Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Таварышы, не сёння-заўтра найміты капіталу, белапольскія легіянеры, пойдуць на нашу воласць. У іх конніца, ангельскія карабіны, нямецкія кулямёты і гарматы, патронаў, як таго пяску. У нас зброі такой няма. Але мы верым, што пераможам, бо кожны б'ецца за сваю зямлю, за свабоду, за савецкую ўласць. Хто стаў у нашы рады, павінен ведаць, на што ён ідзе. Можа і не ўсе вернуцца з гэтага бою, можа мы страцім нашых таварышаў, але нам не страшна загінуць за лепшую долю.
У натоўпе пачалі ўсхліпваць жанчыны. Партызаны маўчалі, сціскаючы карабіны, трохлінейкі і дубальтоўкі. Пакалыхваліся авечыя шапкі і салдацкія кучомкі, віўся сіні дымок ад самакрутак і раставаў у шэрані мокрага веснавога дня.
— Таварышы,— зноў загаварыў звонкім і чыстым голасам Салавей.— Той, хто гатовы біцца за нашу савецкую ўласць, няхай паслухае і падпіша партызанскую клятву. А хто не хоча ці баіцца, няхай ідзе да жонкі на цёплую печ.— Ён абвёў доўгім позіркам натоўп. Заварушыліся партызаны, пачалі азірацца, але не ўбачылі, каб хто выйшаў з натоўпу.
Салавей дастаў з кішэнькі пацёртага зялёнага фрэнча паперку, акуратна разгарнуў яе. Зняў шапку. Паздымалі шапкі Ляўкоў, Драпеза, Малаковіч. Скалануўся партызанскі натоўп: то адзін то другі пачалі сцягваць старыя салдацкія кучомкі, авечыя шапкі і вайсковыя фуражкі. Вецер шкуматаў густыя чорныя і светлыя чубы, трапаў рэдзенькія касмылі на аблыселых галовах і сівыя грывы дзядоў. Салавей пачуў, як нейкая кабета шэптам спытала: «Бабанькі, можа і хусткі трэба скідаць?» Зрабілася так ціха, што было чутна, як шамаціць паперка ў руках.
— Тады слухайце. «Я, ніжэйпадпісаны,— пачаў ён, адсякаючы кожнае слова,— клянуся гонарам і годнасцю вольнага грамадзяніна, што разумею важнасць узятага на сябе абавязку, ад якога залежыць вынік нашай барацьбы ў справе вызвалення пралетарскіх мас, якія пакутуюць у цяжкой няволі і рабстве, і свята абавязуюся прайсці абраны мною цярністы шлях. Усведамляючы рэвалюцыйны абавязак, я гатовы ахвяраваць сабою дзеля дасягнення мэты, дзеля вызвалення і аднаўлення ў нас савецкай улады, падобна многім іншым папярэднім мне таварышам, якія дастойна памерлі ў няроўных баях... За здраду справе няхай мне будзе ўсеагульная пагарда і смерць».
Людзі маўчалі.
— Не сёння, дык заўтра легіянеры могуць напасці на нашу воласць. Рэўком уводзіць ваенную дысцыпліну. Усе атрады павінны быць гатовы ў любую хвіліну выступіць на абарону савецкай улады,— закончыў Салавей.
Натоўп загаманіў, загайдаўся. Да бярвенняў падыходзілі маладыя і старыя, слінілі аловак, і кожны распісваўся, як умеў — хто ставіў першую літару з хвосцікам, хто крыжык, граматнейшыя распісваліся за сябе і за суседзяў,— «па іх лічнай просьбе». Распісалася Аляксандрава сястра Марыля, за ёю падышла камбедаўка Параска і паставіла тры тлустыя крыжыкі.
— Старшыня, ты б мяне камандзірам над бабскім батальёнам смерці назначыў,— пажартаваў Цярэшка. Але жонка таўханула яго ў карак.
— Сціхні, балабон.
Камандзіры і члены партыі бальшавікоў, зайдзіце ў рэўком,— абвясціў Пракоп Малаковіч.
З натоўпу выйшла чалавек дваццаць. За імі патупаў і Цярэшка.
— Цябе ж яшчэ, дзед, у камандзіры не прызначылі.— Батальён яшчэ не набраўся. Лепей ідзі дадому,— супыніў яго Максім Ус.
— Затое ў бальшавікі ўпісаўся. Пракоп жа казаў ісці ў воласць.
— Партызаны — гэта адно, а парцейныя — саўсім другое,— тлумачыў усміхаючыся Максім старому.
— Як так? Раз я за бальшавікоў, значыць— парцейны.
Калі камандзіры зайшлі ў воласць, Цярэшка пастаяў трошкі, махнуў рукою і вярнуўся да бярвенняў, дзе мужчыны яшчэ падпісваліся пад партызанскаю клятвай.
— Няўжо не ўсё адно? Раз упісаўся, значыць — бальшавік.
Так думаў не адзін Цярэшка: кожны, хто ўзяўся за зброю і распісаўся пад клятваю, лічыў сябе бальшавіком.
Яшчэ не развіднела. За ноч зямля падшэрхла, дубцы прырэчных кустоў абледзянелі і шаргацелі, як драцяныя. З таго берага быў чуцён тупат ног, конскіх капытоў і прыцішаныя кароткія каманды.
Паўтары сотні партызан залеглі непадалёк ад моста. Яны прыціхлі ў акопчыках і ямках, паабтыканых маладымі елачкамі і альховым веццем. На правым фланзе камандаваў Салавей, на левым — Драпеза. За паўвярсты наперадзе дарогу перагарадзіў атрад Ляўкова. Старшыня рэўкома папярэдзіў,— без яго каманды ніхто не мае права нават паварушыцца. Пахла сырой зямлёю і мохам. Ад напружанага чакання ўздрыгвалі сківіцы і пальцы. Абвостраны слых лавіў кожны шоргат і гук.
Тупат нарастаў і набліжаўся. Зацокалі падковы па мосце, глуха загрукалі боты. Легіянеры хацелі неспадзеўкі ўскочыць у Рудабелку, заняць воласць, а што рабіць далей, кожны ведаў сам — бізуны былі са свінчаткаю, шампалы — пры кожным карабіне.