Белая муха, забойца мужчын
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 9789857140077
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:
Я закрычаў, усе засьмяяліся. Я ня мог гэтага бачыць і ўзьняў галаву да неба — таго цёмнага, у строгіх зорах прастакутніка, што адкрываўся над нашымі галовамі з замкавага двара. І, ня верачы сваім вачам, пабачыў у асьветленым акне вежы жаночую постаць. Ліхаманкава я перабіраў варыянты, хто гэта мог быць. Люба? Аленькі Цьвяточак? Паўсталая зь мёртвых Джэк Патрашыцель? Царонг? Нямона Ліза? Хто?
Агонь займаўся ўсё больш упэўнена. І тут Босая засьмяялася: як сапраўдная ведзьма — хрыпата, трыюмфальна, пагардліва і пераможна. І быццам падпарадкоўваючыся яе сьмеху, зь неба над замкавым дваром абрынуўся дождж. Ні стуль ні сьсюль, неверагодны, нечаканы, не падпарадкаваны ніякім законам, проста з чыстага зорнага неба, ён паваліў усё, што набудавалі і нарабілі ў двары людзі і жанчыны, ён лупіў іх па галовах, нібы гумовымі дручкамі, ён разганяў гэтую дэманстрацыю чалавечай справядлівасьці, біў тысячай вадамётаў па натоўпе, які толькі што разьдзімаў свае насы, забаўляючыся расправай. Навальніца прыбівала людзей і жанчын да бруку, валіла іх на калені, яны паўзьлі хто куды мог, ратуючыся ад гэтай навалы, а я кінуўся да Босай, падняў кінуты некім нож і перарэзаў вяроўкі. Зьбітыя дажджом, усе ў сіняках мы прабеглі па замкавых калідорах — і я ўсё цягнуў за сабой Босую, каб хутчэй прывесьці ў бясьпечнае месца, а яна ня слухалася і сьмяялася, і цягнула мяне да сходаў. Нарэшце я здаўся і дазволіў завесьці мяне да нейкіх незнаёмых памяшканьняў. Адзін кут, другі, ніша, і яшчэ цёмны кут, разьбітая лесьвіца, дзірка ў сьцяне, камяні, камяні, камяні, каменны мяшок і…
Ружовыя дзьверы.
«Ну, бывай, — сказала Босая. — Мне, напэўна, пара. Дзякуй за прыемна прабаўленыя дні. Ды ня плач ты, прыдурак. Ідзі да сваіх, цябе, мабыць, ужо шукаюць».
Яна пацалавала мяне так брудна і непрыстойна, пацалавала, як п’яная прасталытка, аддаючыся ўся, ад крыві паміж ног да апошняга валаска, што мне зрабілася ясна: больш мы не пабачымся. Мне не было месца ў яе заўтра. Мне наогул больш не было месца.
Нідзе.
Накінуўшы на белую сукенку цемру, яна сышла ў сваю ноч, па-дзявочаму, крадком — як сыходзяць у вечаровы бэз тыя, пра каго ты ніколі б не падумаў.
Нават калі б захацеў.
30. Недагаворанае
Не прайшло і месяца з таго часу, калі мы вярнуліся дамоў, як нас пачалі выклікаць на допыты. Вядома, гэтае слова — «допыт» — нідзе не гучала, афіцыйна праводзілася дазнаньне ў межах сьледзтва, і мы праходзілі па нашумелай справе аб тэрарыстычным акце выключна як пацярпелыя і сьведкі… Але, халера на іх, я з поўным правам магу назваць допытамі гэтыя бясконцыя, грубыя размовы ў цесных кабінэтах. Стаўленьне да тых, хто тры дні праседзеў у закладніках, было зусім не такім, якога мы чакалі. Усеагульная (я б нават сказаў, значна перабольшаная і часам папросту фальшывая) спагада, якой нас сустрэлі пасьля вызваленьня з Замку, зьмянілася гэткай самай падазронасьцю — з намі паводзіліся так, быццам мы былі вінаватыя ў тым, што здарылася. Быццам тэрарысткі растварыліся сярод нас — і задачай сьледзтва было іх выявіць і пакараць.
Асабліва сьледчых зацікавіла ануча, што вісела ў сьпешна пакінутым тэрарысткамі штабе — брудна-белая ануча на сьцяне, кавалак тканіны ад невядомай сукенкі, на якім цямнела некалі ярка-пунсовая, а цяпер бурая пляма. Экспэрты хутка выявілі, што гэта кроў, і, зразумела, вызначылі групу і рэзус-фактар — зрэшты, гэта мала што дало сьледзтву, дый, як мне падалося, ім было важна зразумець, які палітычны падтэкст меў такі сымбаль. Натуральна, пра паходжаньне тканіны і плямы на ёй я нічога ім не сказаў — як і пра шмат што іншае, вядомае толькі мне, Босай і яе дзеўкам. Цяпер гэта была нашая таямніца — і часам я адчуваў задушлівы страх, калі думаў, што Босую зловяць і яна раскажа пра маю ролю ў нашумелай гісторыі.
«Але яна не раскажа, — пераконваў я сябе. — Не. Яна — не раскажа. Яна засьмяецца ім у твар».
Мая Глюмдалькліч, якая згубіла свайго Гулівэра.
Так мы ўсе размаўлялі са сьледчымі — і кожны маўчаў пра сваё. Бо кожнаму з нас, палонных Замка, было пра што прамаўчаць.
Падчас гэтых бясконцых хаджэньняў па калідорах дзяржаўных установаў я сустрэў неяк зусім незнаёмую мне жанчыну, якой на выгляд было гадоў сорак пяць, ня болей — але з вачэй яе, чырвоных, бяссонных, пустых і хворых, на мяне зірнулі такая старасьць і безнадзейнасьць, што я ня мог на яе глядзець і кожны раз адварочваўся, натыкаючыся на яе ў дзьвярах кабінэтаў. Яе цягалі на допыты разам з намі, на яе ўвесь час крычалі, а аднойчы, як мне падалося, нават ударылі, і яе распухлая шчака, якую яна прыкрывала, прабягаючы міма мяне да прыбіральні, была гэтаму пацьверджаньнем. Зрэшты, я прамаўчаў і тут. Мне зусім не патрэбная была лішняя ўвага да маёй пэрсоны. Я хацеў аднаго — каб ад мяне нарэшце адчапіліся.