БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Дзейнасьць беларускіх адраджэнцаў не абмяжоўвалася на працы ў краі, але расьцягвалася і за межы. Так, прыкладам, прадстаўнікі Беларускае Сацыялістычнае Грамады бралі ўдзел у зьезьдзе партыяў Расеі ў 1904 г. у Парыжы, у 1905 г. у зьезьдзе аўтанамістых-фэдэралістых у Жэнэве, а ў 1908 г. у Усеславянскім Зьезьдзе Паступовага Студэнцтва ў Празе. На зьездах гэтых беларускія дэлегаты знаёмілі ўдзельнікаў з гісторыяй Беларусі і беларускага народу, з ягонымі імкненьнямі і дамагаліся для беларусаў беларускіх школаў, магчымасьцяў для культурнага, гаспадарскага і дзяржаўнага разьвіцьця.
Наагул, беларускі адраджэнскі рух у гэтак званую нашаніўскую пару (1906—1915) разьвіваўся хутка і ўсебакова. За гэны час вырасла цэлая плеяда беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў-гісторыкаў, філёлёгаў, літаратураведаў, географаў, кадры беларускага духавенства, кадры беларускіх настаўнікаў і іншых культурных і грамадзкіх працаўнікоў, якія сьведама і цьвёрда вялі сваю работу ў кірунку адраджэньня Беларусі.
Расейская чорная сотня старалася зьбіць гэтую работу з правільнага шляху, і з гэтай мэтай у Вільні выдаваліся газэты парасейску «Крестьянин», «Белорусская Жизнь», а пасьля «Северо-Западная Жизнь», але яны ня мелі ніякіх удачаў. Беларускі адраджэнскі рух глыбака пушчаў карэньне ў беларускія народныя масы. Беларускія паэты, творчасьць якіх здабывала шырокі сусьветны розгалас і высокую ацэну эўрапэйскіх знайкаў, сваймі палкімі і прарочымі словамі заклікалі да працы і змаганьня штораз большыя кадры адраджэнцаў.
XXVI
Сусьветная вайна і беларускі адраджэнскі рух.— Рэвалюцыя ў Расеі.— Усебеларускі Кангрэс.— Беларуская Рада.— Акт 25 сакавіка 1918 г.— Арганізацыя беларускага войска.— Змаганьне за рэалізацыю акту 25 сакавіка.— Бальшавіцка-польская вайна.— Слуцкае паўстаньне.— Рыскі трактат.— Падзел Беларусі.
Выбух сусьветнае вайны ў 1914 годзе,"у часе якое выступілі з аднаго боку Нямеччына і Аўстрыя, а з другога боку — Расея, Францыя і Ангельшчына з сваймі хаўрусьнікамі, перапыніў дзейнасьць беларускіх адраджэнцаў, бо ваенныя падзеі ў вялікай меры адбываліся на беларускіх землях. Ваенныя зьнішчэньні, мабілізацыя, завойстраныя ваенныя законы, уцякацтва спынілі працу беларускіх часапісаў, выдавецтваў і арганізацыяў у Вільні, Менску і іншых гарадох, але ненадоўга. Бо тады, калі ў Вільні спыніўся выхад «Нашае Нівы», дык у Пецярбурзе пачалі выдавацца новыя беларускія часапісы «Сьветач», «Дзяньніца». Выдавалі іх тыя беларусы, што там працавалі або вучыліся. Адначасна яны пачалі арганізаваць беларускіх уцекачоў.
Пасьля заняцьця немцамі ў 1915 г. Заходняе Беларусі і гораду Вільні, дзе засталася паважная група беларускіх адраджэнцаў, беларуская праца там ізноў разьвівалася. Насамперш паўстаў у Вільні «Беларускі Камітэт Помачы пацярпеўшым ад вайны», які згуртаваў каля сябе ўсіх беларусаў і ня толькі памагаў ахвярам вайны, але адначасна праводзіў беларускую нацыянальную адраджэнскую працу, арганізуючы беларускія выступленьні на палітычнай арэне і закладаючы першыя ў вадраджэнскую пару беларускія легальныя школы.
У 1915 г. з ініцыятывы беларусаў у Вільні паўстала Канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага. У склад яе ўваходзілі прадстаўнікі ад беларусаў і летувісаў, а таксама прадстаўнікі нацыянальных мяншыняў нашага краю. Канфэдэрацыя гэтая 19.XII. 1915 г. апублікавала унівэрсал, дамагаючыся, каб беларускія і летувіскія землі, што належалі даўней да Вялікага Княства Літоўскага і былі ўжо занятыя нямецкім войскам, у новых гістарычных абставінах станавілі непадзельнае цела на фундаманьце дзяржаўнасьці Беларусі і Летувы. Але думка ўзнаўленьня Вялікага Княства, відаць, аджыла свой век. Яна не знайшла шырэйшага падтрыманьня ані сярод беларусаў, ані сярод летувісаў. Летувісы проста баяліся, каб у супольным беларуска-летувіскім гаспадарсьцьве іх не заліла беларуская бальшыня, і стараліся тварыць свае гаспадарства самастойна, знаходзячы шырокае падтрыманьне з нямецкага боку. Некаторыя мясцовыя палякі заклікалі беларусаў і летувісаў да фэдэрацыі Летувы і Беларусі з Польшчай, але тым-жа самым часам вялі змаганьне з беларускім і летувіскім адраджэнскім рухам, пашыраючы палёнізацыйную акцыю. Такім парадкам, канфэдэрацыя распалася і нанова ўзнаўлялася нацыянальнае змаганьне.