БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Усе яны ведалі пра Кастуся Каліноўскага, у паглядах з ім не ўсе, аднак, згаджаліся. Бальшыня гэных людзей была за тое, каб віленскія паўстанцкія арганізацыі мелі цесную лучнасьць з Варшавай і схіляліся на бок «белых», а Каліноўскі заяўляў, што «сякера паўстанца не павінна спыняцца нават над калыскаю шляхоцкага дзіцяці» і што «такой бесталковай галаве, як Варшава, ня можна даверыць долю Беларусі». Таму сярод віленскіх правадыроў паўстаньня, калі зьявіўся туды Каліноўскі, настаў разлом. Да Каліноўскага далучыліся: капітан Зьвірждоўскі, інжынэр-паручнік Малахоўскі, Вярыга і лекар Длускі. Наколькі палякі думалі ўвесь паўстанцкі рух абапёрці на шляхце і на абшарніках, нагэтулькі Каліноўскі і ягоныя сябры ўважалі, што паўстаньне ўдасца тады толькі, калі за ім пойдзе сялянства, якому трэба аддаць усю зямлю бяз выкупу і з якога трэба было выбраць паўстанцкі апарат. Адначасна Каліноўскі пашыраў думку вуніі на рэлігійным груньце на Беларусі, хочучы з вуніі зрабіць нацыянальную беларускую рэлігію, веру, дзе была-б беларуская мова і дзе ня было-б уплыву ані польскага, ані расейскага.
Палякі ўсьцяж стараліся падпарадкаваць Каліноўскага варшаўскаму камітэту, а ён заяўляў, што беларусы самі сябе могуць кіраваць. Тады «белыя» загразілі, што калі ён з сваім Камітэтам не падпарадкуецца Варшаве, дык іхныя іменьні будуць апублікаваныя ў газэтах і такім парадкам яны будуць раскрытыя ды панясуць адказнасьць перад урадам і перад Польшчай. Каліноўскі, запратэставаўшы супроць гэтага, змушаны быў выехаць з Вільні ў Гарадзеншчыну, дзе далей праводзіў сваю дзейнасьць. Зьвірждоўскі выехаў на ўсход і праводзіў рэвалюцыйную акцыю сярод студэнтаў Горы-Горэцкага Сельскагаспадарчага Інстытуту. У Вільні зястаўся Малахоўскі, і ён у лучнасьці з Каліноўскім патаёмна праводзіў самастойную беларускую лінію. Яны далей пашыралі сваю акцыю і заклікалі змагацца з царскім урадам, а таксама думку пра тое, што трэба стварыць мужыцкую Беларусь, незалежную і ад польскага пана і ад расейскага самаўладзтва, што разам эксплёатавалі беларускага селяніна.
Каліноўскі і ягоныя сябры былі людзьмі высокаасьвечанымі, поўныя энэргіі і любасьці да свайго краю і народу, і свае акцыі ня спынілі нават тады, калі палякі ў 1863 годзе праігралі паўстаньне. Наадварот, Каліноўскі, абвесьціўшы сябе дыктатарам Беларусі, яшчэ больш узмацніў і найдаўжэй праводзіў сваю рэвалюцыйную працу. Калі-ж польскія паны, спалохаўшыся пагромшчыка паўстанцаў віленскага гэнэрал-губэрнатара Мураўёва, пачалі падпісваць лісты з «верноподданническим» адрысам да цара, дык па загадзе Каліноўскага паўстанцы зрабілі замах на арганізатара гэнага падпісваньня абшарніка Дамэйку і моцна яго парэзалі. Гэты факт страшэнна ўзбурыў расейцаў. Мураўёў асабіста пачаў кіраваць асочваньнем Каліноўскага і ягоных найбліжэйшых супрацоўнікаў. Круг дзейнасьці паўстанцаў звужаўся і ў канцы 1863 году па даносе паліцыі ўдалося арыштаваць памоцніка Каліноўскага Далеўскага, загадчыка гаспадарска-грашовае часткі паўстаньня на Беларусі Здановіча і паўстанцкага камісара Віленшчыны Дарміноўскага. Паліцыя, ведаючы, што яны былі найбліжэйшымі супрацоўнікамі Каліноўскага, старалася рознымі спосабамі вымусіць ад іх паказаньні аб месцы прабываньня Каліноўскага, але ніхто з іх свайго правадыра ня зрадзіў, хоць усім прышлося згінуць на эшафоце. Здановіча і Дарміноўскага павесілі ў сьнежні 1863 г., а Далеўскага — у студзені 1864 году.
Пасьля паліцыя натрапіла на сьляды Малахоўскага, і ён мусіў выехаць за межы. Фр. Багушэвіч, які браў таксама ўдзел у паўстаньні, быў ранены ў нагу і, каб заблытаць сьляды, выехаў на Украіну ў Нежын, дзе паступіў у Юрыдычны Ліцэй. Каліноўскі застаўся блізу што адзін, але дарма, ён і далей сьмела, энэргічна працаваў, спадзяючыся падняць працоўныя беларускія масы проці польскіх паноў і расейскага цара. Аднак расстаўленыя агенты Мураўёва дзеілі. Яны шукалі Каліноўскага ня толькі ў Вільні, але і ў Менску, і там, натрапіўшы на сьляды падпольнае беларускае арганізацыі, злавілі шляхцюка Парфіновіча. Парфіновіч ведаў, дзе знаходзіцца дыктатар і, калі паліцыя дакляравала яму падараваць жыцьцё, дык ён паказаў памешканьне Каліноўскага ў Вільні, у сьвятаянскіх мурох, дзе Каліноўскі жыў пад прозьвішчам Вітаўта Вітожэнца. Арышт Каліноўскага адбыўся 29.1.1864 г., і пасьля яго паўстаньне было канчальна зьліквідавана, а сам Каліноўскі 22.III. 1864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні. Перад сьмерцяй сваёй Каліноўскі, будучы ў вастрозе, напісаў яшчэ ліст да беларускага народу наступнага зьместу: