З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
* * *
Здаравенныя, наедзеныя зады, доўгія размашыстаквяцістыя спадніцы i безаглядна, гучна-вясёлая гамана цыганак у сталічным тралейбусе. А яшчэ ж i няўрымсліва-шчабятлівая чарнамазая малеча. I ўвайшлі ўсім гамузам на прыпынку, i выйшлі потым, на прывакзальнай плошчы, з тым самым бесклапотным гоманам.
А наша сухая, паджарыста-загарэлая вясковая цётка, стоячы побач са мной каля вагоннага акна, уздыхнула:
— Во як! А нам толькі ведай — пашы ды пашы!..
I слова не сваё пра ворыва — цяжкую ды бясконцую працу.
* * *
Яна вельмі баялася паміраць, адчувала набліжэнне канца ў няўмольнай хваробе. Прыгожая ў сваёй бялявай статнасці, амаль дзявочай пасля двойкі дзяцей, i, як дзіця, гатовая вось-вось расплакацца. Расказвае мне пра свой страх, а я i сёння, ужо больш чым праз дваццаць гадоў, не магу прыдумаць, а што тут сказаць?..
У надвячэрне-сонечным парку нас было тады некалькі добра знаёмых жонак i мужыкоў, i неяк атрымалася, што мы з ёю апынуліся, ішлі ззаду за ўсімі адны. I яна пачала пра сваё...
Прадчуванні яе збыліся. Я не быў у горадзе, калі яе хавалі, пачуў пра гэта пазней. Дружба мая з яе мужам працягвалася, бо й не магло быць інакш, прычыны для нейкай рэўнасці ніколі не было, хоць у той паркавы адвячорак мы з ёю далучыліся да кампаніі тады, калі яна яшчэ не выйшла з суму, блізкага да плачу...
Ды вось не стала i яго. Я зноў жа не быў, не мог быць на развітанні. Гляджу на ягонае фота ў некралогу ды ўспамінаю i яе...
* * *
Жахлівыя кадры з разгромленага Грознага. Бездапаможная старасць i маленства, пахаванні i перазахаванні, слёзы i адно, галоўнае пытанне: «Навошта?!»
Муж катуе жонку, бацька здзекуецца з дзяцей, дзеці з бацькоў, брат ідзе на брата... I гэта — ix «сямейная», «унутраная» справа?! Такая ж логіка i ў крывава-вогненным вырашэнні лёсаў міжнародных...
Адчуў гэта ўчора позна вечарам, гледзячы i паглядзеўшы тэлеперадачу «Чачэнскі дзённік». Толькі пэўная аб'ектыўнасць грозненскіх кадраў, праз адчайны крык ды гвалт натоўпу розных узростаў падтэкстава гаворыць штосьці агульналюдское, чалавечнае...
* * *
Калісьці недзе чытаў, як на Сахаліне саўгасны бык i акіянскі васьміног доўга змагаліся на беразе, цягалі адзін аднаго то з вады, то ў ваду... Там хоць нова гэта было, незвычайна. А кожны вечар слухаць пра цяганіну з Чачнёй — Божа мой, як гэта сумна, цяжка!.. Асабліва калі на тэлеэкране чарнявая руская красуня дыктарка, якой толькі б радавацца i радаваць каханнем ды мацярынствам, а яна ўсё лічыць ды лічыць з вечара ў вечар мілым дзявочым голаеам забітых i параненых, паўтарае ды паўтарае афіцыйна аднабокую «праўду»...
* * *
Калі маўчанне — золата, дык замоўчваць недахопы блізкіх нават i проста выгадна: не патрацішся дарма найдаражэйшым.
* * *
У мностве старых часопісаў «Крестьянка», прывезеных сюды ўжо... зноў некалькі гадоў таму назад, знойдзена ў нумары за сакавік 199З года высакароднае апавяданне Булата Акуджавы «Девушка моей мечты». Не пра каханне — пра вяртанне яго мамы з казахстанскай ссылкі. Прачытаўшы раненька, перад выхадам у пасёлак па малако, адчуў малітвенначысты настрой. Потым, вярнуўшыся, зірнуў, які тыраж — каля трох мільёнаў. Колькі людзей усхвалявала гэтая рэч, колькі ix адчула ўдзячнасць, пакуль таксама параіць твор камусьці блізкаму, як мне параіла дачка!.. I як гэта добра — такая знаходка поблізу, на гарышчы!..
* * *
Сон. Даў згоду быць намеснікам Лынькова, старшыні Саюза пісьменнікаў адразу пасля вайны. А потым, дома, ніяк не мог заснуць — усё думаў, як жа ад гэтага прыстойна выкруціцца?.. Прыдумваў, прадумваў розныя варыянты, i ніводзін з ix не падыходзіў. Ажно прачнуўся ад такога прыкрага тупіка. Разабраўшыся, што гэта быў толькі сон, рады, сказаў сам сабе: «Спі далей, намеснікам ужо не будзеш». I неўзабаве зноў заснуў.
* * *
Вясковае, народнае: «разбрыджаная баба», «разбрыджаная дзеўка»
A такія нават i кнігі пішуць. Таксама разбрыджаныя. Сам чытаў.
* * *
У партызанах сядло мне рабіў у наднёманскай Вобрыне знаёмы майго старэйшага брата, Коля Марцюкоў. Гэта не прозвішча i не мянушка, а так «павулічнаму». I толькі нядаўна пачуў ад аднаго вобрынца, што гэта ў Колі дзед быў Марцін, а змалку, ласкавей — Марцюк, так яно i пайшло ад дзеда да дзяцей, унукаў, праўнукаў — да сённяшніх дзён Марцюковы.
Майстар ён быў, Мікалай, i сядло рабіў не мне першаму, не мне апошняму. I гэга без нейкай пахвальбы ці, тым больш, пахвалы або ўзнагароды за ўдзел у народным змаганні.