Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
— Можа быць, і прадам, — прамовіў Пранціш, ад пачуцця салодкай помсты ў яго аж галава круцілася.
Ну няхай не ў руку доктар пачне яго цалаваць, няхай хоць папросіць — «Не прадаваце мяне, пан Вырвіч», хоць знак які падасць. Ды хаця б засмуціцца, Пранціш і ягоным спалохам задаволіцца.
— Слуга мой наравісты, непаважлівы. Худы, але затое дужы, — Вырвіч схапіў Лёдніка за руку, нібы дэманструючы прысутным.
Лёднік павярнуўся да яго і спакойна папытаўся:
— Зубы паказаць?
— Што? — разгубіўся Пранцысь.
— На кірмашы рабоў звычайна яшчэ зубы правяраюць, — роўным голасам патлумачыў Лёднік.
Пранцысь дзесьці ў глыбіні душы адчуў, што перагінае палку са сваёй помстай.
— А я б яго купіў! — радасна прамовіў Герман Ватман. — Доктар, зоркавед, золата варыць… Толькі трэба зрабіць яму пэўную аперацыю, каб дзевак болей не псаваў.
— Не забывайцеся, пан, тут дамы! — абурылася маці Альжбэта.
— А што, дамы супраць? — гарэзаваў Ватман. — Яны ўсе зацікаўленыя ў патэнцыі доктара?
На гэты раз свайго канфідэнта перапыніў сам Багінскі, строга азірнуўшыся на яго.
— Дык за колькі слугу свайго прадасі? — сур’ёзна пацікавіўся князь.
Пранцысь зрабіў належную паўзу, прыняў важны выгляд і набраў паветра ў лёгкія, каб прамовіць даўно загатоўленае: «Мой слуга не прадаецца! Таму ў сутарэнні з ім адпраўлюся я, каб абараняць яго і панну Рэніч і здабыць рамфею!».
Але прамовіць не паспеў, таму што трыбунальскі віцэ-маршалак Марыконі рыпучым голасам сказаў:
— Ніякай праблемы не бачу! Згодна артыкула дзевятнаццатага, раздзел дванаццаты Статута Вялікага княства Літоўскага, калі вольны чалавек прадае сябе ў няволю, не ў змозе выплаціць даўгі, за ім застаецца права выкупіць сябе ў той жа час, як ён здабудзе адпаведныя грошы. І крэдытор не мае права ўтрымліваць яго.
Багінскі ўсміхнуўся.
— Вось і цудоўна… Колькі там Лёднік вінен?
— Дзвесце дукатаў, — зачытаў Марыконі.
— Усяго! — зноў усміхнуўся князь. — І нашто пайшлі тыя дзвесце дукатаў, а, Баўтрамей?
— На алхімічныя доследы, — сумна адказаў Лёднік.
— І як, знайшоў філасофскі камень?
— Галоўнае, я зразумеў, што яго не варта шукаць, — гэтак жа змрочна адказаў доктар.
— Ватман, дзвесце дукатаў з сабой у нас ёсць? — папытаўся Багінскі.
Найміт выцягнуў са сваёй сумкі цяжкі вацок, высыпаў на стол манеты, пералічыў:
— Дзвесце нават з лішнім, ваша мосць!
— Выдатна! Перадай іх Лёдніку.
Ватман акуратна ссыпаў манеты назад ў скураны мяшэчак, ляніва падыйшоў да доктара, кінуў мяшэчак яму ў рукі.
— Так, цяпер пры сведках доктар Баўтрамей Лёднік павінен аддаць дзвесце дукатаў свайму гаспадару, шляхціцу Пранцысю Вырвічу! — скамандаваў Марыконі. — А вы, пан Раманоўскі,— загадаў чыноўніку, што стаяў за ягонай спінай, — зараз жа гэта ўсё юрыдычна аформіце.
Чыноўнік паслухмяна сеў за стол, расклаў прыналежнаці і пачаў хутка пісаць, пяро аж парыпвала. Князя Багінскага гэтая сцэна, падобна, вельмі забаўляла.
Пранцысь, як у сне, адчуў, што яму ў рукі ўкладваюць цяжкі скрутак, які ён ледзь не выпусціў.
— Бач, як радуецца хлопец, што столькі грошай займеў, — заўважыў Ватман.
— Алхімікі, ведзьмакі, чарнакніжнікі — яны ж апантаныя, — грэбліва прагаварыла маці Альжбэта. — Гэты варты жалю грэшнік усё роўна сваю волю не ўтрымае.
— Вось як… — задумаўся Багінскі. — А што, Лёднік, ты працягваеш свае доследы?
— Я адмовіўся ад алхіміі, астралогіі і ўсіх магічных заняткаў, ваша мосць, — цвёрда прамовіў Лёднік, у якога ад узрушэння гарэлі на худых шчоках чырвоныя плямы.
— Вельмі годны ўчынак, ці не праўда, цётачка і сястрыцы? — задумліва прагаварыў Багінскі, якому спадабалася гульня «дай волю доктару». — І лекар ты, відаць, добры… Дыплом ёсць?
— Нават два, ваша мосць! — прамовіла Саламея Рэніч, вось у яе голас дрыжэў. — Пражскага універсітэту, доктара вольных навук, і Лейпцыгскага ўніверсітэту, доктара медыцыны.
— Вельмі годна! А што, пан Марыконі, у цябе яшчэ застаўся які каралеўскі патэнт набілітацыі? Ты, здаецца, ад Бруля атрымліваў…
Марыконі пасміхнуўся, пакруціў галавою.
— Ёсць адзін…
— Вось і ўпішы прозвішча доктара. Сёння абы хто шляхецтва сабе купляе, навалач усялякая, галантарэйшчыкі, бакалейшчыкі… А тут — двойчы доктар, у Еўропе вучыўся.
Ватман зноў зарагатаў, а пані Альжбэта ўсхадзілася:
— Міхал, гэта ўжо занадта! Ты што, хочаш гэтага хама зрабіць шляхціцам? Не ганьбі нашы святыя ідэалы!
— Як кажа Жан-Жак Русо, цётачка, усе людзі маюць ад прыроды роўнасць, і адрозніваюцца толькі асабістымі якасцямі, — насмешна прамовіў пан Міхал.