Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Белая муха, забойца мужчын
Белая муха, забойца мужчын - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая муха, забойца мужчын

Электронная книга - «Белая муха, забойца мужчын». Краткое содержание книги:

Новы раман Альгерда Бахарэвіча — гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству. Хто яны: тэрарысткі, вар’яткі, мастачкі? Або проста прывіды мінулага, з якімі нечакана сустракаецца галоўны герой кнігі?
1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69
Перейти на страницу:

«Усё будзе добра, — сказала яна бацькоўскім голасам. — Я ж казала, некалі ўсё гэта скончыцца. Пацярпі зусім трошкі. Грыль… Брыль… Ну вось, я зноў забыла імя».

«Што ўратуе нас?» — сказаў я патасна, сам разумеючы, наколькі лішнімі былі гэтыя словы.

«Толькі Джонатан Сўіфт, сьпелыя сланечнікі і здаровая русафобія, — адказала Босая мне ў тон, нібы зьдзекуючыся, і засьмяялася. — А ты што, праўда із эціх? Зь Якуцкіх, халера на ўвесь іх род?»

«Я ўжо сам ня надта ў гэта веру… Але… Якая розьніца? Якая? Яны ж зараз заб’юць цябе!» — крыкнуў я і паспрабаваў абняць маю Босую. Яна не далася, высьлізнула, адступіла на крок — і я не наважыўся зноў наблізіцца да яе гарачага, такога духмянага ад адчуваньня блізкай небясьпекі цела.

«Некалі я ўжо была тут, у Замку, — прамовіла Босая задуменна. — Даўно, задоўга да рэканструкцыі. Тады ва ўнутраным двары ляжала вялікая куча сьмецьця, у вокнах не было шкла, і тут так страшна пахла гісторыяй…»

І яна нясьпешна, быццам чытаючы разгорнутую недзе ўнутры сябе кнігу, расказала мне пра тую даўнюю, ужо амаль мітычную паездку. А я слухаў, зусім забыўшыся пра тое, штó нас чакае гэтай ноччу, зусім хутка, значна хутчэй, чым я мог сабе ўявіць.

Некалі даўно, калі краіну Замкаў яшчэ мала хто называў менавіта так, у Босай быў муж, добры і адказны малады чалавек, гісторык. Трошкі зануда, але ж ня здольны да подлых учынкаў. Ён зусім ня ведаў, што Босую са школьнай яшчэ пары завуць Босай, ён ведаў яе пад іншым імем, значна больш пашыраным сярод жанчын. А яна не спрачалася. Яна проста стамілася быць адна і вырашыла жыць, як усе.

Аднойчы муж Босай урачыста абвясьціў, што на выходныя яны паедуць у Замак, старажытны і занядбаны Замак, на аднаўленьне якога ні ў кога не было грошай, бо часы на двары стаялі ня тыя — не да замкаў было, не хапала ні тынку, ні танкаў, ні нацыянальнай самасьвядомасьці. Раніцай у суботу яны селі ў аўтобус і паехалі на захад, туды, дзе пасярод калгасаў і саўгасаў узвышаўся ўзгорак з галавой індзейца, вочы якой даўно выдзеўблі крумкачы і іншыя бязбожныя камуністыя.

Муж Босай дамовіўся, што яны пераначуюць у суседнім мястэчку, у аднаго з былых аднакурсьнікаў. А пакуль што ўвесь дзень быў наперадзе. Яны ўвайшлі ў замак, што смачна пах гноем і плесьняй, бо раней тут што толькі не зьмяшчалася: калгасныя стайні, «авашчэбаза», інтэрнат, склады, ЛТП… Ён сьмярдзеў усімі шасьцюдзесяцьцю гадамі вядомай усім Гісторыі, сьмярдзеў рэшткамі дваццатага стагодзьдзя, і на сэрцы ў Босай зашчаміла, калі яна пабачыла цагляны друз, спарахнелыя рэчы, што некалі належалі людзям і жанчынам, і глыбокія раны на выцьвілых і аблезлых, як скура, мурах. Яны блукалі па Замку ўтраіх: яна, муж і той самы мужаў сябра, ягоны былы аднакурсьнік. Аднакурсьнік расказваў пра сапраўдную гісторыю Замку, а муж устаўляў свае заўвагі, заўжды трапныя, і разам яны з усьмешкамі двух апекуноў глядзелі на Босую, ласкава назіраючы, як сьвецяцца яе вочы — яна ні пра што такое раней ня чула.

Яны хадзілі па абваленых балюстрадах і гулкіх гразкіх калідорах, узьбіраліся на кучы сьмецьця, і цэгла трашчала ў іх пад нагамі, і недзе ў глыбіні замку стагнаў час, і капала вада ў ніжніх паверхах, гучна, тужліва, мерна… Раз-пораз ім трапляліся людзі: мастакі, што адкрывалі для сябе мінуўшчыну, нейкія жабракі, а то і сяляне, што дагэтуль прыходзілі ў нікім не абаронены замак, каб сьцягнуць сёе-тое для гаспадаркі. Тады яшчэ ніхто ня чуў ні пра якае ЮНЭСКА, а калі і чуў, дык ніколі ня думаў, што Замак таксама можа апынуцца пад яго аховай.

Удосталь наблукаўшыся па Замку і наталіўшыся разумнай размовай, яны прыселі ў двары, Босая дастала прыгатаваныя з раніцы бутэрброды, а аднакурсьнік мужа — бутэльку мясцовай самагонкі. Мужчыны выпілі па тры чаркі, Босая таксама зрабіла адзін глыток — самагонка апякла нутро, заняло дух, а сам Замак пасьля гэтага глытка быццам бы зьмяніў аблічча. Быццам бы падміргнуў Босай: думаеш, тут даўно ўжо ніхто не жыве? Думаеш, тут пануе брыдота спусташэньня, тут, між спарахнелых муроў і кучаў друзу? Не, пані, тут ёсьць жыцьцё. І яно назірае за табою праз шчыліны. Назірае сарамліва, але ўважліва. Значна больш уважліва, чым ты думаеш.

Выпіўшы, мужчыны ціха зацягнулі песьню. Яны сьпявалі добра, у абодвух былі някепскія, моцныя галасы, натрэніраваныя ва ўнівэрсытэцкім хоры ды на кухонных пасядзелках, на рыцарскіх турнірах ды ў летніх паходах па страчанай Атлянтыдзе, ля вогнішчаў і пад чыстую, як сьляза, самагонку. Гэта была прыгожая песьня: «Ой гарэла Ганна…» — цягнулі мужчыны, і Босай хацелася падпяваць, ды яна бянтэжылася, сама ня ведала, чаму. Напэўна, трэба было яшчэ выпіць, але самагонкі яна баялася. Самагонка была мужчынскім напоем, ад якога Босай магло зрабіцца блага, а яна вельмі хацела быць добрай жонкай і надзейным таварышам свайму маладому мужу.

1 ... 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)