Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— І, магчыма, іх прычыны,— падала я рэпліку, рашуча падымаючыся з крэсла.— Прабачце, я стамілася...
Юрась і прафесар стаялі перад гадзіннікам з драўлянымі фігуркамі Адама і Евы і чагосьці напружана чакалі. Замест яблыка Ева працягвала свайму нехлямяжаму мужу, загорнутаму ў вінаградную галінку з гіганцкімі лістамі, металічны кубак... Такі вялікі ў параўнанні з маленькай фігуркай Евы, што ў рэальнасці мог раздушыць яе. Раптам з кубка выбліснула змяя...
— Боммм...
Мужчыны пераможна заўсміхаліся, я нават пазайздросціла, што не маю дачынення да іх перамогі.
Макс абняў за плечы даследчыкаў.
— Самы час паведаміць — Пётр Апанасавіч тэлефанаваў са Швейцарыі, прасіў перадаць — за кожны адрамантаваны гадзіннік вам прэмія па пяцьсот даляраў!
— Дзякую...— ніякавата прамовіў Юрась, а прафесар расплыўся ва ўсмешцы.
— Прывітанне Пятру Апанасавічу! Гэта вялікі чалавек, сябры! Вялікі! За ім — будучыня! Каб вы ведалі...
— Прафесар, мы ж дамаўляліся...— дакорліва прамовіў Макс, і стары дзівак сумеўся і паслухмяна замоўк.
Гадзіннік працягваў цікаць, гучна, натужна, нібыта яго жалезнае сэрца пераадольвала з кожным ударам супраціў пяці з паловай стагоддзяў...
— Усяго чатыры гадзіннікі засталіся няспраўныя! — радаваўся Макс.— Заўтра будуць гатовыя ўсе дэталі, што вы, Юрась, заказалі... І замену вяроўкам з авечых кішак прывязуць... Не сумнявайцеся — не горш будуць!
Але Юрась сумна ўздыхнуў:
— Нешта «затармазіў» я з рамонтам...
— А што здарылася? — захваляваўся Макс.
— У майго маладога калегі цікавая тэорыя,— крыху раўнівым голасам прамовіў прафесар.
— Ну якая там тэорыя...— прамовіў Юрась.— Проста я зразумеў, што кожны гадзіннік біў як бы на сваёй ноце, яны — як музычная гамма, ад самага нізкага да самага высокага гуку. Але мацаванні пятнаццатага стагоддзя засталіся толькі ў трох гадзінніках. Калі б мне ведаць, у якой паслядоўнасці яны стаялі,— я б мог вылічыць, як было зладжана ў астатніх...
Макс захваляваўся.
— Зараз я распараджуся, каб прывезлі яшчэ якія дакументы... Усё, што можна, што тычыцца гадзіннікаў таго часу...
І збег. Прафесар пасунуўся за ім, мармычучы нешта незадаволена.
Я наблізілася да Юрася, які моўчкі, неяк тужліва ўглядаўся ў фігуркі Адама і Евы. Я заўважыла, што ў чорнавалосай Еве, з доўгімі, раскіданымі, нібы ад ветру, валасамі было нейкае падабенства са Стэлай... Цікава, чаму яна сёння так ціха сядзіць у сваім пакоі? Можа, выпрасіла... «дозу»?
Я абвяла вачыма пакой — што тут было пры колішніх гаспадарах? Памяшканне для прыслугі? Збройня? А можа, катавальня? Вунь якая скляпеністая столь, акенцы — маленькія, у самым версе, праз такія не ўцячэш... Апошні з Людвісараў, які жыў тут, быў паўстанцам Каліноўскага, а пасля зняволення звар’яцеў. Ці не таму гэтыя таўшчэзныя сцены працятыя вар’яцтвам, і нават з-пад сучаснай акрылавай фарбы нібыта цягне пахам плесні, буцвення, застарэлага жаху і тугі? Захворванні душы заразныя... Можа быць, і Юрась?.. Я загаварыла на больш цікавую тэму, пастараўшыся, каб мой голас гучаў як мага больш па-дзелавому.
— Паслухай, гадзіннікі і ў летапісе, і ў пражскіх пратаколах параўноўваюцца з апосталамі. Мусіць, таму, што іх дванаццаць. Продкі шмат значэння надавалі магіі лічбаў. Яшчэ падобна, што гадзіннікі лекар ставіў у кола. Можа, паспрабаваць суаднесці іх з імёнамі апосталаў? Тады і здагадаемся, як былі расстаўленыя.
Юрась уздрыгнуў і адвёў позірк ад фігуркі Евы, што таксама, як і Адам, была цнатліва захутаная ў расфарбаваныя зялёным вінаградныя лісты.
— А гэта вельмі падобна на праўду! Ты малайчына, Анэта. Сапраўды, на гадзінніках столькі рознай сімволікі...
Я прыгледзелася да чорнавалосай драўлянай фігуркі.
— Паслухай, а чаму ў руках Евы — кубак са змяёй? Можа, гэта мусіць нешта азначаць?
Юрась задумаўся.
— Змяя — зразумела, з біблейскай легенды... А кубак — можа, пацір, сімвал страчанай чысціні? Або жаночага пачатку?
Я з жалем пабачыла, што вочы майго былога мужа яшчэ не страцілі сусветнай тугі, таму загаварыла амаль насмешна.
— Ты ж захапляўся старажытнай міфалогіяй... Ну, напруж мазгі — кубак са змяёй... Нешта з алхіміі? Знак золата? Іртуці?
Юрась страсянуў галавой.
— Чакай... Неяк жа я рэстаўраваў абраз... Там было такое... Ну так, кубак са змяёй — сімвал апостала Іаана! Ты разумееш — апостал Ян! А ты ж казала — Бернацоні называў гадзіннікі імёнамі апосталаў!