БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Побач з Багушэвічам і ў такім самым духу зьявіліся і працавалі на беларускай літаратурнай ніве Ян Няслухоўскі (Лучына) (1851 — 1897), зборнік беларускіх вершаў якога — «Вязанка» — удалося выдаць куды пазьней. I то пад выглядам баўгарскага; Адам Гурыновіч (1869—1894) і Аляксандар Ельскі (1834—1916), якому, наўсуперак забароне 1867 г., удалося выдаць пабеларуску колькі папулярных кніжачак для сялян, як прыкладам: «Аб перасяленьні», «Аб п'янсьцьве» і г. д. Ён жа, між іншага, зноў пераклаў у беларускую мову і выдаў за мяжою ў Львове ў 1882 г. «Пана Тадэўша» A. Міцкевіча.
У гэтым менш-больш часе, хоць было забаронена друкаваць пабеларуску, усё-ткі пісалі і распаўсюджвалі свае творы ў рукапісах Ялеш Франціш Вуль, Ю. Ляскоўскі, Н. Караткевіч, Фэлікс Тапчэўскі з Віцебску, Альгерд Абуховіч з Слуцку, Ананас КІсель з Магілева, Ян Шэмет-Палачанскі і другія. Багата пісаў на розныя беларускія тэмы, але парасейску і папольску, ведамы публіцысты А. Кіркор.
У канцы XIX і пазьней на пачатку XX ст. шырокую дзейнасьць на беларускай ніве праводзіў Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) — паэт, пісьменьнік, маляр і дзеяч. Ён, пазнаўшы добра беларускую мінуўшчыну і бачачы несправядлівыя дачыненьні расейскае ўлады,а таксама абшарнікаў, усьведамляў беларускі народ як у сэнсе нацыянальным, так і сацыяльным. Як паэт Карусь Каганец апяваў славу свайго народу ў вершах, апавяданьнях і сцэнічных творах на гістарычныя тэмы («Сын Даніла»). Пры тым зьбіраў ён беларускія народныя творы, песьні, казкі і апрацоўваў іх. Адмоўныя бакі жыцьця ў нашым краі прадстаўляў у розных камэдыях, прыкладам «Модны Шляхцюк». Кастравіцкі быў здольным мастаком-маляром і рабіў розныя рысункі і малюнкі з беларускае прыроды ды з беларускага жыцьця. Забоціўся Кастравіцкі і пра асьвету беларускага народу. У сувязі з гэтым ён апрацоўваў беларускую граматыку і лемантар. Каганец, між іншага, напісаў прамову, падобную крыху да Багушэвічавае прадмовы да «Беларускае Дудкі», але больш шырокую і больш баёвую ў сэнсе нацыянальным. У прамове гэтай Каганец заклікае беларусаў шанаваць ня толькі беларускую мову, як гэта рабіў Багушэвіч, але звычаі, песьні, вопратку, прыпамінаючы адначасна, што прыгожая нашая краіна Беларусь мела сваіх слаўных і вялікіх людзей: вучоных, ваяводаў, гэтманаў, якія ня раз нават грэкамі і рымлянамі трэсьлі. Творы Каганца спачатку распаўсюджваліся ў рукапісах,а пазьней друкаваліся ў розных беларускіх газэтах і то не ўсе. Частка іх зусім бязьследна загінула.
Наўсуперак цяжкім абставінам і забаронам, накіраваным супроць беларусаў і беларускага руху ў канцы XIX ст., зьяўляліся ўсё-ж друкам дробныя вершаваныя ананімныя беларускія творы, а нават і большая кніжачка «Dziadzka Anton abo hutarka ab usim cysta sto balic, a camu balic — nia wiedaim?..». Ha вокладцы гэтае кніжкі надрукавана: «Wilno. U drukarni Marii Krasouskaj. 1892 г.» Кніжачка гэтая была вельмі папулярнай.
На навуковай ніве пад канец XIX стагодзьдзя зьявіліся такія вучоныя, як прафэсар Карскі, які напісаў і выдаў капітальную колькітамовую працу «Беларусы», з якое пазнавала сваю беларускую мову і літаратуру ўся беларуская інтэлігенцыя; прафэсар Кіеўскага Унівэрсытэту, ведамы гісторык-беларус М. Доўнар-Запольскі, прафэсары: Любаўскі, Пічэта, Браніслаў Эпімах-Шыпіла і другія.
Беларускія культурнікі ўсялякімі спосабамі стараліся як-небудзь зарганізавацца і залегалізавацца. Удалося ім гэта зрабіць у 1886 годзе пры рэдакцыі расейскае менскае газэты «Минский листок», дзе паўстаў гурток культурнікаў-інтэлігентаў, сябрамі якога былі: вучоны-гісторык М. Доўнар-Запольскі, паэта Я. Няслухоўскі, Завітневіч, Ляцкі, інж. Слупскі, архэолёг Татур Г., этнограф Дзямідовіч і інш. Яны арганізавана ўзяліся за дасьледную працу над беларускай гісторыяй, архэалёгіяй, этнаграфіяй і свае творы спачатку друкавалі ў «Минским листку», а пасьля ў выдаваных імі «Северо-Западных Календарох». Календароў гэтых удалося ім выдаць, наўсуперак цяжкім цэнзурным абставінам, аж 6, за 1888—1893 гады. Друкаваліся яны парасейску, але часамі праходзілі там і беларускія вершы Няслухоўскага. Расейцы, бачачы, што календары спэцыяльна разьвіваюць беларускае пытаньне, абставілі ўсё так, што пасьля 1893 г. календары ўжо не маглі зьяўляцца.