Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
У душы зноў віравала цёмная злосць, якой Вырвіч ужо не стрымліваў. Ён сам не заўважыў, як праваліўся ў сон, чорны, як адчай, і неглыбокі, як брудная калюга. Скрозь драмоту адзначыў, што Лёднік вярнуўся ў свой ложак толькі на золку. Стары распуснік…
Усю раніцу Лёднік трывожна пазіраў на маладога гаспадара, надзьмутага і маўклівага, як арандатар, якога папярэдзілі аб сканчэнні арэнды, і таксама збольшага маўчаў, бо прапановы пазаймацца лацінай-нямецкім-фехтаваннем-хіміяй-душэўнымі размовамі сустракалі толькі ненавісныя пагляды і халодныя рэплікі кшталту: «Калі захачу, скажу». Сняданак, прынесены даверанай манашкай Дамінікай, быў праглынуты паасобку. Саламея, відаць, папярэджаная Лёднікам, узяла сваю талерку і схавалася наверсе. Лёднік, пэўна, ахвотна далучыўся б да яе, але не наважваўся. Палачане, відаць, пачувалі сябе няёмка, увязваючы перамены ў паводзінах юнага Вырвіча са сваім начным спатканнем, а Вырвіч ясна бачыў, што яны не могуць схаваць сваё п’янкое, таемнае шчасце, што паміж імі цягнуцца нябачныя ніткі, якіх перарваць не ўдасца ўжо нікому, і ад гэтага шалеў яшчэ больш. Выбух атрымаўся пасля сняданку, калі яны з Лёднікам засталіся сам-насам. Доктар падыйшоў да шкаляра і ўхапіў за плечы, змусіўшы паглядзець сабе ў вочы:
— Пранцысь, трэба пагаварыць. Так нельга… Твой душэўны стан…
— Пранцысь? — Вырвіч злосна скінуў з сябе рукі доктара. — Які я табе Пранцысь? Ты забыўся, як трэба звяртацца да шляхціца, мужыцкая морда? Як трэба звяртацца да свайго пана?
Вырвіч штурхануў доктара ў грудзі, і той адступіў на крок.
— Пранцысь… Пан Вырвіч, гневам трэба авалодваць. Ты сам пасля пашкадуеш. Канцэнтрацыя…
— Я табе пакажу канцэнтрацыю, хамуйла! — Вырвіч яшчэ раз штурхануў Лёдніка. — У Агалінскага табе, відаць, лепей было, больш пачціва паводзіўся? Той жа багацейшы, чым я, тытулаваны! Яму ў ручку, ножку цалаваў, а са мной — як з роўняй можна, як са шкаляром?
Лёднік апусціў вочы, яго твар абсунуўся, згас.
— Прашу прабачэння ў пана за дзёрзкасць.
Пранцысь ад гневу ўжо нічога не бачыў, кроў шумела ўвушшу. Ён пан, ён можа хлопа свайго «дзяржаць, ужываць, ва ўсім аддаваць, прыдаць, дараваць, замяніць, заставіць і паводле ўпадабання свайго шафаваць і куды хоча абярнуць». Шкаляр атрымліваў пакутлівае і вострае задавальненне ад таго, што доктар перад ім адступае, мізарнее. Нешта ён нядаўна чуў пра такое ненармальнае задавальненне…
— Па-твойму, так у пана просяць міласці? Ці мне трэба было абыходзіцца з табой, як раіў Агалінскі? Калацінай? Ты, значыць, спланаваў, што добры хлопчык Пранцысь адпусціць цябе на волю, і ты над ім пасмяешся? Сыдзеш і цераз плячо сплюнеш? Не цэніш дабрыні! На калені! Руку цалуй, хамуйла!
Лёднік з каменным тварам, апусціўшы вочы, стаў на калені, пачціва ўзяў руку Пранцыся і прыклаўся да яе вуснамі.
Шкаляр глядзеў на доктара, які стаяў перад ім на каленях з апушчанай галавой, але спіна па-ранейшаму была выпрастаная, не сагнутая пакорліва… І яму хацелася раўсці — ад злосці, крыўды, гневу… У цалаванні рукі вышэйшаму за цябе не было нічога нязвыклага альбо ганебнага. Колькі сам Пранціш перацалаваў усялякіх ручак-ножак, чыстых і не вельмі — пану-бацьку, хроснаму, святару, рэктару, дэкану, колькі разоў бачыў, як багатыя і радавітыя шляхціцы не грэбавалі ў сваіх шытых золатам уборах з дыяментавымі гузікамі кідацца ў ногі больш багатым панам, абцалоўваць іх боты і знізаныя пярсцёнкамі рукі… Ды й самому доктару працэдура дакладна не ўнове. Гэта было звычайнае жыццё! Калі бацька выпраўляў Пранцыся на вучобу, расклаў на дыване ды паводле сармацкага звычаю ўсыпаў бізуноў. А Пранцысь слугу свайго нават ні разу не сцебануў! Але Лёднік, няправільны доктар, які вынайшаў філасофскі камень і адрокся ад яго, умудраўся стаяць на каленях так, што ў гэтым бачылася няправільнасць, несправядлівасць, і Вырвічу было невыносна яго прыніжэнне… І падымаўся гнеў на Лёдніка яшчэ і за гэты свой сорам. Русо, Дыдро, Вальтэр, чалавек не павінен быць рабом…
«Я табе яшчэ пакажу! У Еўропах сваіх адвык ад сармацкіх звычаяў! Ты яшчэ пыл з маіх ботаў сцалоўваць будзеш з пачцівасцю!» — Пранцысь, задыхаючыся, узбег на гарышча, прыпаў да вакна, ля якога сам перажыў нядаўна страшэннае прыніжэнне ў размове з паненкай Багінскай. Вось так яно ўсё ў свеце і адбываецца? Адзін аднаму перадаваць злосць, гасіць крыўду аб скуру бліжняга свайго?
За вакном зноў нудзіў дождж, барабаніў у шыбы, як надакучлівы старац, што прасіў прытулку. Але з Верхняга, Ніжняга і Рыбнага рынкаў даносіліся крыкі і лаянка, а вулічныя гандляры гарлалі проста пад вокнамі, прапаноўваючы свежую рыбу, злоўленую ў Нямізе, вееры з гарадзенскай мануфактуры, пастаўскія хусткі, булкі з Траецкага прадмесця ды іншыя рэчы, якімі грэшнае цела так моцна прывязанае да мітуслівага гэтага свету, што забывае рыхтаваць анёльскія пёры бессмяротнай душы да апошняга палёту, у які не ўзяць анічога — ні літых паясоў, ні налібоцкіх чарачак, ні таго, што з гэтых чарачак так добра п’ецца.