Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Едзем, і я аб ім думаю, так ужо хочацца пабачыць сыночка. За гэтыя тры нядзелі столькі пошты! Назаўтра бяруся за парадкі. Столькі прыгожых рэчаў мне купіў муж, калі мы ад’язджалі: новы нэсэсэр, туфелькі адныя, другія, шорты. Усе гэта складаю на месца. Выціраю сцены, вытрасаю дываны, драткую паркет, мыю, шарую, прасую цэлы дзень, да чацвёртай гадзіны ўначы, каб ужо ўсё гэта кончыць. Праца адганяе трывогу.
Назаўтра доўга спімо, мужу яшчэ цераз дзень на працу. На падлогу падае пошта, бягу, бяру лісты, і сярод іх адзін, гляджу, з Польшчы, ад мае сястроначкі Люсі. Заміраю: чаму ж не ад мамы, баюся адкрыць ліста... Божа мой, даю яго мужу... Муж адчыняе ліста, чытае, маўчыць, збялеў нейк... Божа мой, мама памерла ў 45-м годзе з голаду ў Казахстане, тата загінуў у гродзенскай турме[163], Расціслаў загінуў у арміі Касцюшкі ў 45-м годзе 28 красавіка, Аркадзій загінуў у 44-м годзе 27 ліпеня ў арміі Андэрса ў Італіі... Ногі мае з ваты, і свет кружыцца, кружыцца... Праўда гэта? Праўда гэта? Ці не замнога столькі на чалавека за раз? О, мама... О, Славачка, няўжо й ты наважыўся мяне пакінуць, браціку мой... Аркадзічак, тата... Гэта няпраўда, няпраўда, няпраўда... Бяда мне, бяда, як перажыць мне й пашто жыць?.. Божа мой, барані дзіця маё адзінае, ратуй майго мужа... Юрачка, сыночак мой, як табе, Юра? Я, здаецца, згубіла розум, білася аб падлогу галавою, грызла зямлю. Сапраўды, я, здаецца, здурэла.
Толькі цераз пару дзён пайшла старацца, каб мне дазволілі паслаць пасылку ў Польшчу, апрануць няшчасных, Люсі паслаць лекі, бо хварэла на бруцэлёз, якім заразілася ад гавец у Казахстане...
Трэба было паехаць і паглядзець, ці жывы Юра? Ноччу мне прыснілася, каб не наракала, што можа быць яшчэ горай, яшчэ страшней. Смерць і гора абступілі мяне з усіх бакоў, надыходзіў нейкі абсалютны канец, трагічнае завяршэнне цярпення. Што ж, у гэты час муж мой меў ненармальную жонку. Здаецца, ніхто з людзей не меў такога жудаснага болю, як я... Сёстрам я ўсё паслала сваё, і людзі мне памагалі. Адзела іх усіх, пааддавала ўсё, што мела. Люсенька была шчаслівай. Памаглі ім і мае сябры ў Польшчы, далі ім кватэру ў Вроцлаве, далі працу. Цяпер яны маглі жыць.
Толькі я стала горам для сваёй сям’і, уся душа мая была з мёртвымі. Удома быў толькі мой цень. На імшу я дала па іх у касцёл, і каталіцкі ксёндз маліўся па іх. Яшчэ сцерва папярэдзіла мяне, што пражскія святары, якія засталіся, цяпер агенты іхнія і ўсе даносяць... Не ведаю, ці гэта было праўдаю, але мне рабілася страшна нават ад пачутага расейскага слова.
А сёстры жылі, ачунялі. Што толькі магла, я ім слала — і прыгожую ябланецкую біжутэрыю, і лекі, і новае, і крыху ношанае, і гэтым жыла. Жаль мне было часам мужа, бо са мною ўжо не было ніякай гутаркі, як з дурнем. Настаўлю фатаграфіяў памершых і ўглядаюся.
А на працы ў мужа пачало не ладзіцца, пачалі яго змушаць уступіць у партыю, але ён сказаў ім, што лекар і ксёндз не смеюць быць партыйнымі. Партыяў чатыры, а яны для ўсіх. Пачалі памалу капацца пад намі ўсюды, і спакою ўжо ў нас не было.
Аднойчы прыйшоў ліст, на якім было толькі напісана: «Доктар Іван Геніюш у Празе». Шукалі нас доўга, але знайшлі. Ліст быў ад брата Аляксея. Ліст быў прыблізна такі: дарагі швагер, дзе мая сястра й дзе наш Юра? Пачалася перапіска. Паляцела трагічная вестка й да яго. Ён быў у Англіі, прыгожы, рослы, з крыжамі заслугі, але без раненняў выйшаўшы з вайны. Аркадзі сканаў у яго на руках і пахаваны ў Ларэта ў Італіі, у братняй магіле з палякамі, з якімі й ваяваў.
Брату хацелася памагчы мне, пасылаў, што мог, найболей ангельскія цыгарэты, бо іх усё было мала. Аднойчы прыслаў мне й залаты крыжык у папяросах цудоўнай мастацкай работы. Я не расставалася з ім, аж здзерлі мне яго разам з абручальным персценем і гадзіннічкам у савецкай турме й болей іх мне не вярнулі...
Я крыху супакойвалася. Нас наведаў брата прыяцель, англічанін Сыднэй Алард. Вельмі цікавіўся нашай сям’ёй. Бываў у нас, што вельмі не падабалася нашаму наваколлю, і мы проста самохаць ішлі да нейкае згубы, не хочучы ніяк пакарыцца хмарнай рэчаістасці. Жылі трудна, але жылі, як хацелі, жылі, як сапраўдныя людзі, не крывячы сваім сумленнем і не прадаючы яго ні дорага, ні танна, бо на чалавечае сумленне цаны няма! Такое не прадаецца, і няхай мне ніхто не кажа, што нельга ўстояць!!! Няма сумлення — няма і чалавека! Касцяк людскі — гэта людское сумленне.
Нас пачалі падганяць, каб мы бралі грамадзянства. Муж хацеў чэшскае, аж пішчаў. Вельмі гнаны чужынец, праз усё жыццё ён хоць раз хацеў быць грамадзянінам дзяржавы. А Сыд Алард таксама пытаўся ў мяне: «Хто бароніць людзей без грамадзянства?» Я кажу яму: «Бог!» — «А англійскіх грамадзян бароніць Бог і кароль»,— мудра адказаў Сыд... Жаль, я не зразумела тады як належыць разумных слоў братняга друга, дый ён мог бы сказаць мне гэта хоць яшчэ адзін раз, і жыццё нашае было б лягчэйшым...
163
Тата загінуў у гродзенскай турме...– бацька паэткі Антон Міклашэвіч быў асуджаны на пяць гадоў лагеру і вывезены на ўсход Расіі.