Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
— Ён можа… лекцыю… — сярдзіта прамовіў Пранцысь — і тут нельга абысціся без Лёдніка! Затое добра, што тэму памянялі, і можна ўзяць галантную ноту. — Я ўпэўнены, што асабліва пекныя паненкі маюць прыродную чысціню і надзвычай прыемны водар, як кветкі. Вось скура ваша, мая панна, пахне найлепшымі ружамі…
Пранціш насмеліўся схіліцца да ручкі паненкі. Паланэйка міла зморшчыла носік і ручку сціпла прыбрала.
— Пан, напэўна, забыўся, што нават ружы растуць на зямлі, якая насычаная зусім не пекнымі водарамі. Трэба заўсёды памятаць, што мы з зямлі выйшлі і ў зямлю сыдзем.
Багінская відавочна паўтарала павучанні цёткі, і яшчэ ўздыхнула пры гэтым удавана скрушна.
— Няўжо паненка ў манашкі збіраецца? — галантна здзівіўся Вырвіч.
Паланэйка засмяялася, зубкі яе, белыя, акуратныя, чамусьці здаваліся вострымі, як у драпежнага звярка.
— Спадзяюся, гэтая доля мяне праміне. Ды я ўжо і прасватаная.
— За каго? — трохі нацягнута папытаўся Вырвіч, хаця ясней поўні было, што шарачок у якасці жаніха для сястры магната і прэтэндэнта на карону падыходзіў не больш, чым драбіны да калыскі, і любая праява рэўнасці тут недарэчная.
— За Адама Чартарыйскага, падчашага, — легкадумна адказала Паланэйка.
— Ён жа… стары, — буркатнуў Пранціш.
— Ну і што? — какетліва паціснула плечыкамі паненка, як быццам яны былі дэкальтаваныя, а не хаваліся пад шчыльнай тканінай паслушніцкай сукенкі. — У яго тры мястэчкі, дзесяць маёнткаў, душ, мабыць, сотня тысяч. А суцешыць сэрца я знайду з кім!
— Як бы я хацеў суцешыць сэрца паненкі — хоць цяпер… — па ўсіх правілах куртуазнасці прагаварыў Пранцысь, але сустрэў халодны насмешны позірк.
— Можа быць, калі пан Вырвіч пачне з’яўляцца пры двары… На балях…
Пранціш пачырванеў, нешта балюча заварушылася пад сэрцам, як быццам ён зноў пачуў выгукі на калідорах езуіцкага калегіюму: «Гнаявік! Гнаявік!». Так не павінна больш быць! Ён перарос гэтае вартае жалю становішча.
— Але ж гэты каралеўскі двор можа быць вашым, мая панна! Калі я, рызыкуючы ахвярна жыццём сваім і не шкадуючы крыві сваёй, прынясу ягонае княскае мосці, пану Міхалу Багінскаму, рамфею, дзіду святога Маўрыкія, рэліквію, якая надае мудрасці і вялікасці, і ён стане каралём… Можа быць, пры вашым двары знойдзецца месца і для мяне?
Паланэйка паглядзела на Вырвіча зверху, і ён на хвілю жахнуўся, бо твар яе падаўся яму тварам антычнай багіні, больш мармуровым, чым удавалі прыгонныя актрысы Гераніма Радзівіла.
— Безумоўна, брат узнагародзіць вас шчодра, і знойдзе пачэснае месца. Напрыклад, мог бы зрабіць вас кавалерам… Праз тры гады навучання вы атрымалі б неабходны свецкі бляск і годныя манеры і маглі б працягнуць сваю кар’еру.
Пранціша як абліло халоднай вадой. Пры магнацкіх дварах заўсёды былі кавалеры, іначай — пажы: юнакі са шляхецкіх сем’яў тры гады служылі, як загадаюць, насілі за панам зброю, за пані — малітоўнік. Калі напаскудзяць — атрымлівалі па спіне карбачамі, на дыване, вядома. Праз тры гады гаспадар даваў такому юнаку поўху, прапіваў з ягоных рук чару, узнагароджваў зброяй і чым яшчэ ад шчодрасці сваёй, і лічылася, што юнак спасцігнуў свецкую ды вайсковую навукі. Раней Пранцысь мог толькі марыць пра такое. Але няўжо гэта ўсё, чаго Паланэйка лічыць Пранціша вартым? Нават пасля таго, як ён з шабляй бег на ўзброеных стрэльбамі жаўнераў у Слуцкай браме, ва ўпэўненасці, што зараз гераічна загіне?
Злосць і крыўда падымаліся з глыбіні душы крывавым туманам… Можа, проста справа ў тым, што ён занадта галантны, а жанчыны любяць рашучых? Вунь як яна зняважліва згадвае пра свайго «мяккацелага», баязлівага брата, якога трэба ў спіну штурхаць, нават каб на невялікі ўзгорак узышоў, і які ад боязі перад невялічкім такім скандальчыкам пры каралеўскім двары саслаў сваю сястру сюды, нудзіцца і адмольваць зусім даравальныя высакароднай паненцы грахі. Сябар пана Міхала, расейскі пасол Рапнін, яго ледзь не ў вочы называе мокрай курыцай, а князь церпіць. Adonis in Eskarpnis, Адоніс у лёгкіх чаравіках, а не сармацкі рыцар. На месцы расейскай прынцэсы Паланэя таксама б такога ў сэрца не ўпусціла!
Вырвіч жа не быў мокрай курыцай… І паспрабаваў сарваць з вуснаў паненкі пацалунак. Урэшце, ён быў яму дакладна абяцаны! Яшчэ тады, у карчме.
Але пацалунак не атрымаўся, хаця Пранцысь лічыў сябе ў гэтай справе спрактыкаваным, як стары паляўнічы — у стральбе. Паненка скрывілася, нібыта датыкнулася да жабы, адштурхнула хлопца і папыталася насмешна, колькі ў ягонага бацькі прыгонных, колькі вёсак і гарадоў… І як даўно пан удзельнічаў у прыдворнай каруселі[21] — рыцарскім паядынку. І ці не ён быў у першым шэрагу каруселі ў Кракаве, у чорных даспехах, на арабскім скакуне з зялёнай збруяй? Не? А пан увогуле каня мае?
21
Карусель — прыдворны рыцарскі турнір.