Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #1
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Редакцыя газеты “Звязда”
- ISBN: 978-985-90277-6-5
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:
Яна сапраўды шчыра лічыла такіх, як Вырвічы, людзямі іншай, ніжэйшай пароды. Гэтаксама, як Вырвічы пагардліва глядзелі на простых мужыкоў, няхай тыя побач з імі аралі зямлю і смяяліся за вочы «Два паны — адны штаны». Але калі маленькі Пранцысь гуляўся ў яшчара і чыжа з сялянскімі дзеткамі, старэйшы Вырвіч пільна сачыў, каб мужыцкія лапы не выцялі шляхецкага сына, а пасля гульні каб кожны пацалаваў руку малодшага Вырвіча ды падзякаваў панічу за ласку пагуляцца з імі. Што, праўда, не заўсёды выконвалася, асабліва наконт кухталёў, якімі малечы зазвычай абменьваліся, не зважаючы на тытулы.
— Гнаявік! Гнаявік! — гучэла ўвушшу Пранцыся, і мсціліся ля сценаў постаці, што затыкалі сабе насы пры ягоным набліжэнні.
Такі дасканалы свецкі тон, які крышыў годнасць суразмоўцы на дробныя ашмёткі, быццам бліскучае лязо турэцкай шаблі — пераспелы гарбуз, Вырвіч чуў упершыню. Але злавацца на паненку было ўсё адно, што на залеву, якая цябе вымачыла — а няма чаго выходзіць пад нябёсны вадаспад. Ён проста адчуваў сябе мізэрным, няўклюдным, нікчэмным, і разумеў, што якія подзвігі ні здзейсніў бы ў будучым — у вачах гэтых Сапегаў, Багінскіх, Радзівілаў усё адно застанецца Гнаявіком. Не панам-братам, а «братоўчыкам»… Цяпер ён разумеў цынічны тон Ватмана ў адносінах да тытулаў — прусак ведаў, што хоць ён барон, хоць герцаг, гаспадары баяцца, паважаюць і адначасова грэбуюць ім.
— Пан Вырвіч, што здарылася? — настаўніцкім тонам папытаўся Лёднік, калі Пранціш моўчкі паваліўся на свой сеннік.
Яшчэ знайшоўся апякун… Калі Вырвіч — гной пад нагамі Багінскай, дык доктар — гной пад нагамі Пранціша! Так, кантроль за дыханнем, лічыць пульс…
— Вырвіч, я задаў пытанне!
— Не твая справа… — толькі і змог прасіпець юнак.
— Можа, нам заняцца фехтаваннем? — задумліва прамовіў Лёднік. — Перад сном, вядома, шкодна, але я чую па тваім дыханні, як цябе перапаўняюць гнеў і нянавісць, а фізічныя практыкаванні — найлепшы сродак з імі справіцца.
— Не хачу! — ледзь стрымліваючыся, каб не пачаць лаяцца на доктара, прамовіў Пранціш.
— Тады паспрабуем выгаварыцца… На каго так угневаўся?
— На свайго бацьку! — нечакана выгукнуў Пранціш, і адчуў, як гараць шчокі ад гневу. — Ён мог не пляжыць сваё майно і матчын пасаг! Не зводзіць маці ў магілу сваімі п’янкамі і бойкамі! І ў мяне было б нармальнае шляхецкае жыццё! Усё Падняводдзе калісьці належала нам. На полі працавалі б мужыкі, а не мы. Я б меў каня, парчовы жупан, шаблю-карабэлу… Ведаеш, як мы дарэшты згалелі? — Пранціш нервова зарагатаў. — Напіліся бацька з суседам і пайшлі ў заклад, хто больш уласнага майна спляжыць — бо рыцар не павінен ад майна залежаць і ў любы момант можа шабляй сабе новае здабыць. Коней параздавалі, футры і жупаны проста пасеклі… Нават пуні спалілі! Бацька перамог, усё без жалю панішчыў ды раздаў, хоць і так няшмат меў. Вось толькі новага нажыць не адолеў. Мне год быў, калі я застаўся па ягонай міласці жабраком. Ён ніколі мяне не любіў! Акрамя кухталёў ды дранага азадку нічога я ад яго не меў! Ненавіджу!
І пачаў біць кулакамі ў сеннік так, што ўзняліся клубы пылу.
— Насамрэч ты любіш свайго бацьку, і ён вельмі шмат для цябе значыць, — ціха прамовіў Лёднік. — Ты сам не заўважаеш, як увесь час спасылаешся на ягонае меркаванне, спрабуеш паводзіцца, як ён. Ты наракаеш, што ён не даў табе багацця… Але ж ён не кінуў цябе, не пайшоў у кліенты да багатага пана, каб лізаць яму азадак і распраўляцца з ягонымі ворагамі. Сумленна апрацоўвае сваю зямлю, цяжка здабывае хлеб, і нічога ні ў кога не просіць. Ваяваў за айчыну. Веру дзядоўскую захаваў, не збаяўся застацца абмежаваным у правах дысідэнтам. Гэта заслугоўвае вялікай павагі. А ягоныя слабасці… Іх трэба дараваць. Бо і нам нашыя слабасці нехта павінен дараваць. Ты калі апошні раз паслаў бацьку ліст?
Вырвіч яшчэ раз стукнуў кулаком у сеннік.
— Навошта яму мае лісты? Яму пляваць!
— Упэўнены, ён думае пра цябе. Я таксама лічыў, што бацьку на мяне пляваць, і з Еўропы ні разу не паслаў яму звестак пра сябе. А калі вярнуўся, не было ўжо каму сустракаць мяне ў маім доме. А Саламея расказала, ён штодзень пытаўся ў Івана Рэніча, ці не чуваць пра Бутрыма, прыкідваўся, быццам проста паўз іх дом ішоў, а сам у любое надвор’е… З другога канца горада… Але мне цяпер няма ў каго прасіць прабачэння. — Лёднік нахіліўся да Пранціша і паляпаў яго па плячы. — Ну, вышэй нос, Гіпацэнтаўр! Я разумею, што табе хочацца зраўняцца з багацейшымі і знатнейшымі… Але ці не лепей — з самымі адважнымі і разумнымі? Ёсць такі малады французскі мысляр Жан-Жак Русо. Ён кажа, што ўсе людзі маюць прыродныя правы, адну кроў і аднаго Бога. Павінна існаваць грамадзянская дамова — паважаць адно аднаго, не сягаць на волю адно аднаго. Тады ўтворыцца ідэальнае грамадства, дзе не будзе магната і шарачка, пана і мужыка, раба і гаспадара, толькі асабістыя якасці дапамогуць узвысіцца. А якасці ў цябе маюцца добрыя, павер. Цябе ёсць за што паважаць, больш, чым якога разбэшчанага магнацкага сынка, які ледзь чытаць умее і якому цалуюць ручкі прыдворныя шляхцюкі. Мне сябар з Парыжу напісаў, як прынц Кантэ ў оперы ўгледзеў сімпатычную бедную правінцыялачку, пасадзіў на калені і даў, моцна трымаючы, сто аплявух, так, што ў дзяўчынкі пайшла кроў з носу і разбітых вуснаў. А прынц, рагочучы, біў на вачах усяго тэатру і прыгаворваў: «А я не ўмею даваць аплявухі!». І ніхто, ніводзін высакародны рыцар не рэкнуў.