Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69
Перейти на страницу:

Яна не магла саступіць. Ганна забараніла ёй гэта. Вясковая дзяўчына Ганна пасялілася недзе ўнутры Босай і паралізавала ёй рукі і ногі. Босая ляжала ў ложку, пад чужой коўдрай, ля свайго законнага мужа, і — не магла.

Яна думала толькі пра паралюш і агонь, вяроўкі і тры дні. Не, яна яшчэ ня думала пра помсту — але аднекуль гэтая лічба, сакральная лічба тры, усё ўсплывала і ўсплывала. Тры дні Ганна не давала, тры дні ён угаворваў яе бізунамі і пернікамі — і за гэта яна мела права некалі, празь вякі пасьля сваёй гібелі, на тры дні зрабіцца гаспадыняй Замку. Самага вялікага скарбу князёў Якуцкіх — які яны праябалі.

«Праябалі», — прамовіла Босая проста ў твар мужу, і ёй зрабілася крыху лягчэй.

Раніцай муж прачнуўся пануры і злосны. Яны з аднакурсьнікам выпілі за сьняданкам бутэльку самагону і зноў засьпявалі тую самую песьню.

Босая не магла гэтага больш чуць. Яна выскачыла на вуліцу і пабегла да Замка. Мужаў прыяцель знайшоў яе там і пасадзіў у машыну. Ад Босай засталіся на дыванку брудныя сьляды і пах гісторыі.

Праз паўгода яны з мужам разьвяліся. Потым у Босай яшчэ доўга не было мужчын — ад кожнага ішоў саладжавы пах гарэлага мяса. Яна не магла нічога з сабой зрабіць; дома яна почасту здымала зь сябе ўсё, надзявала белыя калготкі і завязвала на сабе вяроўкі — пакуль хапала рук, пакуль не заблытвалася ў вузлах, пакуль не выбухала плачам і асалодай. Яна нікога да сябе не пускала, апрача Ганны. Згарэлая Ганна прыходзіла начамі і заставалася да раньня. Босая гаварыла зь ёй, пакуль адной цудоўнай летняй раніцай не зразумела, што так больш працягвацца ня можа.

І тады яна ўпершыню ўзяла ў рукі тэлефон і пазваніла старой знаёмай, зь якой яе злучала адна маленькая таямніца. Таямніца мінулага, пра якую ня ведаў ніхто, апрача некалькіх дзевак, пра якіх яшчэ ў школе казалі, апасьліва азіраючыся: «Без царя в голове».

«…Без царя в голове, — урачыста прамовіў Міхаіл Юр’евіч і праверыў вузел вяроўкі, што перахоплівала Босую крыж-накрыж. Міхаіл Юр’евіч вельмі ганарыўся гэтым вузлом, даўно ў яго не было нагоды завязаць такі. — Пусть перед тем, как понести заслуженную кару, эта девка подумает хорошенько, какую обиду она нанесла нормальным людям и хорошим приличным женщинам. Я человек строгий, но справедливый. За все надо платить».

У правай руцэ Міхаіл Юр’евіч трымаў запаленую паходню і значна больш нагадваў гордага нашчадка князёў Якуцкіх, чым я, іхны сапраўдны патомак. Я стаяў зусім блізка ад ужо раскладзенага вогнішча. Мяне трымалі за рукі: справа Паўлюк, зьлева Рыгор. Я хацеў крычаць, але не было чым. Язык абмяк, язык імпатэнта, ня здольнага абараніць ні сваё каханьне, ні сваю нянавісьць.

«Спалить ее, спалить муху!» — прагудзеў п’яны Віталік, як адзінокі футбольны фанат.

«Ежели кто сомневается, я потом объясню, почему мы все решили правильно, прогоню сомнение, — прагундосіў поп, уважліва азіраючы нашыя такія розныя твары. — С цитатами объясню, все по-писаному. Но сначала сделаем дело, товарищи мои в бозе, православные мои. Может, и сомнения кончатся, пока ведьма эта гореть будет».

«Да поджигай уже! — ня вытрымаў Цімур. — Гори, горилла!»

«Спалім — і дуды вобземлю!» — бліснуў веданьнем фразэалёгіі Паўлюк.

«Я, конечно, могу сам, — сказаў Міхаіл Юр’евіч. — Но вдруг кто хочет? Я уступлю».

«Австрияку дайте, — сказала Жанчына ў Зялёным. — Он вообще ничего не делал, только скуголил три дня подряд, голова болит уже. Пусть хоть сейчас поработает».

Аўстрыяку патлумачылі, чаго ад яго хочуць. Ён з жахам паглядзеў — чамусьці на мяне — і залапатаў, замахаў рукамі.

«Говорит, он не может, говорит, это противоречит его демократическим убеждений, — зь цяжкасьцю варочаючы языком, пераклаў Кунцэ, расчырванелы, тоўсты і таксама ўжо добра выпіўшы. — Мой тоже противоречит. Я уже сказал, это ваше внутреннее дело как суверенный нация. Мы иностраный граждане и требуем посол».

«Поджигай уже… Что тут палить, одни кости…» — прабурчаў нехта з расейскіх гасьцей.

«Сухие палки жарче горят!» — запярэчыла яго жонка, прыкладваючыся да бутэлькі зь мядовым «Бульбашом», канфіскаванай ёй на замкавай кухні.

«А может, нашему писаке дать? — прапанаваў з п’яным рогатам Віталік. — Вот ему понравится!»

«Я хочу! — закрычала раптам Віталікава жонка. — Я три дня тут мучилась, мысли всякие лезли в голову! Не хочу мыслей! Я счастья хочу! Нормального, женского! Будь ты проклята, ведьма!»

Яна падбегла да Міхаіла Юр’евіча і выхапіла ў яго паходню. Той ухмыльнуўся: «Бой-баба! Коня на скаку остановит!» і адышоў, каб іскры не дасталі. Віталікава жонка няўмела тыцнула паходняй у салому і паперу, тыцнула яшчэ раз, яна яшчэ ніколі не спальвала ведзьмаў, але агонь паслухаўся жанчыну і запалаў: зьнізу, павольна, але ўпэўнена.

1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)