Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Ты марыш пра шчасце, якога здабыць не ўдалося?
Упалі гады на зямлю, як пустое калоссе...
І што засталося? Паперы не вартыя вершы?
І вечная прага быць першым. І вера: «Я першы...»
А потым я стаяла на пляцы Старавежска, перад адноўленай ратушай, нібыта з дыснееўскага мульціка — белая, бліскучая, з новенькімі пластыкавымі вокнамі і чырвонай металачарапіцай, і Пётр Піліпавіч Калейка, былы настаўнік гісторыі, крычаў на мяне, зрываючы голас:
— Як вам не сорамна! Вы — і на баку тых, хто нявечыць адзінае, што засталося ад нашай гісторыі! Былое начальства хаця не руйнавала, гібеў паціху будынак у чаканні лепшых часоў. А Баркун ваш загадаў нават падмурак разабраць і наноў, з нейкай сінтэтыкі скласці. А тут кожны каменьчык — каштоўнасць! А можа, вам гэта падабаецца, як боўдзілам з райвыканкама? «Прыгожанька»?
Калейка тыцнуў кавенькай у напрамку вежы, туды, дзе над дзвярыма красаваўся ўсімі фарбамі Баркуноў герб.
— Ганьба! Ды за такое забіць мала! І з музея ваш гаспадар усё забраў — за капейкі... Крамы для турыстаў будуюць, рэстараны... Апошнюю капліцу ўчора знеслі. Планіроўку пляца незваротна парушылі. Дзе могілкі мо тысячу гадоў — падземны гараж... Падлеткі чарапамі ў футбол гуляюць. Людзі гінулі, каб гэты горад абараніць! А ён сам пад ногі кладзецца. Баркуны, Калыванавы... Гэтай навалачы адно трэба — грошы зарабіць. Баркуноў у гэтым горадзе ніхто добрым словам не згадае. Дзед гэтага вашага багацея Аркадзя паспеў яшчэ да вайны ворагаў народу навыкрываць. Дырэктар школы, сумленнік, беларус шчыры, з-за яго ў Сібіры згінуў. А цяпер унучок сваіх дабротаў Старавежску дадаў, хай Бог яму на тым свеце даруе. Не хачу з вамі больш размаўляць! Самі шукайце звестак для лжывых артыкулаў.
І пакульгаў у сваім доўгім шэрым паліто, у капелюшы з абвіслымі брыламі, рассякаючы вільготнае паветра, нібыта патрапаны ў бурах, але ўсё яшчэ ваяўнічы карабель...
— Мы проста робім сваю працу,— пераконваў мяне і сябе прыгнечаны Юрась, пакуль мы вярталіся назад у маёнтак.— Аркадзь, вядома, учыніў сапраўднае барбарства. Калі б я ведаў, умяшаўся б... А я ўпёрся ў свае справы. Ведаю, не апраўданне... Але... я ж як у акварыуме жыву, прапускаю праз сябе ўсё тую ж ваду, у якой меней і меней кіслароду. Аркадзь запэўніваў, што будоўлю выдатныя замежныя спецыялісты вядуць. Я веру, ён лічыў, што робіцца як найлепей.
Я моўчкі глядзела, як за акном машыны мільгаюць голыя дрэвы, нібыта пакараныя грэшнікі. А я ж думала, што за святую справу ўзялася... Што Аркадзь сапраўды гораду дапамог... Як жа цяпер быць? Артыкул перапісваць? Ад працы адмовіцца? Ну... можа, не так усё страшна, як дзед на плошчы крычаў? Усё-ткі... турыстычны бізнес... Пабагацее мястэчка... Я сама сабой пагарджала за баязлівыя думкі і спробу схавацца ад патрэбы прымаць непрыемныя рашэнні. Адвыкла я ад такога максімалізму. Вось Калейка і ягоныя аднадумцы — захавалі былую зацятасць... А можа, да смерці Аркадзя і датычныя тыя, хто лічыў ягонае абыходжанне з гісторыяй злачынствам?
— Чытаў я адзін беларускі дэтэктыў, у якім забіваюць вучонага за тое, што меў намер напісаць кнігу з выкрыццём народнай беларускай міфалогіі,— змрочна азваўся на маю гіпотэзу Юрась.— Але ў жыцці забіваюць з-за таго, што скраў бутэльку гарэлкі, падрапаў аўто, не пазычыў грошы... А вось з-за разбуранай вежы ці знішчанага кургана — нават пысу не наб’юць.
А ў былым уладанні Людвісараў Стэла, такая чужародная ў чорным строі на фоне лагодна-ружовых сценаў калідора, зусім не падобная на тую вытанчаную кабету, з якой я размаўляла за сняданкам, і на гарэзную мастачку з гасцёўні перад эркерным акном, чагосьці лаялася на Янчына. І Віталь, пачырванеўшы, спрабаваў схавацца за дзвярыма свайго пакоя.
— Ты ж быў яго сябруком! Ты ведаеш, што мне трэба!
І Юрась зноў кінуўся супакойваць, угаворваць, пакутваць... А я зноў глядзела ў акно, на голыя дрэвы і кволы снег, і хацелася неадкладна з’ехаць. Схавацца, адасобіцца, каб нічога не бачыць і не чуць... Што я тут раблю? Навошта сюды прыехала?