БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Сярод студэнтаў у Петраградзе знаходзілася крыху моладзі І з Беларусі. Там між іншымі быў і студыяваў права Кастусь Каліноўскі (1838—1864), сын беднага шляхціца -ткача з-пад Сьвіслачы, Ваўкавыскага павету, а таксама сын беднага шляхціца з-пад Ашмяны Францішак Багушэвіч (1840—1900). Абодва яны захопляваліся вызваленскімі сацыяльнымі і рэвалюцыйнымі ідэямі. Асабліва, аднак, дзейным быў Кастусь Каліноўскі. Ён у 1860 г., скончыўшы унівэрсытэт, горача ўзяўся за працу на роднай беларускай ніве. Апрануўшы вясковую саматканую сьвітку, Каліноўскі вандраваў па роднай Горадзеншчыне ад вёсю да вёскі, будзіў народ, усьведамляў яго ў патрэбе змаганьня з царызмам і панамі, якія няволілі сялянства і ўвесь беларускі край. Ён заклікаў да працы над адраджэньнем беларускае культуры і беларускага гаспадарства. Каб праца гэтая ішла хутчэй, у 1862 г. Каліноўскі наладзіў у Беластоку нелегальную друкарню і задумаў выдаваць нелегальны беларускі часапіс «Мужыцкую Праўду», а таксама розныя адозвы.
Ня лёгкая з гэтым была справа, аднак Каліноўскі ўсё перамог і ўжо ў ліпені месяцы 1862 году ўстрывожаныя царскія агенты паведамлялі сваіх кіраўнікоў, што сярод сялянства расходзіцца нелегальная беларуская газэта «Мужыцкая Праўда», друкаваная лацінкаю ў нейкай патаёмнай друкарні.
Устрывожаньне расейцаў было зусім зразумелым, бо Кастусь Каліноўскі ў «Мужыцкай Праўдзе» ня толькі адкрыта гаварыў пра ўсе крыўды, што дзеіліся беларускаму сялянству, але адначасна заклікаў усіх да адкрытага змаганьня і паўстаньня супроць расейскага цара і супроць польскіх паноў, што панявольвалі Беларусь. Ён заклікаў да змаганьня, каб пазбыцца расейскага цара, паноў і паншчыны, каб здабыць для сялян зямлю на собскасьць, не плаціць вялікіх і крыўдных падаткаў, служыць у краёвым войску і ваяваць толькі за волю свайго краю, калі хто на яго нападзе, мець свабоду трымацца тае веры, якое трымаліся прадзеды народу і быць вольнымі людзьмі, як гэта было ўжо ў шмат якіх гаспадарствах Эўропы.
Кастусь Каліноўскі пад мянушкай «Яська Гаспадар з-пад Вільні» ў сваёй «Мужыцкай Праўдзе», між іншым, пісаў: «О, загрыміць наша праўда і, як маланка, праляціць па сьвеце... Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны ня вольнасьці, а глуму і зьдзірства нашага хочуць... Ну ня доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і волю...» («Мужыцкая Праўда», № 1)... «Каб народ наш на век векаў быў вольны і шчасьлівы» («Мужыцкая Праўда», № 2).
«Дзяцюкі! — пісаў Каліноўскі.— Жывучы пад жондам маскоўскім, кажны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, але мала хто добра падумаў, ці можна ад яго спадзявацца чаго-небудзь для нас або дзяцей нашых. Я, дзяцюкі, лепш знаючы ад вас, уздумаў напісаць пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як прачытаеце, давайце да другой вёскі. Чалавек такую мае натуру, што калі даведаецца, то хоча зразумеці добра і дастаці ўсяго, што яму належыць. Гэта вялікая праўда. От яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а ці сягоньня гэтак скажуць, калі ўжо ведаюць многа і многа хочуць. Сягоньня ўсе ўжо паразумнелі, усе ўжо мужыкі талкуюць, што Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з вольнасьці справядлівай, і сьмяюцца, як маглі інакш думаць. Мы сягоньня ўжо ведаем, што чалавек вольны тады, калі мае кавалак свае зямлі, за каторую ані чыншу і аброку ня плаціць, ані паншчыны ня служыць... Нам вольнасьці трэба не такой, якую нам цар схоча даці, ну якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробіма... Няма чаго чакаць ад нікога, бо ўжне толькі той, хто пасее. Так сейце ж, дзяцюкі, поўнаю рукою, не шкадуйце працы,каб мужык быў чалавекам вольным, як на цалюськім сьвеце» («Мужыцкая Праўда», № 3); «У нас адно вучаць па школах, каб ты знаў чытаці памаскоўску, а то для таго, каб цябе са ўсім перарабілі на маскаля» («Мужыцкая Праўда», № 4); «Станьма ж дружна разам за нашую вольнасьць... А будзе ў нас вольнасьць, якое ня было нашым дзядом і бацьком» («Мужыцкая Праўда», № 7).
З гэтых кароткіх цытатаў з «Мужыцкае Праўды» відаць, як запраўды шырака і глыбака разумеў і ставіў беларускую нацыянальную справу Кастусь Каліноўскі і якое вялікае значэнне мае «Мужыцкая Праўда» ў беларускім адраджэнскім руху.
Тады, калі Каліноўскі разгортваў шырокую дзейнасьць у Гарадзеншчьше, выступаючы пад рознымі мянушкамі, як Яська Гаспадар з-пад Вільні, Васіль Сьвітка, Макарэвіч і Чарнэцкі, у Вільні тварыліся ўжо паўстанцкія арганізацыі. На чале іх стаялі: Старжынскі, Зьвірждоўскі, Агрызка, Пшыбыльскі, Длускі, Аскерка, Далеўскі, Малахоўскі„ Вярыга і др.