом-лапацінаю, дубы ўгінаюцца, і цішыня, цішыня на вадзе, на рэчцы, як нікога і не было, пустэльна, спакойна. I раптам шасцёра вадалазаў-падводнікаў, у акулярах нават, здаецца, свечкамі ўздымаюцца над вадой. Пярэднія лапкі складзены на грудзях, галоўкі, мысы выцягнуты да месяца. I ўсе яны перабіраюць лапкамі, моршчаць мыскі, вусікамі паварухваюць, ад месяца носікаў і вачэй не адводзяць, як богу, моляцца яму. I самі ўсе спрэс месячныя, з чырвонага золата адлітыя, серабром і золатам пырскі вады ва ўсе бакі. Цырк, дый годзе.