Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Я ўзрушылася, атрымаўшы нечаканае пацвярджэнне свайго інтэлектуальнага бляску.
— А так было ў традыцыі. Кожны звон храма меў сваё імя, атрыманае ад святара падчас абраду асвячэння. У пачатку 18 стагоддзя ў менскі марыінскі касцёл з Каралеўца прывезлі звон, які меў нават імя і прозвішча — Ян Салагуб, такі вялізны, што не маглі ўсцягнуць на вежу. З яго адлілі два званы, адзін назвалі Якуб — у гонар біскупа Якуба Дадэркі. А ў касцёле Святога Роха на Залатой горцы меліся званы Леанард, Стэфан і Браніслава...
— Адкуль ты ведаеш? — здзівіўся Юрась.
— Ды пісала неяк артыкул пра рэстаўрацыю старога горада... А ў мяне ж памяць «стэнаграфічная»...
Юрась падышоў бліжэй да гадзінніка, прыгледзеўся да паціру ў руках Евы.
— Значыць, імя гэтага гадзінніка — Ян... Трэба тэрмінова знайсці які міфалагічны слоўнік, паглядзець сімвалы іншых апосталаў...
Слоўнік мы знайшлі на паліцы ў маім часовым «кабінеце», нават старонкі былі яшчэ склееныя — не мелася ў гэтым доме тых, хто хацеў бы даведацца, што такое Гадэс або Ураборас. Дапамагала і кніга Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», якую мы з Юрасём ведалі ледзь не на памяць. Ненавіджу тых, хто спрабуе прадставіць нашага вялікага рамантыка слабавольным п’яніцам. Вы напішыце столькі, колькі ён, без наяўнасці, акрамя таленту, сталёвай волі! А ўтрымайце столькі энцыклапедычных звестак у прапітых мазгах! Як там у Пушкіна... «Врете, он и низок не так, как вы...»
Карабель са скрыжаванымі мачтамі аказаўся знакам апостала Тадэвуша.
А вось пакуль мы здагадаліся, што на гадзінніку са Святым Сямействам сімвалам апостала з’яўляецца піла, што прыхінулася ля Святога Іосіфа як знак ягонай цяслярскай справы — давялося добра памучыцца... Добра, што піла была пазалочанай і надта выразна зроблена для другараднай дэталі. Калі нашыя здагадкі дакладныя, гэты гадзіннік называўся Якуб Алфееў.
Пад нагамі Смерці, якая адсякала галаву цару Іраду, былі пазалочаныя выявы трох нажоў — адзін пад двума; яны сімвалізавалі апостала Баўтрамея.
Месяц і сонца плылі па бляшаным шчыце, яго падзяляла напалам высокая дзіда, унізе якой быў трохкутнік... Мы вырашылі, што ён падобны да плотніцкага вугольніка і разам з дзідай паказвае на апостала Фаму, Тамаша, які не паверыў у Божае Уваскрэсенне, пакуль не сунуў пальцы ў ягоную рану.
Крыж, абвіты ружамі і абкружаны анёлкамі, мы доўга не маглі вытлумачыць. Пакуль не атаясамілі два кругі ўнізе з боханамі хлеба. Крыж і два боханы паказвалі на апостала Піліпа.
Затое выявы трох ракавінак пад нагамі Чорнага Рыцара кідаліся ў вочы адразу: дзіўнае спалучэнне, пры чым да Рыцара ракавінкі? Праўда, пасля мне прыйшло ў галаву, што сярэднявечны чалавек бачыў бы тут логіку: рыцар — пілігрым Крыжовага Паходу, такіх пазнавалі па ракавінках, прымацаваных да капелюша... А ў апостальскай сімволіцы тры ракавінкі азначалі Якуба Зеведзеева.
Каб зразумець сімволіку званара, не трэба было лезці ў энцыклапедыі. Звон, у які мусіў біць маленькі званар, быў упрыгожаны знакам «Х». Нахілены крыж, сімвал Андрэя Першазванага.
Грыфон вартаваў тры кашалькі, якія мы адразу прынялі за бутоны кветак. Прывітанне ад апостала Мацея, які, як вядома, быў мытарам...
Льва я вытлумачыла як знак евангеліста Марка, але Юрась запэўніў мяне, што Марк не быў сярод дванаццаці апосталаў... Драўляны леў, пагрозна ўзняўшы рэшткі шырокай лапы, вартаваў кнігу і рыбу, сімвалы апостала Сымона....
Скульптура анёла з трубой была вельмі пашкоджаная. З цяжкасцю разумелася, што два незразумелыя кручкі, што віселі на колцы на фоне пазалочанага воблака — гэта рэшткі ад двух ключоў апостала Пятра.
Нарэшце застаўся апошні гадзіннік. Можна было і не аглядаць яго. Выразаная з дрэва кашчавая фігура ў расе, з нізка нахіленай галавой і скрыжаванымі на грудзях рукамі, стаяла на рассыпаных манетах... Юда-Здраднік.
— Уладальнік не хацеў, каб сімвалы адразу чыталіся,— зазначыў Юрась.— Галоўныя аздобы — зусім іншыя... Але мы малайцы! Аркадзь быў бы шчаслівы! Хаця... Я веру, што зараз ён бачыць нас і радуецца.
Мой былы муж нават стаў падобны да ранейшага юнака, у вачах заскакалі гарэзлівыя агеньчыкі. Ён чынна пакланіўся гадзінніку:
— Вітаем вас, пане Якуб! Даруйце, што дасюль не змог даць рады вашае гаспадарцы... Але ваша цэвачнае колца, якое самым падступным чынам трэснула напалам, заўтра ж будзе верна і старанна служыць вам. Гэта абяцаю я, пан Юрый Дамагурскі, майстар гадзіннікавы, і ўсялякай антыкварнай справы знаўца...
А далей, пад мой рогат, падышоў да наступнага экспаната:
— О, вельмішаноўны Ян, дазвольце заўважыць, што пані Ева, якой вы даверылі пачэсную справу трымаць ваш святы сымболь, пацір з мудрай змяёю, самым непрыстойным чынам згубіла палову аднаго з вінаградных лістоў, што хаваюць ад пажадлівых вачэй ейную спакусную, хаця і выразаную з дрэва, плоць... Вядома, асоба гэткага паважнага ўзросту, як вельмішаноўная пані, наўрад учыніла гэтак па легкадумнасці, хутчэй на цноты шаноўнай пані сягнуў нейкі зламыснік, безэцнік і блудзяга. Але не турбуйцеся, шаноўны пан Яне, я, антыкварыятных спраў майстра, самым далікатным чынам і не бавячыся прыкрыю цудоўныя калені пані Евы адрапараваным вінаградным лістом...