Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
— Я б заступіўся! — усклікнуў Пранціш.
— Я ведаю, — усміхнуўся Лёднік. — Таму й кажу, што ты варты павагі. Ну, а цяпер, хлопча, давай пачытаем вячэрні канон… Гэта — найлепшы спосаб атрымаць параду і супакой.
«Ведаю, Госпадзе, што няварты чалавекалюбства твайго, але варты ўсялякага асуджэння і пакуты. Але, Госпадзе, ці хачу, ці не хачу, уратуй мяне… Хай не адолее мая злосць Тваёй невымоўнай дабрадатнасці і міласэрнасці: і калі хочаш, учыні мне гэта»…
Словы малітвы сціхлі, але не расталі бясследна. Вырвіч глядзеў на беленыя сцены сухімі вачыма і думаў, што вось, хаця б Лёднік у яго ёсць. Суцешыць, патлумачыць, дапаможа. Да таго ж ён цалкам залежны ад Вырвіча, ад ягонай волі, ён нікуды не падзенецца… Ёсць нешта пэўнае ў гэтым свеце і для недавучанага шкаляра! Цёмная злосная моц, якая жыла ў душы і якой Вырвіч сам баяўся, патроху суцішвалася. Пранціш павярнуўся на бок і задрамаў…
Пабудзіў яго шэпт:
— Саламея, навошта ты так!
— Не будзь дурным. Я занадта доўга чакала. І чакала б яшчэ… Але цяпер у нас няма часу. Магчыма, заўтра… Пазаўтраму… Прыйдзе смерць. І ў чым тады сэнс майго чакання? Калі ты зараз мне адмовіш, не зробіш сваёй, гэта будзе бессардэчна…
— Не мучай мяне. Калі б у мяне не было сэрца, калі б я цябе не кахаў, я б згадзіўся. Але я не магу табе прапанаваць нічога, нават самога сябе. Я больш сабе не належу. Я…
— Ціха, каханы, я ведаю… Я прачытала тую паперу ў клунку. Але ж твой часовы гаспадар — добры хлопчык, адважны і сумленны…
— Ён — шляхціц, з усімі недахопамі сваёй касты, я — яго слуга. Дакладней, раб. Нават калі мы ўсе выжывем, я не змагу з табой ажаніцца. Пакуль не вярну сабе волі.
— Значыць, ты яе вернеш… Чалавек не павінен быць рабом іншага чалавека. Гэта супярэчыць прыродзе і Божай волі.
— Начыталася Вальтэра…
— Цябе палохае, што ты падзеліш каханне з вучонай жанчынай?
— Мяне палохае, што я яшчэ больш прычыню табе зла, звязаўшы цябе са сваёй фатальна нешчаслівай персонай.
— Ведаеш, у гэтую хвілю многія б сказалі, што табе пашанцавала.
— Мне і праўда неверагодна пашанцавала…
— Значыць, ты мяне не адпрэчваеш?
— Я не з лёду… Нягледзячы на прозвішча.
Шэпат змоўк, а тады пачуліся крокі: двое людзей асцярожна падымаліся па лесвіцы наверх, потым рыпнулі дзверы, павярнуўся ў замку ключ…
Пранціш лёг на спіну і ледзь не завыў ад злосці і крыўды. Значыць, ён Лёдніку замінае! Ён не хоча яму служыць! Гнаявіку! Правільна, нават маючы сто дукатаў, Пранціш не зможа пасяліць яго ў палацы і выкупіць лабараторыю для доследаў. Лёднік толькі прыкідваецца, быццам шчыра клапоціцца аб Пранцішы. Ён ненавідзіць яго, свайго гаспадара, хітры і подлы раб! І гэта пасля ўсяго, што яны разам перажылі!
Вырвіч, вядома, дазволіў бы, каб Лёднік ажаніўся з Саламеяй Рэніч, і хай бы яны абодва сталі ягонымі вернымі слугамі, і іхнія дзеці, а ён бы літасцівіў іх, і мілаваў, і абараняў… Ды што там — адпусціў бы Баўтрамея на волю, але каб пры гэтым абодва засталіся пры ім… З ім… Але цяпер ясна: подлы алхімік пры найменшай магчымасці ад Пранціша ўцячэ, здрадзіць яму, кіне яго! Ён таксама ім пагарджае! Ім, які вядзе свой род ад Палямона! Няхай бацька Пранціша п’янтос, але калі ў карчме адзін мужык па п’янай справе яго штурхануў, выхапіў шаблю і адсек хаму руку. І нічога не было — па законе ўчыніў. Правільна робіць Паланэя — трэба таптаць тых, хто ўнізе, толькі так застаешся на вышыні! А дазволь толькі прыўзняцца да цябе ніжэйшаму — абгадзяць, сподлічаюць, ухопяць, што можна, і кінуць! «Добры хлопчык», ха!