Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 59 60 61 62 63 64 65 66 67 ... 100
Перейти на страницу:

— Ёлуп хвашчоўскі!

Пасля буркатлівы доктар быў напоены адварамі… Твар ягоны трохі паружавеў, а панна Саламея рэшткі мазі панесла да сябе наверх. Пранціш здагадаўся, навошта. Ехалі яны сюды ўсю ноч і раніцу, а панна — вершнік не надта вопытны, трымалася пад канец дарогі ледзь-ледзь, на адной упартасці, якой ёй таксама не пазычаць… І цяпер ходзіць з цяжкасцю. Эх, Лёднік, зоркавед няшчасны… Пад носам нічога не заўважае.

На змену радасці ад выратавання, такога малаверагоднага, зноў прыходзіў цяжар чакання і невядомасці. Яны ў чарговы раз апынуліся вязнямі, на гэты раз у Багінскіх. Каб не жорсткі рытм заняткаў — ад матэматыкі да фехтавання — Пранцысь бы знудзіўся, як непрыгожая дзеўка, якую ніхто за ўвесь баль не запрасіў на танец. Ясна, што князь Міхал вырашыў перачакаць, пакуль пра страчаную полацкую таямніцу забудуцца Радзівілы і Сапегі. Але ж у Полацк ехаць змусіць. Панна Саламея па-ранейшаму захоўвала маўчанне наконт спадчыны бацькі, так што не было зразумелым, наколькі небяспечна і рэальна здабыць рэліквію, і як з ёй найлепей абысціся.

Палачане ўвесь час пад’южвалі адзін аднаго, размовы ў іх былі цікавыя і рэзкія, частку іх вучоных бяседаў Пранцысь увогуле не разумеў, але за словамі вымалёўвалася такая еднасць душаў, што завідкі бралі. Часам доктар і Сільфіда змаўкалі, і здавалася, што ў гэты час яны і вядуць самыя важныя размовы праз погляды, жэсты, стук сэрца і дыханне.

А вось амурныя справы самога Пранцыся патрабавалі рашучых дзеянняў. Асабліва крыўдна было ведаць, што ў гэтым жа будынку поўна прыгожых самотных дзяўчат, а яму ад гэтага ніякай карысці. Часам да шкаляра даляталі малітоўныя спевы, з вакна ён мог бачыць постаці ў шэрых базыльянскіх сукнях. Магчыма, сярод іх ёсць тая, якую аддалі жорсткія сваякі ў кляштар гвалтам, і яна марыць адсюль збегчы, альбо хаця б не супраць перакінуцца слаўцом з гожым юнаком. Але да мнішак не было дабрацца аніяк, у гэтую частку кляштара яны не заходзілі, а старая Дамініка, што прыносіла ежу, не лічылася.

Вядома, асноўнае месца ў мроях займала Паланэя Багінская, якая ў сваім паслушніцкім строі больш не здавалася такой недаступнай. Чаму б не выманіць паненку Паланэю для размовы ў які ціхі і бязлюдны куток кляштара, ну хоць на гарышча? Скарыстацца тым, што ваевадзянка, сасланая да цёткі дзеля адбыцця нейкай епітыміі, тут сумуе, і ў адсутнасці баляў і кавалераў можа задаволіцца і гаворкамі з блакітнавокім шкаляром. Цікава, што ж яна такога натварыла, што брат адправіў яе сюды? Хаця такая што заўгодна ўчыніць можа…

Яны з Багінскай сядзелі ля круглага вакенца і глядзелі на Менск, які патанаў у вечаровым змроку, як магутны карабель з белымі ветразямі храмаў і каржакаватай мачтай ратушы. Паланэйка прыладзілася проста ў ваконнай нішы, з-пад шэрага крыса манаскай сукенкі паказвалася яе ножка ў цалкам свецкім, вышытым зялёнымі каменьчыкамі чаравічку на высокім выгнутым абцасіку. Пранцысь прыстроіўся ніжэй, ля ног сваёй чароўнай дамы, і млеў ад шчасця і гонару: ён, сын шарачка Вырвіча з Падняводдзя, які пасвіў каровы ды ўласнаручна раскідваў на полі гной, сядзіць сам-насам з Паланэяй Багінскай, што гайдалася ў залатой калысцы і ела з дыяментавых талерак! Шкаляр толькі што закончыў квяцісты расповед пра свае подзвігі ў страшным Слуцкім замку, выратаванне Сільфіды, уцёкі ў жалезнай чарапасе, атрымаў сваю долю зацікаўленых усмешак і цяпер спадзяваўся на нешта большае, чым дукаты.

Дзесьці далёка, на Кальварыйскіх могілках загарэліся агеньчыкі на магілах, нагадваючы, што мінаюць Дзяды. У Траецкім мігцела свечка ў вакенцы нядаўна адчыненай аптэкі Шэйбы — вось Лёднік бы там параскашаваўся, сярод зелляў. Цьмяна свяціліся вокны храмаў. Нават Жоўтай царквы, якая пасля пажару зусім заняпала, у пачарнелых сценах засталося ўсяго некалькі мнішак. Але Пранцысю раптам захацелася апынуцца ў тым на паўзруйнаваным храме, ля кволага агеньчыка, запаленага ў імя Гасподне…

— А чаму ты не перайшоў ва ўніяцтва? — амаль абыякава папыталася Паланэя, у якой так міла з-пад шэрай хусткі паслушніцы выбіваліся неслухмяныя пасмачкі валасоў — як лёгкі дымок.

— Бацька кажа, нядобра адмаўляцца ад таго, што дзяды бераглі, — памаўчаўшы, ціха адказаў Пранцысь, зусім не жадаючы нарвацца на багаслоўскія спрэчкі пра перавагу той ці іншай веры.

Не пераказваць жа расповеды бацькі, як палачане садралі з гарадской брамы уніяцкія абразы, і войт скардзіўся каралю, што яны «лжат, дэспектуюць, дзяруць, топчуць, насмейваючыся», і тым абразам «насы вышарпваюць», а потым у праваслаўных паадбіралі храмы.

— Дзяды лічылі, што мыцца шкодна, — насмешна прамовіла Паланэйка. — А твой доктар нам з цёткай цэлую лекцыю прачытаў пра «гігіену чыстага цела».

1 ... 59 60 61 62 63 64 65 66 67 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)