З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
... I думаць думкі пра край тутэйшы
На піраміды вяршыне...
* * *
Як няпроста, як жудасна пайшоў з жыцця Мікола Ермаловіч!..
Перачытваю ў «Нашай ніве»:
«...Ішоў снег, пад нагамі хлюпала. Пераходзіў магістраль. Таксіст не паспеў затармазіць. Машына цягнула збітага яшчэ дваццаць пяць метраў... Галавою прабіў лабавое шкло... скальпаваная рана галавы... дыслакацыя галаўнога мозга... падвойны пералом таза... пералом дзвюх скабаў... пералом лыткі... трынаццаць гадзін быццам захоўваў свядомасць...»
Такая ўзнагарода за працавітае, разумнае, натхнёнае, пакутнае жыццё!..
...Праз тыдзень.
Да таго, што здарылася на мокрым асфальце, пад снежна-туманным дажджом, я зноў іду адчуваннем, думкамі, уяўленнем — ад старанна, чыста, наогул цудоўна выдадзенай кнігі, якое ён не пабачыў, а я другі дзень чытаю.
Страшная емерць. I светлая даўгавечнасць.
* * *
Інвалід вайны, з партызанаў ды з фронту, i працы, на торфазаводзе i дома, на гаспадарцы, ён спакваля зусім аслабеў. Але змоладу спраўныя рукі яшчэ ўсё служылі ў лятчэйшым. Гэта ўжо толькі дома. Пачаў вось у садзе, на самым краечку неадгароджанага панадворка, першы сёлета пракос, ды на ім i знямогся. Паклыпаў, абязножаны, у хату, зноў паляжаць. Толькі касу павесіў на сцяне, як звычайна, дзе ў яго адмысловы гвозд.
А я, пакуль зайсці да яго, палюбаваўся пачатай работай. Роўненькая, чысценькая пакоша сама сказала, як па-майстэрску асаджана, накляпана яго каса. Ажно пагладзіць хочацца тую пакошу, правесці па ёй рукою, не раўнуючы як па галоўцы малога сына, сёння гладка пастрыжанай машынкай i чысценька памытай з матчынай любатой.
* * *
Чытач хоча мець i мае гатовы тэкст. А тое, як гэты тэкст узнікаў i дапрацоўваўся, колькі было выкрэсліванняў i знаходак, зноў выкрэсліванняў, ужо ў знаходках,— гэта мой клопат, мае радасці... Так, радасці, асабліва калi не працуецца i адна нейкая правачка, зробленая дарэчы, дапаможа горка ці нудна беспрацоўнаму перадыхнуць, ураўнаважыцца.
* * *
За чатыры дачныя месяцы ўбачыў нарэшце першага сёлета вужа. Затое якога! Па чыстых цэментаваных плітках ходніка, пярэстага ад сонечных плямаў i кветкавых, ад ветрыку рухавых ценяў, ён, пачуўшы мяне ад металічнай зялёнай брамкі, шпарка вільнуў па ходніку наўскасяк, паміж ружовага i аранжавага, а яшчэ i зялёнага багацця кветак. Аднак, пакуль нырнуў у траву, я паспеў заўважыць, які ён упасвены, доўгі, акулярысты. Ажно падумалася наўздагон пра казачную карону — на яго прыўзнятую галоўку.
* * *
«Ку-ра-са-ва!» Такое знячэўку, раптам сказалася, калі пачаў уставаць, нібы каманда на пабудку. I так даволі часта, міжволі знаходзіцца штосьці яшчэ ў бязладна растрэсеных былых запчастках старэчай памяці. Нейкі паэтычны радок, народная прымаўка, трапнае, смешнае слова або, як сёння, прозвішча, нават далёка-японскае, якое неаднойчы чуў, бо яно належыць вядомаму чалавеку.
А ёсць жа i ў гэтым нейкае навуковае, медыцынскае абгрунтаванне?..
* * *
Не смяюся з «дзей-барадзеяў» Мюнхгаўзена i ад сатыры Самасуя —не смешна мне, што ты зробіш.
Пра першага падумалася, чытаючы Пяскова, які ў Нямеччыне наведаў баронаў дом, а пра другога — успомніўшы нядаўна прачытаны хвалебны артыкул маладога даследчыка.
* * *
Што адчуваю з даўнім недаўменнем:
Чаму гэта ў Багушэвіча не ўмерлі або памерлі, а «каб не ўмёрлі»? Дзе так гавораць? A калі гавораць або раней так гаварылі, дык няўжо яно можа, павінна лічыцца нормай?..
I другое, яшчэ адна «драбніца», недаравальная другому класіку, Коласу, ягоны заклік у кожным ну мары «Народнай волі»:
На прастор, на шырокі разлог Выхадзі, мой народ, грамадою...
Свярбіць рука паправіць хоць так: «Ты выходзь, мой народ...» Прынамсі, па-беларуску.
* * *
«Славянская адзінства»... A ці не будзе па-людску няёмка толькі з такім адзінствам сярод сяброў неславянаў, калі гаварыць пра жывых або адчуваць сябе перад памяццю тых, якія паадыходзілі?.. Жыды, татары, эстонцы, латышы, літоўцы, ніўхі, немцы, башкіры, індыйцы, таджыкі, малдаване... Усе i яшчэ, як падумаць, не ўсе, з кім мне ў меншай ці большай меры пашчасціла адчуць цяпло чалавечых узаемаадносінаў, чые імёны магу назваць i ўжо называў у напісаным, чые вобразы свецяцца ў перажытым...
* * *
Яму еорак пяты, свая сям'я, свой клопат у нялёгкі час. Сустракаемся рэдка. I вось я здалёк шчасліва ўспомніў даўняе.