Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Алексіевіч: Рэч у тым, што ў сьвеце ўсе мае кнігі маюць тэатральныя, кінаварыянты, і асабліва «Чарнобыльская малітва» — як ніводная з маіх кніг яна прайшла па сьвеце, было вельмі шмат яе тэатральных пастановак, і ў кожнай краіне было сваё прачытаньне... У Францыі больш за ўсіх ідуць спэктаклі, там нават у Бардо быў фэстываль, дзе з усёй Францыі прывезьлі 12 спэктакляў паводле «Чарнобыльскай малітвы», і гэта было вельмі цікава... Я думала, чаму менавіта чарнобыльская кніга мела такі масавы водгук і настолькі зацікавіла эўрапейскіх інтэлектуалаў... У мяне былі дыскусіі з Полем Вірыльё, якога называюць «філёзафам Апакаліпсісу», і ў нас былі такія дэбаты на сцэне, дзе зьбіралася па 600-700 чалавек, і нават фільм існуе з нашым дыялёгам... Мяне зьдзіўляла, што ў залі было шмат маладых людзей, былі цікавыя пытаньні...
Я думаю, што «Чарнобыльская малітва» — насамрэч, хроніка будучыні. Яна выйшла за межы досьведу нейкай адной сыстэмы, адной мэнтальнасьці, хоць тэма вайны таксама выходзіць за гэтыя межы, каб кніга была не мясцовага спажываньня, кніга павінна выйсьці на той пункт інтэлектуальнага назапашваньня, які існуе ў сьвеце, каб гэта было цікава ўсім, а ня толькі на «вясковым выгане». Іначай ня варта пісаць — чаму я настолькі доўга пішу свае кнігі. Я магла б зрабіць 10 такіх кніг, як у «У вайны не жаночае аблічча», я ж ужо дастатковы прафэсіянал, і не пісаць кнігу 7-10 гадоў... Але я хачу, каб кожная кніга была зусім іншай, я павінна вырвацца зь ёю ў зусім іншую прастору, а не паўтарыць саму сябе, тое, што я ўмею рабіць.
А ў Чарнобылі заходняя публіка, заходнія інтэлектуалы знаходзяць адказы на гэтыя страхі будучыні, яны робяцца агульнымі — ужо нельга, як раней, калі вайна ішла ў Эўропе ці ў Савецкім Саюзе, а хтосьці адседжваўся ў Амэрыцы ці ў Аўстраліі, сёньня гэта немагчыма. То бок, страх — гэта новая, паўсюдная культура. Я аднойчы на працягу месяца была ў чатырох краінах: у Францыі паліцэйскія кідаліся да кожнага пакета ў мэтро, у Гішпаніі якраз былі выбухі здарыліся, у Маскве ў мяне 10 разоў праверылі пашпарт... Вось гэтая культура страху, у якой мы жывем, яна ахапіла ўвесь сьвет, і пра страх гавораць больш, чым пра любоў. І безумоўна ў чарнобыльскай кнізе ёсьць гэтае супрацьстаяньне: да чаго ідзе прагрэс, што прагрэс — гэта форма новай вайны, — усе ваююць з прыродай і ў выніку гінуць...
Дзень добры. Вашыя кнігі нясуць у сабе боль чалавека. Вы яго прапускаеце празь сябе. Што Вам дапамагае у гэтым: унутраныя рэсурсы, вера, упэўненасьць у тым што гэта неабходна людзям? Што людзі павінны зразумець, для чаго невыносны боль Вашых кніг? Дзякуй.
Алексіевіч: Ведаеце, у нашай сям’і была такая трагедыя — калі памерла мая сястра. Ёй было 35 гадоў, яна вельмі хутка згарэла, за чатыры месяцы ад страшнай формы раку. І я тады ўсутыч сутыкнулася зь лекарамі-анколягамі. І пасьля таго, што я бачыла (я практычна не сыходзіла з гэтага шпіталю), калі, напрыклад, прывозяць дзіця, яму робяць апэрацыю, але ў яго няма шанцаў, і я памятаю дактароў, прафэсара Кацярыну Вішнеўскую, Галіну Канстанцінаўну Тагрунскую, — ніколі я цяпер не скажу, што мы, пісьменьнікі, больш за ўсіх нясем нечы боль, што мы больш за ўсіх нагружаныя гэтым цяжарам сусьвету, трагічнасьцю чалавечага існаваньня... Ніколі я сабе гэтага не дазволю, таму што калі я бачыла, як працуюць гэтыя людзі, як гэтыя лекары вяртаюцца пасьля апэрацыі, зь якімі тварамі, і як яны потым павінны казаць нешта гэтаму дзіцяці, ягоным бацькам...
Я ня думаю, што я больш перажыла і перадумала — хоць я была на вайне, перажыла суды над сваімі кнігамі, і перажыла ўсялякага кшталту пагрозы і канфлікты з уладай. Гэта ўсё ж можна ў нейкай ступені перавесьці у інтэлектуальны бок. І ў той час я б не сказала, што такія кнігі лёгка пісаць, і што гэта мне проста даецца. Зусім не.
Ну вось, напрыклад. Я ў Афганістане, вакол адны мужыкі, да мяне прыстаўлены нейкі падпалкоўнік, мы на нейкай выставе сучаснай зброі, якую яны захапілі ў маджахедаў. Зброю паказваюць заходнім карэспандэнтам, каб сказаць, што Амэрыка дапамагае маджахедам. І сапраўды, па-свойму прыгожая сучасная зброя. Якраз тады памерла мая сястра, і я думала — калі б усе гэтыя інтэлектуальныя высілкі, што пайшлі на зброю, накіраваць на выратаваньне людзей, а не на забойства — можа, мая сястра была б жывая? І вось я падыходжу да такой міны, яна як навагодняя цацка, мне кажуць, што гэта міна італьянская. Я кажу? «Як навагодняя цацка!» А афіцэр побач са мной кажа: «Калі на яе наступіць — ад чалавека застаецца паўвядра мяса». Праз дзень альбо два ён мне тэлефануе ў гатэль (гэта быў гатэль Генштабу ў Кабуле) і кажа: «Хочаце пабачыць, што ад хлопцаў засталося, якія праехалі па такой міне?» — «А што?» — «Лыжкамі з брані зграбаюць». На вуліцы сьпёка 40 градусаў. Ісьці альбо не? Але ж я выхаваная ў традыцыях расейскай культуры — ісьці да канца. «Ты павінен ісьці да канца», як казаў Алесь Адамовіч, мой настаўнік, мой любімы беларускі пісьменьнік. І я еду. І бачу ўвесь гэты жах, што, сапраўды, зграбаюць па пяску, каб хоць нешта даслаць маці разам з адзежай. І няма чаго рабіць зь сябе гераіню — я страчваю прытомнасьць, ці то ад таго, што я ўбачыла, ці то ад узрушанасьці гэтай чалавечай бессэнсоўнасьцю — што мы робім у гэтых чужых пясках? А дзе-небудзь у Разані сядзіць гэтая бабулька і ня ведае, што ўжо тут ёй зьбіраюць... Альбо сьпёка? Я ня ведаю.