Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 100
Перейти на страницу:

— Да Палямона, кажаш? А я — сын маркітанткі! Нарадзіўся на полі бою, хрышчаны пад кулямі. Дваранства заслужыў шабляй. Ёсць у мяне і баронства — ад караля Густава, і шчэ пару ардэнкоў, якія ўмацоўваюць маю шляхецкую годнасць як сталёвае лязо, і нават замак у Сілезіі, дзе мяне гадоў сем чакаюць вернападданыя нявесты на права першай ночы. Герб мне намалявалі з грыфонамі. Але мне на гэта на…ць.

Лёднік адабральна хмыкнуў, і Пранцысь пакрыўджана адыйшоўся ад гэтых хамаў, якія не разумеюць высакародных гутарак.

Знізу падымаўся сівы туман, нібыта збіраўся штурмаваць Лысую гару. Цяпер можна было не баяцца, што іх вогнішча заўважаць. Лёднік ляжаў ніцма, нерухома, і гэта было дрэнна. Добра хоць, не на зямлі — на дошках, прыкрытых сенам. Яшчэ ў будане знаходзіўся вузкі стол, упрыгожаны двума старымі глінянымі місамі з прэлым лісцем і здохлымі мухамі, і рэшткі ад лаўкі. Па другі бок стала на мокрым сене ляжаў, падклаўшы пад галаву руку, Ватман.

Пранціш прысеў побач з Лёднікам.

— Доктар, табе лепей бліжэй да вагню. Непадалёк расце дуб, можна кары надраць… Ад запалення скуры заварыць. І галінкі асіны можна ўзяць… З хінінам… Ад гарачкі…

— Вывучыў, шкаляр, залічана, — Лёднік з цяжкасцю прысеў. — Давай, нясі… Яшчэ знайдзі смалы-жывіцы. І во-ось тых чырвоных ягадаў нарві. Усім прыдасца ад магчымай застуды.

Ватман пагардліва выгукнуў:

— Цывільныя! Жаўнер у снезе начуе і не застуджаецца.

— Яшчэ як застуджаецца, шаноўны, і колькі я ў такіх герояў у Прусіі ды Чэхіі адрэзаў адмарожаных рук ды ног — на воз не змясціліся б. Пілаваў і пілаваў, — не змаўчаў Лёднік.

Найміт ашчэрыўся, як звер:

— От я б зараз не адмовіўся ад добрага кавалка мяса.

Зрабіў застрашлівую паўзу, і дадаў супакаяльна-насмешна:

— Не, не чалавечага.

Зарагатаў, а потым ціха завёў прыемным хрыплаватым голасам мілую песню пра дзяўчыну, якая чакала з вайны свайго каханага, чакала, а той вярнуўся ў выглядзе прывіда і завёз яе з сабой у цёмную сырую магілу.

— Ой, ці не страшна табе са мной? — Ой, мне не страшна, мой герой! — А косткі мае не надта грымяць? — За пацалункам іх не чуваць! — А хутка і вусны мае згніюць! — А зубы ж не хутка выпадуць!

Спіна Лёдніка, які зноў ляжаў ніцма, пачала трэсціся, як быццам ад ліхаманкі. Ён перавярнуўся і, не хаваючыся, зарагатаў, а потым пачаў падпяваць чорна-вясёламу Герману:

— А што, калі ўсё разваліцца? — Тады з костак булён зварыцца!

І Вырвіч зразумеў, што ўсё будзе добра.

А калі туман амаль дапоўз даверху, з ягонай прывіднай глыбіні пачуўся свіст. Уцекачы з’ехалі з гары, і да іх далучыліся пяцёра вершнікаў, у якіх знайшлася для вымачаных у селядцовым расоле новая вопратка. Атрымалі згаладалыя мужчыны і прыпасы ў дарогу. Пранціш проста седзячы ў сядле ўпіўся зубамі ў кавалак вяндліны.

— Рушылі! — скамандваў Ватман.

— Куды? — спытаўся, жуючы, Пранціш.

— У Менск, у кляштар бернардзінак!

І сэрца шкаляра забілася мацней: да Паланэйкі!

А Лёднік упарта закінуў галаву:

— Я нікуды не паеду без адной асобы!

Вершнік, невысокі, стройны, наблізіўся да яго ўшчыльную, прыўзняў белы твар з вялікімі вачыма і прамовіў няроўным ад радаснага хвалявання голасам:

— Думаю, гэта не праблема, мой бедны Фауст!

Раздзел адзінаццаты

ЯК ПРАНЦЫСЬ У ЖАНОЧЫМ МАНАСТЫРЫ ЖЫЎ

Гэтае лета было ў слаўным горадзе Менску не самым спакойным. Пане Каханку ўсю столь у зале Трыбуналу ў ратушы расстраляў, на рэшата. Потым ягоны амарат пан Міхал Валадковіч горад на вушы паставіў, праходу панам радцам не даваў.

Усе чакалі сечы, а любая шляхецкая звада адбівалася на месцічах самым сумным чынам. Трыбунальскі віцэ-маршалак Марыконі пакляўся, што прымусіць Валадковіча адказваць па законе за ўсе бясчынствы. А які закон можа быць для пана, без якога ўсемагутны Пане Каханку кроку ступіць не можа, у лоб цалуе і братам называе? Нясвіжскі ксёндз Аблачынскі, якога ледзь не святым парафіяне лічаць, вунь паспрабаваў быў у Марыінскім саборы буяша прысароміць, дык той яму праз тыдзень імшу сарваў. Прывёў на плошчу музыкаў, цыганоў з мядзведзямі і малпамі ды бочку віна выкаціў. Асабліва радаваліся навучэнцы езуіцкага калегіюму. Пранцішу тады ўдалося пабыць у натоўпе, скарыстацца з выбітнога відовішча і дармовага віна. Тады ён шчыра зайздросціў зуху Валадковічу і марыў стаць падобным да яго. Захацеў каму бізуноў даць — даў, захацеў пекную кабету памацаць — хай ейны муж церпіць… Сёння, успамінаючы шалёныя вочы Валадковіча і ягоны чырвоны, спіты твар — хаця пан быў яшчэ малады — Пранцысь не быў упэўнены, што гэта ягоны ідэал.

1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)